Дзень, калі мы сустрэліся паразмаўляць наконт матэрыялу з урачом-эндакрынолагам Наталляй Антонавай, якая зараз выконвае абавязкі загадчыцы паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ, для медперсаналу быў даволі напружаным. Тэлефонныя званкі, чарга на прыём у кабінет загадчыцы, кансультацыі, падпісванне медыцынскіх даведак, у непасвячонага ў справу чалавека ад непрывычкі можа застракацець у вачах.
- У нас кожны дзень хапае людзей і спраў. Аднак, нічога страшнага, спраўляемся, працуем зладжана і натхнёна, - запэўнівае Наталля Уладзіміраўна.
На пасадзе малады доктар выконвае абавязкі зусім нядаўна, з сярэдзіны лютага, аднак да новай работы прыкіпела душой. На пытанне на тэму, як успрымаецца новая дзейнасць, шчыра завярае, што з вялікім задавальненнем. Зразумела, пакуль усё новае, гэта не работа з пацыентамі ў кабінеце эндакрынолага, тут і адказнасці больш, і градус напругжання вышэй, шмат рознабаковых пытанняў і разнастайнай дакументацыі.
- Стараюся ва ўсё ўнікнуць і засвоіць, - усміхаецца доктар.
Дарэчы, менавіта падобныя павышэнні выглядаюць пэўнымі выпрабаваннямі на моц, нібыта прымушаюць задацца пытаннем, а ці правільна зрабіла, пажадаўшы аднойчы стаць урачом? Сумненняў тут у гераіні матэрыялу не ўзнікае, хацелася лячыць людзей з дзяцінства. Мама працуе ў стаматалогіі, тата – вадзіцель ва ўпраўленні па адукацыі спорце і турызме. Бацькі падтрымлівалі памкненні дачкі ўвесь час. Закончыла Гродцеенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, працавала ўрачом-эндакрынолагам у Бярэзінскай ЦРБ, потым пайшла ў дэкрэтны адпачынак, з якога вярнулася восенню мінулага года.
Кіраўніцкая пасада Наталлю Антонаву ні грама не пужае. Вядомая справа, жанчыны больш трапятліва і адказна да ўсяго ставяцца, тым больш да рабочых абавязкаў. У грамадстве, дзе традыцыйна галоўныя мужчыны, жанчыне неабходна на рабоце ўсё рабіць лепш за іх. Ці пужае гэта мужчын? Зусім ні кроплі, калі гаворка ідзе пра выкананне прафесійных абавязкаў.
На рабоце і дома
Дарэчы паміж работай і сям’ёй у гераіні матэрыялу маецца дакладнае раздзяленне. Загадчыца паліклінікі Наталля толькі ў ЦРБ, дома ж павінна цараваць шчасце, а значыць жанчына павінна быць на належным месцы (зразумела, на першым). Дома Наталля добрая і пяшчотная маці, клапатлівая і дбайная гаспадыня, любячая і каханая жонка. І дзеля сямейнага шчасця варта прытрымлівацца такіх правілаў.
Між іншым, муж працуе ратавальнікам у Бярэзінскім РАНС. Гадуюць дваіх дзетак – Марка і Данііла, адзін наведвае дзіцячы сад, другому ў сад пакуль рана. І кожнаму з дарагіх мужчын ў матулі і жонкі знойдуцца цеплыня і каханне. Дзецям выдзяляецца час абавязкова: прачытаць казку, пагуляцца, заняцца карыснымі справамі. Калі выдасца вольны час летам – з сям’ёй выбрацца на прыроду, або заняцца спортам на аматарскім узроўні. Вядомая справа, на 8 Сакавіка любімыя мужчыны рыхтуюць для Наталлі падарунак, які менавіта – яна яшчэ не ведае, мяркуецца, што будзе сюрпрыз.
Дарэчы, сямейныя святы заўсёды ўсе адзначаюцца разам. На 8 Сакавіка абавязкова віншаванні для мамы і бабулі. Яшчэ цікавы факт, муж і жонка гатуюць ежу дома па чарзе.
Таму, хто будзе гатаваць у сям’і на жаночае свята – сумненняў не ўзнікае, зразумела, муж.
- Калі толькі каханаму не выпадзе тэрміновае дзяжурства, - прызнаецца Наталля. Здараецца, што ратавальнікаў як і ўрачоў могуць выклікаць выконваць прафесійныя абавязкі ў любы момант. Муж і жонка Антонавы да такога абароту спраў заўсёды ставяцца з узаемапаразуменнем.
Новая пасада патрабуе дадатковай адказнасці, да якой урач-эндакрынолаг цалкам гатовая і падрыхтаваная.
- Па-першае, гэта новыя веды, шмат новага. У тым ліку вопыт у пытаннях арганізацыі і засваенні пэўных момантаў медыцынскага заканадаўства. Гэта цікава вывучаць і разбірацца. Зараз стаўлю перад сабою задачы арганізаваць работу паліклінікі так, каб пацыентам было зручна і дасціпна атрымліваць медыцынскую дапамогу, і абавязкова наладзіць прапаганду здаровага ладу жыцця. Здаровы лад жыцця – здаровае грамадства.
Мы ж у сваю чаргу віншуем Наталлю Антонаву і ўсіх жанчын Бярэзінскай ЦРБ з надыходзячым жаночым святам, жадаем ім плёну ва ўсім, і галоўнае, заставацца заўсёды прыгожымі, прыветнымі, любячымі і каханымі жанчынамі.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.