У пасяджэнні прынялі ўдзел пастаянныя члены ка-місіі, прадстаўнікі адукацыі, Бярэзінскай ЦРБ, Пагосцкага сельвыканкама.
Як заўжды, у эпіцэнтры падзей – сяброўства з гарэлачным д’яблам. Сямейныя праблемы, правапарушэнні сярод непаўналетніх, прагулы на рабоце і шматлікае іншае, з чым сутыкаецца камісія, – амаль усё бярэ пачатак з бытавога п’янства і алкагалізму. Не былі выключэннем і справы, якія разглядаліся на дадзеным пасяджэнні.
Калі дзяржаўныя органы забіраюць дзяцей у неахайных бацькоў і аддаюць іх у дзіцячы сацыяльна-педагагічны цэнтр, бацькам даецца палова года для выпраўлення сітуацыі. У адных гэта атрымліваецца, у іншых – палова года становіцца звышцяжкім неадольным выпрабаваннем.
Матуля адумалася! А бацька?
- Ці гатовы забраць дзіця дамоў? – цікавіцца намеснік старшыні камісіі Святлана Бондар у адной матулі.
- Вядома ж! Хачу сама выхоўваць дзіця…
Адпаведнае пытанне задаецца і бацьку. Але ж у дачыненні да таты пытанне мае рытарычны характар, бо ў адрозненне ад мамы ў яго не атрымалася выправіцца належным чынам.
- Тата хоць і наведваў дзіця ў прытулку, аднак цяжкасць у тым, што пакуль не ўсвядоміў глыбіню праблемы, - сведчыць педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра. – Не выконваў нашы рэкамендацыі.
Члены камісіі ўдакладняюць звесткі, што на прыёме ва ўрача-нарколага маці бывае рэгулярна, дысцыпліну не парушае, дома парадак, парушэнняў супрацьпажарнай бяспекі не назіраецца. Жанчына ж выконвала на працягу 6 месяцаў усе належныя рэкамендацыі, даказала ў першую чаргу сабе, што можа выправіцца і вярнуць дзіця ў сям’ю. У выніку дзіця вярнулася – да маці. Бацьку ж давядзецца пажыць асобна і яшчэ даказваць перад дзяржавай сваю годнасць і імкненне выправіцца.
Выбіраюць гарэлку, а не дзяцей!
А вось наступная сям’я добрымі вынікамі пахваліцца не змагла. Тут праблема халатных адносін да працэсу выпраўлення назіраецца ў жонкі.
Здаецца, на папярэдніх пасяджэннях камісія назірала станоўчую дынаміку, але… Дзіўна глядзець, калі перад камісіяй, у складзе якой пераважна жанчыны, лье слёзы і бядуе-гаруе муж, галава сямейства. Просіцца – не адбірайце дзяцей. А як паступіць? Жонка хоць і прайшла лячэнне ў рэабілітацыйнай клініцы “Выток” і запэўнівала ўсіх ва ўласным рашэнні весці цвярозы лад жыцця, не вытрымала і раптам пайшла ў запой, пачаліся прагулы на рабоце.
Маці сямейства падманула мужа, дзяржаўныя органы, іншых людзей, у якіх пазычала грошы быццам на лячэнне ад анкалогіі, але ў выніку траціла на віно, жыла ў сабутэльніцы.
Выхад адзіны: дзіця вернецца ў родны дом да бацькі толькі тады, калі жонка і маці зменіць месца жыхарства.
- Часцей за ўсё прычына, па якой мы вымушаны забраць дзяцей з сям’і, аднолькавая – злоўжыванне бацькамі спіртнымі напоямі, - гаварыла Святлана Іванаўна. – З-за “сяброўства” з гарэлкай дома антысанітарныя ўмовы, за дзецьмі ніхто не сочыць, няма прадуктаў харчавання, адзенне бруднае…
Мы заўсёды імкнёмся дапамагчы такім сем’ям. Падказваем, як выправіць сітуацыю. Але не ўсе прыслухоўваюцца да нашых парад. Толькі абяцаюць, што ўсё выправяць. А затым, на пасяджэннях камісіі, плачуць, крычаць, даказваюць, што яны “любячыя” бацькі.
У нас узнікае ў той момант толькі адно пытанне: а дзе яны былі 6 месяцаў?!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.