11 красавіка 1945 года вязні Бухенвальда.
У гэты дзень мы абавязаны помніць таксама пра адну з малавядомых трагедый Вялікай Айчыннай вайны - трагедыю былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў і аб тысячах людзей прымусова загнаных на працу ў Германію.
Ніхто не пагадзіўся паехаць у Амерыку
Па стане на 1 красавіка такіх людей у раёне засталося ўсяго 10. У іх ліку ўсяго адзін мужчына. Гэта Феафан Лемяшэўскі. Прозвішча яго бярэзінцы вымаўляюць з вялікай павагай у голасе, бо гэта адзін з лепшых аграномаў нашага раёна. Працаваў у саўгасе “Вяшэўскі”, слаўным калгасе “Ленінскія дні” і саўгасе “Пагосцкі”, быў узнагароджаны ордэнам ”Знак пашаны”.
Аднак давялося Феафану Іосіфавічу спазнаць не толькі радасць ад шчодрай нівы і задавальненне ад працы на зямлі, але і пакуты нямецкага рабства.
Феафан Іосіфавіч – вязень, якога фашысты ў 1942 годзе ў пяцігадовым узросце разам з матуляй і трыма астатнімі дзецьмі пагналі ў Нямеччыну з Пінскага раёна, прымусілі працаваць у лагеры.
- Дзіцячая памяць не захавала падрабязнасцей таго часу, - расказвае ён, - але ўзгадваецца, што вызвалялі нас з рабства амерыканскія салдаты. Яны прапаноўвалі ўсім паехаць у Амерыку. Але ніхто не пагадзіўся на гэту прапанову, бо ўсе хацелі дамоў, у родную Беларусь.
Гэтым летам Феафан Іосіфавіч будзе адзначаць свой 86-ы дзень нараджэння. У яго думках ізноў праляціць усё жыццё, шчаслівыя моманты якога надзейна звязаны з радзімай, роднай зямлёй і роднымі людзьмі.
Яшчэ ў Нюрнбергу
Падчас Нюрнберскага працэсу ў 1946 годзе, калі праходзіў сусветны суд над нацыстамі, Міжнародны трыбунал прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, выкарыстанне ў прымусовым парадку іх працы ў інтарэсах Германіі з’яўляецца ваенным злачынствам.
Дзеянні ўжо тады былі кваліфікаваны як злачынствы супраць чалавецтва. На жаль, сёння большасць палітыкаў у свеце стараецца пра гэта не ўспамінаць і не вярэдзіць сабе непрыемнымі фактамі душу. Усе менш і менш становіцца рэальных сведкаў тых жудасных падзей.
За што білі бізунамі
Соф’я Барысевіч сустрэла вайну ў 16-гадовым узросце. Яе не выратавалі ад прымусовых работ нават апёкі на руках і нагах. 4 красавіка 1944 года Соф’ю і чацвярых юнакоў 1925-1926 гадоў нараджэння пагналі ў Нямеччыну, дзе яна разам з дзвюма дзяўчынамі з Лешніцы працавала на торфабалоце.
- Патрабавалася штодзень выконваць норму, - расказвае яна, - за гэтым пільна сачыў назіральнік з бізуном. Спецвопраткі не было, неяк выдалі драўляны абутак, дык мы ногі панаціралі так, што дагэтуль памятаю той нясцерпны боль.
А яшчэ быў голад. Кармілі баландой з бручкі ды выдавалі па бохане хлеба на некалькі дзён. Ежы яўна не хапала. А яшчэ білі бізунамі за тое, што пісала стрыечным братам, а затым адправілі на фабрыку “Пелікан” у Гановер. Працаваць там дзяўчыне давялося нядоўга.
Пачаліся бамбёжкі. У час адной з іх Соф’я абшчапілася з сяброўкай і ўспомніла пра пайку хлеба “ Давай хлеб з’ядзім, а то памром, дык прападзе”. На гэтым пакуты на чужыне ў дзяўчыны з вёскі Святліца не скончыліся. Яе ледзь-ледзь з астатнімі не спалілі ў хлеўчуку немцы, калі наступалі савецкія войскі. Аднак ёй усё ж пашчасціла вярнуцца і абняць родную матулю.
Успаміны пра нягоды жыцця на чужыне пякучым болем апякаюць сёння сэрца састарэлай жанчыны. У свеце ізноў неспакойна.
Сваімі перажываннямі яна ахвотна дзеліцца ўжо з праўнукамі. Няхай яны ведаюць, праз што давялося прайсці людзям і што зведаць у час вайны. Няхай яны робяць усё, каб ніхто не мог здзекавацца, знішчаць і прыніжаць цэлы народ.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.