Дзяніс ВАЙЦЯХОВІЧ, вучань пятага класа гімназіі:
– Пра Хатынь, зразумела, ведаю. Там была страшная трагедыя, бо ўсіх людей гэтай вёскі фашысты сагналі ў хлеў і спалілі жывымі. Гэта ж якімі трэба быць нелюдзямі! Пра падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны нам часта расказваюць у нашым музеі. І пра Хатынь таксама.
Лізавета САСКАВЕЦ, вучаніца пятага класа гімназіі:
– Я таксама часты наведвальнік нашага школьнага музея і чула пра страшную трагедыю нашай беларускай вёскі. А яшчэ ў інтэрнэце чытала, што ў той страшны дзень з агню змаглі выратавацца толькі шэсць чалавек, астатнія згарэлі зажыва. Нават чытаць пра гэта жахліва.
Бажэна КАРБАНОВІЧ, вучаніца пятага класа гімназіі:
– Пра здзекі фашыстаў у час вайны ведаю не толькі з расказаў пра Хатынь. Чула пра такі выпадак той трагедыі: калі людзей пачалі расстрэльваць, адна маці закрыла сваімі грудзямі сына, і толькі дзякуючы гэтаму ён змог выжыць.
Чытала і пра тое, як немцы катавалі людзей – выганялі голымі на люты мароз, рабілі фотаздымкі са сваімі ахвярамі пасля таго, як закатавалі іх, прыстаўлялі да галавы пісталет і забівалі. Так страшна!..
Аляксандр ЦЫБУЛЬКА, старшыня Пагосцкага сельвыканкама:
– На тэрыторыі нашага сельсавета ёсць “свая Хатынь” – вёска Тоўсціца, жыхароў якой расстралялі фашысты, з-за чаго вёска пасля вайны не аднавілася, на дулебскіх могілках толькі стаіць помнік тым ахвярам. І гэта не адзіны манумент на тэрыторыі Савета. Яны знаходзяцца пад пастаянным наглядам – за імі замацаваны вытворчыя калектывы горада і раёна. Уважліва ставяцца да даручанай справы аўтапарк №22, вузел электрасувязі, СУП “АграМАЗ”, ЗАТ “Клявіца”, Мачаскае лясніцтва. Пакуль жыве наша памяць пра вайну, лічу, яна не павінна паўтарыцца.
А Хатынь… Кожны мой візіт туды не абыходзіцца без слёз і хваляванняў. Быў там чатыры разы, апошні раз тры гады назад.
Мая ЛАДУЦЬКА, жыхарка г. Беразіно, 1940 года нараджэння:
– Пра вайну нічога не памятаю, а тыя драбніцы, што захаваліся ў дзіцячай памяці, імкнуся не кратаць: вельмі балюча. Вайна зрабіла мяне сіратой, бо тата так і не вярнуўся з фронту. Нават невядома, дзе ён загінуў і спачывае, бо ў пахаванцы было сказана, што ён прапаў без вестак.
Не салодка было і тым, хто апынуўся пад пятой нямецкага бота. Так, пра Хатынь чула і ведаю. Ведаю, што і на тэрыторыі нашага раёна ёсць спаленыя вёскі. Шмат гора нарабіла вайна. Няхай яна мінае нас!
Вераніка АЎТУХОВІЧ, жыхарка г. Беразіно:
– Я – прадстаўнік маладога пакалення. Пра вайну ведаю толькі з кніжак. Ведаю таксама, што ў ёй удзельнічалі мае прадзед і прабабуля. Для мяне вайна – гэта шмат болю і гора. Не хацелася б паўтарэння такой бяды. І ў сваіх памкненнях, упэўнена, я – не адзіная.
Яўген ТАРАСЁНАК, член маладзёжнага парламента пры Бярэзінскім раённым Савеце дэпутатаў:
– Наша сённяшняе пакаленне не ведае, што такое вайна. Але калі мы бачым па тэлебачанні або ў інтэрнэце хроніку баявых дзеянняў у той ці іншай напружанай кропцы свету, то ўяўляем сабе, як гэта страшна і небяспечна. Гэта ж колькі давялося нашаму народу перажыць за час ваеннага ліхалецця, колькі мільёнаў жыццяў было загублена.
І гінулі ж не толькі салдаты на фронце, а, што самае крыўднае, мірныя, ні ў чым не павінныя людзі – жанчыны, дзеці, старыя. Сёлета спаўняецца 80 гадоў хатынскай трагедыі. А колькі падобных хатыней было на беларускай зямлі, колькі людзей загінула ад фашыстаў! Мы памятаем пра тыя ахвяры і абавязкова перададзім гэтую памяць наступным пакаленням.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.