Падобнага гонару “Ома” ўдастоена ўжо не першы раз. Пяць гадоў назад назва філіяла таксама годна ззяла на раённай Дошцы гонару. Калектыў мае і шэраг іншых поспехаў і ўзнагарод, уваходзіў у тройку лідараў па выніках раённага жніва, а яго ранейшы кіраўнік Аляксандр Гундар з’яўляўся, бадай, першым прадстаўніком Бярэзінскага АПК, які быў удастоены за высокія дасягнутыя паказчыкі філіяла медаля Рэспублікі Беларусь “За працоўныя заслугі”.
Узнятую высокую планку калектыў зараз таксама трымае годна, не зніжае сваёй прадукцыйнасці, і ўжо сёння тут думаюць аб тым, каб і вынікі 2024 года былі не горшымі за тыя, якія былі дасягнуты летась.
Веснавая кампанія
Пачаткам усяму стануць, безумоўна, веснавыя палявыя работы і яравая сяўба. Да пачатку чарговага сезона тут ужо амаль поўнасцю гатовы. Нават дакладна вядомы прозвішчы тых, хто і якім відам работ будзе займацца.
Трактарысты-машыністы: Яфім Чорны, Андрэй Дыбаль, Уладзіслаў Пісараў, Анатолій Пінчук, Аляксандр Валасевіч, Леанід Драгун
Так, пачаткам работ тут стане ўнясенне арганікі. Атрад для выканання гэтай работы складаюць Аляксандр Валасевіч і Валерый Кунавіч, Уладзімір Хахол і Сяргей Гайдук, а таксама аператар пагрузчыка Анатоль Пінчук. Заворваць арганіку будзе Леанід Драгун, Васіль Булойчык паралельна з гэтым зоймецца закрыццём вільгаці. Падкормка азімых – справа Уладзіміра Хахла і Сяргея Мешыча, які будзе задзейнічаны на падвозе вадкіх угнаенняў. Мінеральныя тукі будзе ўносіць Мікалай Вашкевіч. Калі паспее глеба і надыдзе час сяўбы, весці яе даручана Аляксандру Міхайлавічу Валасевічу, а яго цёзка Аляксандр Барысавіч Валасевіч будзе забяспечваць пасяўны агрэгат своечасовай падвозкай насення. Васілю Булойчыку даверана сяўба кармавых культур. Такім чынам, пад ураджай 2023 года ў філіяле з улікам азімых культур будзе пасеяна 723 гектары зерневых, пад кармавыя культуры тут выдзелена 928 гектараў. Па выніках сёлетняга жніва ў гаспадарцы мяркуюць атрымаць ураджайнасць збожжавых і зернебабовых не ніжэй 38,7 цэнтнера з гектара.
Загадчыца МТФ “Перавоз” Ганна Волкава і аператары машыннага даення – Людміла Драздова, Ірына Белавус, Людміла Салаўёва, Валянціна Цімашэнка
Новая ферма
Яе ўзвядзенне стане новым імпульсам у далейшым развіцці сельгасфіліяла. І яе будаўніцтва – не далёкая ружовая перспектыва, а тая рэальнасць, да ажыццяўлення якой у гаспадарцы ўжо прыступілі. Рэалізацыю гэтага пытання філіял вырашае ў цесным супрацоўніцтве з галаўным офісам ТАА «Ома», дзе актыўна падтрымалі ідэю і ад імя якога вядуцца ўсе фінансавыя аперацыі.
Ферма разлічана на ўтрыманне 600 галоў кароў (два памяшканні на 300 галоў кожнае). Сюды ж дададуцца яшчэ два будынкі – для ўтрымання сухастою і прафілакторый для цялятак на 120 галоў. А цэнтрам такога міні-гарадка стане пяты будынак, дзе размесціцца даільны блок. Гэта будзе высокапрадукцыйная зала, у якой адначасова змогуць даіць аж 40 кароў.
Як расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Калацэй, гэтымі днямі ўжо вядуцца перагаворы з праекціроўшчыкамі, у ходзе якіх праект дапрацоўваецца з улікам патрабаванняў мясцовых спецыялістаў і карэкціровак (у тым ліку і яго падзешаўлення) з тым разлікам, каб ужо на канец бягучага года ён быў поўнасцю гатовы, а налета пачаліся будаўнічыя работы.
Далейшыя работы па ўвядзенні ў строй новага аб’екта ў гаспадарцы плануюць правесці да канца 2024 года (як мінімум, першай чаргі), а ў 2026-м годзе – пачатку 2027-га – выйсці на праектную магутнасць. Новыя карпусы для ўтрымання кароў дадуць магчымасць істотна павялічыць і вытворчыя паказчыкі, бо тут, акрамя стварэння больш спрыяльных умоў для жывёлы і працы людзей, будуць прадугледжаны і многія тэхналагічныя пытанні, у тым ліку і сам працэс дойкі, кармлення, захоўвання.
– Малочная галіна для нашай гаспадаркі дае амаль 80 працэнтаў усіх фінансаў, а летам і таго больш, – расказвае Дзмітрый Мікалаевіч. – Пры гэтым рэнтабельнасць малака перавышае 50%. Таму для нас гэты накірунак самы перспектыўны. Зараз мы атрымліваем ад кожнай каровы ў сярэднім па 8,5 тысячы кілаграмаў малака, а з увядзеннем новай фермы гэты паказчык мяркуем павялічыць да 10 тысяч.
У далейшых планах развіцця жывёлагадоўлі кіраўнік робіць стаўку і на гадоўлю бычкоў з такім разлікам, каб кожны кормнік важыў 700 кілаграмаў. Пакуль што названы паказчык складае каля 500 кг. Каб жывёла была менш агрэсіўнай і не стварала пагрозы чалавеку, бычкоў кастрыруюць, што дае магчымасцть без перашкод нават утрымліваць іх разам з маладымі цялушкамі. Для таго, каб выйсці на запланаваны паказчык у 700 кг і дасягнуць яго за 20 месяцаў, прыбаўленні ў вазе павінны складаць каля 1,2 кг у суткі. І гэта Дмітрый Калацэй лічыць рэальным, тым больш што ўжо зараз іх вагавая прыбаўка дасягае амаль кілаграма. Здача бычкоў такой вагой дасць шанц выйсці на станоўчую рэнтабельнасць мясной галіне.
Галоўны аграном Уладзімір Шагойка
Плюс дадаткова зямля і тэхніка
Зразумела, што павелічэнне колькасці пагалоўя ў гаспадарцы пацягне за сабой недахоп кармавой базы, бо колькасць пагалоўя на 100 гектараў сельгасугоддзяў перавысіць адпаведную прапорцыю. Такое ўжо адзначалася і раней. Тады сельгасфіліял “прырос” на 300 гектараў зямлі. На гэты раз плошча будзе павялічана яшчэ на 447 гектараў у раёне вёскі Асмолаўка за кошт зямель суседняга ААТ “Багушэвічы”.
Загадчык мехмайстэрні Мікалай Бжазінскі
Рост аб’ёму сельгасугоддзяў немінуча пацягне за сабой і патрэбнасць павелічэння колькасці тэхнікі і прыстасаванняў для апрацоўкі глебы. Таму ўжо сёння сумесна з галаўным офісам філіяла складзены план набыцця тэхнікі, разлічаны на 2023-2024 гады. Пралічана не толькі запатрабаванасць у той ці іншай адзінцы тэхнікі, але і рэальныя фінансавыя магчымасці, крыніцы фінансавання.
Перспектыўныя планы, якія выношвае дырэктар філіяла “Ома” Дзмітрый Калацэй, пачынаюць ажыцяўляцца. Перашкод па іх далейшай рэалізацыі ён не бачыць. А жаданне, каб быў падначалены яму калектыў самадастатковым, паспяховым і перспектыўным, падтрымліваюць і іншыя работнікі філіяла. У іх самаадданасці, не раз даказанай справай, Дзмітрый Мікалаевіч не сумняваецца. Такім чынам, поспех мінулага года для “Омы” і занясенне на раённую Дошку гонару – не апошні поспех міхалёўцаў. Ды і не можа быць інакш пры такім настроі, перспектыве і працавітасці.
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.