З такім намерам я ў мінулую суботу прыняла ўдзел у адпрацоўцы месцаў масавага адпачынку моладзі ў горадзе.
Спачатку інструктаж
На гадзінніку 22 гадзіны. Тэлефон у аператыўна-дзяжурнай часці міліцыі маўчыць і пануе нязвыклая цішыня. Ды толькі на другім паверсе ў гэты час ужо шумна. У актавай зале сабраліся ўчастковыя інспектары міліцыі, супрацоўні-кі аддзела пашпартна-візавай службы, інспекцыі па справах непаўналетніх і, вядома, дарожна-патрульнай службы.
– Сёння мы працуем выключна ў горадзе, – ставіць задачу намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік міліцыі Павел Шышкевіч, – пад нашым асаблівым кантролем будзе маладзёжны цэнтр, дзе праходзіць дыскатэка, і тэрыторыя АЗС у раёне аўтавакзала, дзе да глыбокай раніцы тусуецца моладзь. Трэба максімальна забяспечыць спакой адпачываючых і не дапусціць супраць-праўных дзеянняў.
Да кожнага заяўніка
Пасля размеркавання па групах, выдачы зброі і спецсродкаў супрацоўнікі на некалькіх міліцэйскіх машынах выязджаюць з аддзела. Праўда, яшчэ не на дыскатэку.
– Трэба яшчэ праверыць нашых паднаглядных, асоб, якія стаяць на розных відах уліку і, вядома, пастаянных заяўнікаў, – тлумачыць мне інспектар прафілактыкі маёр міліцыі Уладзімір Мацкевіч, – бо рэдкі суботні вечар абыходзіцца без сямейных сварак і скаргаў на суседзяў. Таму пастараемся папярэдзіць іх.
У спісе міліцыянераў некалькі прозвішчаў і трэба асабіста праверыць кожнага. Таму машына курсіруе амаль дзве гадзіны па горадзе ад мікрараёна шматпавярховых дамоў па вуліцы Хонінава да прыватнага сектара па вуліцы Мінскай.
– Сёння на дзіва ўсё спакойна, – зазначае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх маёр міліцыі Таццяна Харэвіч. – Усе дома, усе адпачываюць і цвярозыя. Нават у нашай пастаяннай заяўніцы прэтэнзій да суседзяў няма. Яна састарэлая жанчына і цяжка пераносіць любы шум. Таму не лішнім было б распытаць яе глыбокім вечарам, як справы.
Праз акно “Уазіка” заўважаю, што а палове дванаццатай гадзіны ночы няшмат людзей спяшаюцца па цэнтры горада да будынка бібліятэкі, ды і на паркоўцы стаіць усяго адна машына. Затое начны спакой парушаюць машыны таксі.
“Дамоў дабяруся сам”
Толькі пасля апоўначы міліцэйская машына заязджае на двор бібліятэкі і ўмомант разумею: вечар перастае быць сумным. Непадалёк ад нас двое юнакоў з вялікай цяжкасцю падымалі з зямлі мужчыну. Ён быў яўна нецвярозы і ледзь-ледзь трымаўся на нагах.
– Не хвалюйцеся, – папярэдзіў ён пытанне міліцыі, – дамоў дабяруся сам.
Міліцыянеры яшчэ доўга сачылі за ім, а я ўжо звяртаю ўвагу на юнакоў, якія тоўпяцца на тэрасе.
– На дыскатэку пускаюць толькі з 18 гадоў, – гаворыць Таццяна, – таму юнакі і дзяўчаты ўжо не забываюцца браць з сабой пашпарт.
Дыскатэка «запальвае»
І вось у рэшце рэшт мы на дыскатэцы. Нягледзячы на позні час, у зале яшчэ не так шматлюдна.
– Пакуль было прададзена дзесьці білетаў 200, – гаворыць Яўгеній Зубар. – Гэта нямнога. У нас тут бывае ў два разы больш. Публіка бывае розная, ды і здараецца рознае. Таму з міліцыяй будзе спакайней.
Дыскатэка ў нашым раёне –культурнае мерапрыемства ў суботу для моладзі. Калі меркаваць па тым, як юнакі і дзяўчаты "запальвалі", дык чакалі яны гэтай суботы і сапраўды з нецярпеннем. Яны станавіліся ў кола. Кідалі пасярод яго свае ўласныя рэчы і танцавалі, хто як умеў і мог. Толькі і даносілася: "Давай, запальваем!"
А адзін вельмі актыўны хлопец бегаў па зале з вясёлымі скокамі. Па вясёлай рэакцыі «танцора» стала зразумела, што «герой» сённяшняга «дэнсу» ўжо практычна вызначаны.
Публіка, і сапраўды, разнастайная. Былі і тыя, каму ледзь споўнілася 18, і больш сталыя. Праўда, апошнія сюды прыйшлі з мэтай расслабіцца за кактэйлем.
– Мне ўжо 53 гады, – гаварыў мужчына. – Сюды часам заходжу выпіць піва ды і культурна адпачыць.
Праўда, наўрад ці могуць на гэтай дыскатэцы адчуваць сябе няёмка людзі самых розных узростаў. У зале на ўсю моц гучалі хіты 1990-х і пачатку 2000-х. Раз-пораз яны разбаўляліся скандальнымі хітамі Інстасамкі, патрыятычнай кампазіцыяй групы «Дразды» «Не прадаецца хата бацькоў». Але сапраўдным хітом дыскатэкі стала песня Ганны Асці «Па барах».
– Мы працуем па заяўках, – заўважае дзіджэй Ілья Сакалоўскі, – часцей за ўсё заказваюць рэтра. Нават хіты “Любэ” ў пашане. Не вельмі папулярныя ў мясцовай публікі лірычныя хіты.
І сапраўды, як толькі зайграла павольная музыка, шмат народу спяшалася на вуліцу. Склад «танцораў» пастаянна мяняўся: «парачкі» бегалі па закутках, а хлопцы перыядычна здзяйснялі «перабежкі» ад столікаў да бара па «дабаўку». Бліжэй да гадзіны ночы пачыналі «наклёўвацца» дробныя разборкі, ды і даваў аб сабе ведаць градус выпітых кактэйляў.
Ахвяры дыскатэчных кактэйляў
– Тут ужо адной нашай прысутнасці недастаткова, – заўважае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Гайдук, – трэба яшчэ зрабіць заўвагу і папярэдзіць.
Аднак гэта аказалася няпроста. На заўвагу міліцыянера мужчына адрэагаваў непадпарадкаваннем. Яго пад рукі вывелі з залы і даставілі ў міліцыю. Вінаваціць за сапсаваны адпачынак ён павінен толькі сябе, бо алкатэстар паказаў у яго крыві 1,2 праміле алкагалю…
Ды і надзвычай эмацыянальна адрэагавала на заўвагу міліцыянера пакінуць малую сцэну нецвярозая кабета. Яна рашуча кінулася абараняць свае правы са шкляным позіркам і хісткай хадой. Трэба аддаць належнае вытрымцы і знешняму спакою міліцыянера. У запале жанчына амаль не чула словы міліцыянера і не заўважыла, як за яе перажывала цвярозая сяброўка.
– Нічога дзіўнага ў гэтым няма, – тлумачыць мне намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Вадзім Сакаў. – Тут я б параіў танцорам менш выпіваць кактэйляў і мець больш-менш цвярозую галаву. У зале няма дрэс-коду і аховы, адпачываючыя сюды ўжо прыходзяць пад градусам, а ў гэтым выпадку да сур’ёзных парушэнняў адзін крок.
Напрыканцы
Дзве гадзіны ночы і ў зале ярка гарыць святло, моладзь ляніва пакідае дыскатэку...
– Урэшце скончылася, – гаворыць барменка, – добра, што не нагрубілі, засталіся сілы прыбраць усё.
Ды і міліцыянеры не спяшаюцца, бо нехта бяжыць за яшчэ адным кактэйлем, нехта шукае свой згублены пашпарт, а нехта, часцей за ўсе дзяўчаты, карцінна просяць прыкурыць…
Цяпер – на АЗС
А чарга ўласных аўто і таксі ўжо накіроўваецца на АЗС каля аўтавакзала. Тут таксама кіпіць бурнае начное жыццё.
У краме АЗС цёпла і ўтульна, прыемна пахне кавай і хот-догамі, ды і ў начны час тут мала вадзіцеляў рызыкне заправіцца палівам. Але яна ў пашане ў моладзі, бо тут піва, цыгарэты і спіртныя напоі круглыя суткі. Ды і не вабіць іх камфорт магазіна. Куды больш па душы ім “тусавацца” ля машын на вачах міліцыянераў.
– Тут мы ў ролі ахоўнікаў, – гаворыць Дзмітрый Гайдук, – бо ў такой сітуацыі да бяды блізка. Побач – дарога і лес, ды і без парушэнняў правілаў дарожнага руху рэдка абыходзіцца.
Ды і што замоўчваць. Кругласутачны продаж спіртнога на запраўках прыцягвае падазроных асоб. Так, жорстка адрэагаваў на словы міліцыянера яшчэ адзін мужчына і быў затрыманы за непадпарадкаванне. Не трэба тлумачыць, што ён таксама быў пад градусам.
Міліцэйскія машыны яшчэ працягваюць дзяжурыць на АЗС, а наш “Уазік” ізноў курсіруе па вуліцах горадах. Тут ярка свецяць ліхтары, але іх святло нікому не патрэбна. Не гуляюць тут закаханыя парачкі, ніхто не прызнаецца ў каханні ў скверах, ды і не вяртаюцца дамоў пасля спаткання юнакі.
– Не ў трэндзе гэта ў многіх маладых людзей, – сумна зрабіла вывад Таццяна. – Затое пануюць злоўжыванне спіртным, грубасць, фанабэрыя, якія прыводзяць да хуліганстваў і скандалаў, розных іншых парушэнняў і здарэнняў. Папярэдзіць іх няпроста, але і здавацца нам нельга. Мы ж службу выбіралі па прызванні.
Я пакідала аддзел глыбокай ноччу, калі горад моцна спаў. Нішто не парушала яго спакой, бо аб ім загадзя паклапаціліся міліцыянеры. Яны – верныя ахоўнікі нашага правапарадку і мы абавязаны цаніць іх службу. У святочны дзень ра-зам са словамі павагі, прызнання мы жадаем ім цярпення і стойкасці, а яшчэ і веры ў лепшае. Гэта вера надасць ім матывацыі на сумленную службу і дасць надзею на зараджэнне новых традыцый у раёне.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.