Так, майстэрства ткання паясоў загадчыца Чыжахскага сельскага клуба-бібліятэкі Аксана Цісецкая і культарганізатар Кацярына Карканіца спасціглі не за адзін дзень, давялося прайсці даволі працяглы творчы шлях у засваенні тэхналогіі і спосабаў ткацтва, поўны перамог і здабыткаў, ніякія цяжкасці не спынілі жанчын, і зараз яны з поўным правам могуць называцца лепшымі ў сваёй справе на Бярэзіншчыне майстрамі.
Ці цяжка ткаць паясы?
– Як навучышся, то лёгка. Тканыя паясы бачыла яшчэ ў мамы. У дзяцінстве гулялі з паясамі як са скакалкай, – з усмешкай успамінае Кацярына Уладзіміраўна. – Мама і бабуля ткалі, а мы, малыя, назіралі. Даўней жа так і было, усе рэчы рабілі ўласнымі рукамі: ткалі, вышывалі, вязалі кручком. Так што нельга сказаць, што тканне паясоў было для нас незнаёмай справай, уяўленне мелася добрае.
– Усё пачалося прыкладна ў 2008 годзе, недзе ў той час, калі клуб народных майстроў стварыўся, – дадае Аксана Мікалаеўна. – Прапанавала ж нам заняцца ткацтвам паясоў тагачасны кіраўнік згаданага клуба Ганна Ждановіч. Яна ж і паказала, як гэта робіцца, і навучыла ткаць. Потым мы ўжо глядзелі ў спецыяльных кніжках, пераймалі вопыт калег з іншых раёнаў падчас сумесных сустрэч на фестывалях.
Ганну Аляксандраўну, якая была ў свой час рухавіком многіх культурных працэсаў на Бярэзіншчыне, гераіні матэрыялу ўспамінаюць з цеплынёй і душэўнай любоўю, удзячныя ёй па сённяшні дзень. Ткацтва паясоў стала не толькі адметнай справай, якая вылучае чыжахскую ўстанову культуры, але і захапленнем загадчыцы і культарганізатара, хобі на ўсё жыццё, якое прыносіць радасць і душэўную раўнавагу.
У нашым успрыманні ткацкі станок традыцыйна павінен быць немалых памераў прыстасаваннем. Як аказалася, гэта зусім не так. Рыштунак нашых ткачых самаробны і ўяўляе сабою невялікія тонкія дошчачкі з прасвідраванымі дзірачкамі, у кожнай па чатыры.
– Праз іх прасоўваюцца ніткі, кожная ў сваім парадку, – тлумачаць жанчыны. – І трэба быць дужа пільнымі, каб нічога не пераблытаць, інакш парушыцца ўзор, і пояс атрымаецца нягеглым.
Звычайна паясы ў даўжыню бываюць па два метры. Шырыня вагаецца, можа быць і 5 сантыметраў, і больш. Самы вялікі жанчыны аднойчы выткалі ў Слуцку на фестывалі «Слуцкія паясы» – шырыня была 15 сантыметраў. Гэта даволі шмат, патрабуецца больш часу на выраб. Яго так і назвалі – «Бярэзінскі пояс».
Наогул жа, каб саткаць пояс, калі не вельмі складаны па ўзору, патрабуецца мінімум два дні працы, не разгінаючыся ад раніцы да вечара. Але ж трэба яшчэ нарэзаць нітак, заправіць іх, зрабіць нацяжэнне, каб ніводная нітка не правісла, бо выраб не атрымаецца. Узор жа ў пояса – галоўная частка.
Вырвацца ў брэнды
Аднойчы пашчасціла сустрэцца на адным з фестываляў з вядомым спецыялістам па ткацтве паясоў Верай Сілівончык, якая праводзіла прэзентацыю ўласнай кнігі – практычнага дапаможніка «Ткацтва на дошчачках». Гэта была цэлая навуковая праца, якая дапамагла майстрам засвоіць метады ткацтва і на дошчачках, і на бёрдах, і выкарыстоўваць розныя прыстасаванні, увяла ў свет старадаўняга майстэрства, расказаўшы пра тэхніку ткання, прыёмы стварэння ўзораў, беларускае традыцыйнае рамяство і тэхналагічныя пошукі.
Вучыліся па кніжцы разам, і гэта дало плён, чыжахскія ткачыхі пабывалі, мабыць, на ўсіх вядомых фестывалях у Беларусі: традыцыйна ездзяць на штогадовае абласное свята «Слуцкія паясы» у Слуцк, былі на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Вясновы букет» у Мінску, «Млечны шлях» у Клецку, і на міжнародным фестывалі ў Бабруйску, і нават у Александрыі, і шмат дзе, усяго не пералічыць. На памяць пра паездкі захоўваецца вялікі стос разнастайных грамат і дыпломаў.
Добра ведаюць Аксану Мікалаеўну і Кацярыну Уладзіміраўну і на Бярэзіншчыне, без іх удзелу не абыходзіцца ні адно свята і ўрачыстае культурнае мерапрыемства: і дажынкі, і свята горада, і вось 23 лютага ўдзельнічалі ў першым раённым фестывалі дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
– Вядомы ўсяму свету брэнд «Слуцкія паясы» авеяны традыцыямі, і ў нас таксама ёсць такі. На Бярэзіншчыне даўней усяго столькі ткалі: і карункі на рушніках, і прасціны, і паясы. Варта імкнуцца, каб і «Бярэзінскі пояс» таксама выр-ваўся ў вядомыя брэнды!
Культурны код
– Пояс – гэта цэлы пласт культуры, многімі цяпер забыты, – расказвае Аксана Цісецкая. – Гэта сакральны сімвал, які быў з чалавекам ад самага нараджэння і да скону. Адкуль узяўся выраз «распаясаны чалавек» – са старадаўніх часоў! Для новароджанага ткалі спецыяльны пояс, якім потым спавівалі дзіця. Дарэчы, дзеці потым да пяці гадоў хадзілі без пояса, а пасля пояс быў абавязковым. Пояс здымалі, калі ішлі ў лазню, або калі паміралі. Прытым, калі жонка хавала мужа і думала, што выйдзе паўторна замуж, то пояс з нябожчыка знімала. Калі ж вырашала заставацца ўдавой – пакідала пояс мужу «на той свет». Дзяўчына збіраецца замуж – паясамі трэба адарыць сватоў, бацькоў мужа, потым у хаце мужа кінуць пояс на печ, на калодзеж і паўсюль, каб прынялі ў новую сям’ю.
Таму паясы пачыналі ткаць у пасаг дзяўчыне з нараджэння. Нават колер нітак залежыць ад таго, каму прызначаецца пояс. Жанчыне – белыя, чырвоныя, жоўтыя. Мужчыну – фіялетавыя, сінія. Чорны колер – універсальны. Узоры ж на поясе – знакі для абярэгу. Існуе цэлы алфавіт узораў, асобныя знакі для шчасця, багацця, дабрабыту, жыцця, нават асобны для жанчыны-парадзіхі. Вы не ўяўляеце, наколькі гэта глыбокая навука!
Радуе сэрцы чыжахскіх майстроў, што рамяство іх запатрабавана маладымі, значыць не знікне ў мінулым пракаветная беларуская спадчына. На разнастайных мерапрыемствах паясы ахвотна купляюць хлопцы – пад джынсы, і дзяўчаты – пад сарафаны. Набываюць паясы ў якасці сувеніраў і падарункаў.
Ёсць душа!
Колькі паясоў саткалі жанчыны за ўвесь час – сказаць складана, на іх думку, не менш за дзве сотні. Выстава паясоў захоўваецца ў роднай установе культуры, раздаюцца яны ў якасці падарункаў родным, блізкім, сябрам, калегам.
Прыгадваецца цікавы выпадак: аднойчы на фестывалі ў Слуцку наблізіўся мужчына, як высветлілася, прыехаў з Комі. Доўга назіраў, як жанчыны ткалі пояс, спытаўся, калі будзе гатовы… І вярнуўся праз пэўны час, потым гаворыць: ведаеце, шмат паясоў і тканых рэчаў паглядзеў, але ніводзін не спадабаўся. У вашых паясах «душа ёсць»! І купіў той пояс, які яму спадабаўся.
Лічу сябе беларускай!
– Я хоць і нарадзілася ў Расіі, бацька быў з Хоцімшчыны, маці з Варонежа, але лічу сябе беларускай, – прызнаецца Аксана Мікалаеўна. – Сям’я наша жыла на Далёкім Усходзе, пераехалі на Бярэзіншчыну ў 1972-м, я яшчэ малая была. І ведаеце, прыкіпела душой да нацыянальнай беларускай культуры, фальклору, традыцый. Дарэчы, я шчаслівая бабуля, у мяне чацвёра ўнукаў. Сын Андрэй таксама прыхільнік беларускай мовы, вершы піша і працуе ў Пінску ў сувязі. І вось рамяство накладае добры адбітак, натхняе, лагодзіць душу.
Кацярына Уладзіміраўна таксама ад сваіх заняткаў у шчырым захапленні, мабыць і дня не праходзіць, каб не вышуквала новы ўзор для работы. Дачка Таццяна працуе галоўным эканамістам у Бараўлянах у дзіцячай бальніцы, раней таксама пераймала майстэрства ў сельскай установе культуры.
Дарэчы, у час майго візіту ў Аксаны Мікалаеўны быў дзень нараджэння. Шчыра яе віншуем, жадаем далейшага творчага плёну ў пачэснай справе адраджэння нацыянальнага фальклору і культурнай спадчыны, і абедзвюх цудоўных жанчын шчыра віншуем з 8 Сакавіка!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара і з архіва майстроў.