Дзіцячы электратраўматызм

Date 31.01.2023 Man
Comment 777
Дзіцячы электратраўматызм

На жаль, мы па сваім стэрэатыпе мыслення схільныя да таго, што дзіця ў большай ступені можа атрымаць траўму ў выніку гульні з запалкамі, катання на цюбінгу, гульняў на праезнай частцы дарогі, у час купання. А між тым здараецца яшчэ нямала выпадкаў, калі непаўналетнія трапляюць пад уздзеянне электрычнага току, атрымліваюць траўмы рознай ступені цяжкасці і нават гінуць.

Так, за апошнія 10 гадоў у рэспубліцы адзначана 59 няшчасных выпадкаў па названай прычыне, удзельнікам якіх стаў 61 чалавек. Трыццаць з іх загінулі. Статыстыка здарэнняў па гадах наступная. Так, калі ў 2018 годзе было адзначана толькі 2 падобныя няшчасныя выпадкі, у 2019-м – усяго адзін, то ў 2021 годзе іх зафіксавана 7, летась – 6.

Найбольш часта ў бяду трапляюць падлеткі 16-гадовага ўзросту (8 выпадкаў з указаных 61), а таксама ў 14 і 12 гадоў. А вось узрост 1 год, 8 і 10 гадоў азначаны як самыя бяспечныя.

Асноўнымі прычынамі трагедый з’яўляюцца гульні і цікавасць (38 выпадкаў), выпадковы дотык да няспраўнага электраабсталявання (10), затым ідуць рыбалка, заняткі гаспадаркай, прыняцце ванны або душа, паянне, ратаванне чалавека і крадзеж каляровых металаў.

Абсталяваннем, якое стала прычынай няшчаснага выпадку, найчасцей з’яўляліся трансфарматарная падстанцыя, паветраная лінія электраперадач і электраправодка. Радзей у гэтай ролі выступалі падаўжальнік, электранагравальнае абсталяванне, падстанцыі, пральныя машыны, электрашчыты, фен і г.д.

Кідаецца ў вочы і яшчэ адна асаблівасць дзіцячага электратраўматызму. Пік колькасці няшчасных здарэнняў

прыпадае на перыяд летніх канікул з чэрвеня па жнівень, што павінна прымусіць задумацца дарослых і прыняць усе неабходныя меры для таго, каб дзеці менш былі прадастаўлены самім сабе і пастаянна знаходзіліся пад наглядам.

Звернемся да саміх мінулагодніх няшчасных здарэнняў і таго, у выніку чаго яны адбыліся. Прычынай аднаго з іх стаў у час рыбалкі дотык вудачкай да правадоў высакавольтнай лініі, у выніку чаго атрымаў электратраўму 14-гадовы юнак з Ваўкавыскага раёна. А 11-гадовы падлетак з Камянецкага раёна апёк руку, узяўшыся за абарваны провад, які быў пад напружаннем. Ахвярай электрычнага току стаў і 10-гадовы жыхар Смаргонскага раёна, які датыкнуўся да аднаго з рычагоў шафы вонкавага асвятлення, устаноўленай на сцяне трансфарматарнай падстанцыі. Прыводзіць падобныя факты можна і далей. Але ўжо і з названых відаць, што пацярпелыя ў большасці сваёй ігнаравалі правілы бяспекі пры абыходжанні з электрычным токам.

Між тым, правілы абыходжання з электрычнымі прыборамі зусім нескладаныя і іх лёгка запомніць. Вось яны:

  • Нельга карыстацца выключальнікамі, штэпсельнымі разеткамі, вілкамі, кнопкамі званкоў з разбітымі крышкамі, а таксама няспраўнымі бытавымі прыборамі з пашкоджанымі, абвугленымі і перакручанымі шнурамі.
  • Нельга самім рамантаваць і разбіраць электрапрыборы.
  • Выключаючы электрапрыбор, не цягніце за шнур. Трэба ўзяцца за штэпсель і плаўна выцягнуць яго з разеткі, прытрымліваючы разетку рукой.

Памятайце, што электрычнасць не церпіць сяброўства з вадой. Для таго, каб не атрымаць удар токам, не дакранайцеся да ўключанага электрапрыбора мокрымі рукамі, не працірайце яго вільготнай анучай.

  • Ні ў якім разе нельга датыкацца да звісаемых або ляжачых на зямлі электрычных правадоў, бо яны могуць знаходзіцца пад напружаннем. Удар токам можна атрымаць і ў некалькіх метрах ад провада за кошт крокавага напружання. Нават калі да вас провад бясшкодна краналі два дзясяткі чалавек, раптам менавіта ў той момант, калі вы ўзялі яго ў рукі, хтосьці ўключыў рубільнік!
  • Смяротна небяспечна ўзлазіць на апоры высакавольтных ліній электраперадачы, гуляць пад імі, разводзіць вогнішча, разбіваць ізалятары, накідваць дрот на правады, запускаць паветраных змеяў.

Калі вы ўбачылі абарваны провад, незачыненыя або пашкоджаныя дзверы трансфарматарных будак або электрашчытоў, нічога не чапайце і неадкладна паведаміце пра гэта дарослым.

  • Ні ў якім разе нельга адчыняць лесвічныя электрашчыты ў пад’ездах дамоў, узлазіць на дахі пабудоў, паблізу якіх праходзяць электрычныя правады, заходзіць у памяшканні электрашчытавых і іншыя электратэхнічныя памяшканні, датыкацца да карпусоў электраабсталявання, аголеных правадоў і кабеля.
  • Улетку, выпраўляючыся ў паход, не спыняйцеся на адпачынак паблізу паветраных ліній электраперадачы або падстанцый, не займайцеся рыбалкай пад правадамі ЛЭП.

Паважаныя дзеці! Калі вы з-за свавольства разбіваеце крышкі выключальнікаў, званкоў, штэпсельных разетак, псуяце электраправодку, вы тым самым ажыццяўляеце ўчынак падобны злачынству, бо гэта можа прывесці да гібелі людзей.

Не рабіце неабдуманых учынкаў. Спыніце, папярэдзьце сяброў ад небяспечнай гарэзлівасці паблізу электраўстановак. Гэтым вы выратуеце жыццё сабе і свайму сябру!

Генадзь КУЗНЯЦОЎ,

начальнік Бярэзінскай РЭГІ,

Сяргей ІЗМЕР,

галоўны інжынер Бярэзінскага РЭС.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30