«Раёнку чытаю да апошняй кропкі»

Date 11.04.2023 Man
Comment 852
«Раёнку чытаю да апошняй кропкі»

На сценах пакоя гэтага дома на ўскрайку Багушэвіч і на паліцы за шклом нямала фотаздымкаў. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе той, з якога на вас адкрытымі вачыма глядзіць маладжавая жанчына, якая вельмі нагадвае гаспадыню сядзібы – Раісу Несцяровіч.

– Так, – прызнаецца жанчына, – гэта маё фота. Зрабілі якраз калі мне было 30 гадоў. Гэты здымак у свой час быў занесены на раённую Дошку гонару і пяць гадоў упрыгожваў Дошку гонару нашага прадпрыемства – тагачаснага маслазавода. Так, я не памылілася, іменна маслазавода, бо ў тым 1965 годзе сыраробчага завода не было і ў праекце.

На той час Раіса Несцераўна працавала на сепаратарным пункце ў Багушэвічах, сумяшчаючы ў адной асобе і загадчыцу, і лабаранта, і прыёмшчыцу.

– Абслугоўваць мне даводзілася вялікі ўчастак. Кожны дзень прыязджала 6 малакавозаў з гаспадарак (тагачасных калгасаў “Гвардзеец”, “Перамога”, “Саюз”, “Чырвоная Беларусь”, імя Мічурына і імя XXII з’езда КПСС) і 25 падвод са зборным малаком. З работай заўсёды спраўлялася паспяхова, а аддала ёй 15 гадоў. Адпрацавала, такім чынам, ад адкрыцця гэтага пункта і да моманту яго ліквідацыі.

Наступныя 15 гадоў Раіса Несцяровіч была рахункаводам-касірам мясцовага сельскага Савета. Таксама была на добрым рахунку, пра што сведчыць і Ганаровая грамата раённага фінансавага аддзела і раённай падатковай інспекцыі, якую яна атрымала пры выхадзе на заслужаны адпачынак.

Шмат часу мінула з той пары.

Сёння Раісе Несцераўне ўжо ідзе 88-ы год. Па яе знешнім выглядзе нават і не скажаш, што яна – прадстаўнік даваеннага пакалення. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны для яе – асобая балючая тэма.

У памятным 1941-м дзяўчынцы (старэйшай з траіх дзетак у сям’і) ішоў шосты годзік. Таму ўспаміны засталіся яркія, незабыўныя: і пра тое, як у першы дзень вайны ляцелі над вёскай фашысцкія самалёты, і пра тое, як хаваліся ад акупантаў у лясах і схованках, і пра тое, што з вайны не вярнуўся бацька, загінуўшы 25 сакавіка 1945 года, і пра тыя галодныя гады, калі маці адна паднімала дзетак…

Раіса Несцераўна – выдатная гаспадыня. На жаль, з-за ўзросту не можа, як раней, трымаць гаспадарку. Але вось расаду для будучых градак ужо падрыхтавала, клапоціцца пра тое, як пасадзіць свой агарод. А чаго толькі яна не ўмее: і прасці, і вязаць, і карункі рабіць…

Хапіла жанчыне ўдараў лёсу і ў мірны час. Колькі выпрабаванняў выпадае на лёс чалавека – і не пералічыць. Галоўнае – не сагнуцца пад іх цяжарам, выстаяць.

І гэта Раісе Несцяровіч удаецца. Яе дабрыню нягоды не вычарпалі. І ўжо на старасці гадоў яна бярэ пад сваю апеку маладога хлопца-сірату, які паступае на работу ў мясцовую гаспадарку слесарам. Прытуляе яго ў сваім доме, дзеліцца з ім літаральна ўсім. Затым, калі Дзіма паступіў вучыцца ў Барысаў на лесавода, заўсёды чакала яго на выхадныя. І да гэтага часу малады мужчына (зараз ён працуе майстрам лесу на Гомельшчыне, ажаніўся і мае двухгадовага сыночка) прытуліўшую яго жанчыну лічыць сваім ратавальнікам, двойчы на тыдзень звоніць ёй, прыязджае ў госці з няблізкага свету, тут па-ранейшаму захоўваюцца яго рэчы і ўласны куточак.

Адно з захапленняў Раісы Несцераўны – чытанне кніг. Як прызналася жанчына, больш вабяць яе рамантычныя гісторыі кахання. Перачытала ўсе раманы гэтай тэмы, што ёсць у Багушэвіцкай бібліятэцы. Дастаўляюць ёй кнігі і з Чыжахскай. Гэта стала добраахвотным абавязкам сацыяльнага работніка (зразумела, выконвае яна і іншыя віды работ) і старшыні сельвыканкама Сяргея Шабана. Не ў меншай пашане ў жанчыны і раённая газета.

– Чытаю яе да апошняга «каліўца», – шчыра прызнаецца гаспадыня. – Заўсёды з нецярпеннем чакаю кожнага нумара. Вось чамусьці суботняга не было. Што кажаце, выйшаў своечасова? Ну, значыць у сераду даставяць адразу два. Я ж за гады свайго жыцця столькі людзей знаёмых набыла – і ў Багушэвічах, і ў Міхалёве, і ў раёне Каменнага Барка (я родам адтуль, з існаваўшай некалі вёскі Бор-Масцішча).

У кожным нумары знаходжу шмат цікавага, ды і як без мясцовых навін абыходзіцца?

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31