І не толькі фарбавалі яйкі і гатавалі кулічы і булкі. Не менш адказным з’яўляецца і духоўнае ачышчэнне.
Пра тое, як багушэвіцкія каталікі рыхтуюцца да Вялікадня, якімі сакрэтамі валодаюць пры прыгатаванні святочнага стала, як адзначаюць гэты светлы і святы дзень, размаўляем з мясцовымі жыхарамі.
- Найбольш людна ў нашым касцёле бывае звычайна на такія святы, як Нараджэнне Хрыстова, Вялікдзень і свята Божага Цела, - расказвае старшыня парафіяльнага камітэта Рэгіна Собаль.
– А ў звычайныя дні на імшу прыходзіць да дзесяці чалавек. Ладзіцца яна ў летні перыяд раз у тыдзень па нядзелях, у зімовы час – раз на два тыдні. А самастойна молімся штодня. Сярод прыхаджан ёсць і жанчыны з іншых вёсак, напрыклад, з Якшыц і Галаўных Лядаў. На колькасць прысутных на імшы ўплывае аддаленасць некаторых вёсак, а таксама паважаны ўзрост людзей, якія не кожны раз маюць магчымасць дабрацца ў Багушэвічы.
Расказ Рэгіны Яўгенаўны дапаўняюць Жанна Даргевіч, Валянціна Кішчэня і Таццяна Воюш. Яны – з ліку пастаянных прыхаджанак, некаторыя з іх каталіцкую веру прынялі свядома ўжо будучы дарослымі. Да свята адносяцца шчыра, шануюць яго, адзначаюць, захоўваючы ўсе сямейныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, у гэты дзень у іх дамах заўсёды бываюць госці, якім заўсёды знаходзіцца велікодны пачастунак.
Святкаванне Вялікадня ў іх пачынаецца сёння, у суботу.
Да святой імшы жанчыны прыходзяць з загадзя падрыхтаванымі яйкамі, кулічамі, каўбасамі, паляндвіцамі, іншымі прысмакамі, якія асвячаюцца ў час службы. У гэты спіс таксама ў абавязковым парадку ўваходзяць хлеб, соль і вада. І хоць названы пералік у кожнага паўтараецца, ёсць тут і свае асаблівасці.
Так, хтосьці замест куліча прыносіць купленую ў магазіне булку. А некаторыя самі ствараюць такі кулінарны шэдэўр. Напрыклад, Жанна Даргевіч нярэдка эксперыментуе са сваімі вырабамі. Іх яна выпякае то з разынкамі, то з цукатамі, то з курагой.
Іншы раз аздабляе іх пасыпкай. А вось галоўныя інгрэдыенты – мука, сметанковае масла і яйкі – прысутнічаюць тут пастаянна.
У афарбоўцы яек непаўторным спецыялістам з’яўляецца Таццяна Воюш, якая фарбуе іх у чорны колер. Для гэтага на працягу двух тыдняў яна настойвае на растворы воцату ржавыя цвікі і аднагадовую (свежую) альховую кару.
Для набыцця чырвонага колеру жанчына выкарыстоўвае свежы канцэнтраваны настой цыбульнага шалупіння. Для таго, каб яйкі мелі раўнамерны колер без плям, пры варцы кладзе іх у адзін рад, пільна сочыць за тэмпературай вады (калі пры гэтым выконваецца і роспіс) і ўвесь час іх кратае, з-за чаго палец пастаянна брудны. Працэс з’яўляецца даволі працяглым – гадзіну і больш.
Акрамя таго, Таццяна Іванаўна таксама распісвае яйкі воскам, у які дадае парафін. Робіцца гэта яшчэ да афарбоўкі яек (вось чаму так важны тэмпературны рэжым пры выкананні гэтай аперацыі). Танюткім штыром, абмакнутым у воск (для гэтага выкарыстоўвае цвік), ставіцца кропачка на яйку, ад якой далей вядзецца лінія малюнка.
Яйкі ў гэты час павінны быць ужо падваранымі і цёплымі, а воск – не надта гарачым, каб не расцякаўся, і не ахалоджаным (іначай ён не будзе мець патрэбнай шчыльнасці). Сюжэт малюнка або ўзору можна выбраць любы. А вось яйкі абавязкова павінны быць толькі белымі. Іначай атрыманы малюнак не будзе выдзяляцца.
На нанясенне малюнка ў гаспадыні ў сярэднім ідзе да 15 мінут. Але патрэбная выява атрымліваецца не кожны раз належнай якасці, таму значная частка яек (вытворчы брак) ідзе на прыгатаванне салатаў.
І яшчэ адна хітрасць. У час афарбоўкі яек тэмпература вады, у якой яны знаходзяцца, не павінна растварыць воск, з якога створаны малюнак. Толькі пасля таго, як яйкі набудуць патрэбны насычаны колер, іх можна пакласці ў чысты кіпень: тады адтаялы воск усплывае наверх і яго лёгка сабраць лыжкай, а малюнак набывае кантрасны характар.
Як бачым, для таго, каб яйкі былі не толькі прыгожа пафарбаваны, а мелі і свой малюнак, трэба захоўваць вельмі тонкую тэхналогію. Затое вынік атрымліваецца выдатны. Для надання яйку бляску жанчына выкарыстоўвае алей, якім змазвае гатовы шэдэўр. І колькі б такіх пісанак не было падрыхтавана да свята, пасля яго адзначэння ў гаспадыні не застаецца ніводнага – ахвотнікаў атрымаць такую прыгажосць у падарунак заўсёды шмат.
Сам Вялікдзень у гэтых сем’ях пачынаецца з малітвы, віншаванняў, пажаданняў добрага здароўя. Для разгаўлення святочнае яйка рэжуць на некалькі частак і ім частуюцца ўсе члены сям’і. Затым наступае чарга іншых страў, у першую чаргу – свянцоных.
Такім чынам адбываецца еднасць з усім святым, далучэнне да вялікіх таямніц быцця, да найбольш поўнага ўсведамлення сябе як асобы. Бо свята Вялікадня – гэта не проста чырвоны дзень календара, не проста нядзельны дзень, а наша датыкненне і дачыненне да вечнасці, мудрасці і веры.
Няхай яны спадарожнічаюць вам і стануць вернымі памочнікамі ў час няпростых сітуацый і жыццёвых выпрабаванняў.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.