Не выключэннем тут з‘яўляецца і ААТ «Брадзец», дзе да работ прыступілі больш за дзесяць дзён таму назад. Пачыналі, па словах галоўнага інжынера сельгаспрадпрыемства Мікалая Крука, з падкормкі азімага кліну і шматгадовых траў. У тыя дні, акрамя «Расы», на поле выехаць больш цяжкай тэхніцы было немагчыма.
Па меры падсыхання асобных участкаў пашырылася і колькасць задзейнічанай тэхнікі. Зараз на асноўных відах работ яе задзейнічана да 14 адзінак.
Чакаюць моманту выхаду ў поле і іншыя трактары і агрэгаты. У прыватнасці, на сёння ў гаспадарцы задзейнічаны толькі дзве сеялкі АППМ-6 з трох існуючых, ёсць яшчэ і дзве «эспэушкі» для падсеву шматгадовых траў і работы на малаконтурных палетках, а таксама два «ферабоксы» для высеву кукурузы. Яны хоць сёння гатовы прыступіць да работы. Дарэчы, у спраўным стане знаходзіцца і ўся астатняя тэхніка, якой належыць быць задзейнічанай у веснавой кампаніі.
Якімі ж работамі заняты сёння ў «Брадцы»?
Гэта паўторная падкормка азімых. На ўнясенні каса на «Расе» працуе Анатоль Тарасёнак, а Валерый Стасевіч падкормлівае расліны карбамідам.
Запраўляюць глебу і арганічнымі ўгнаеннямі. На палеткі іх вывезена каля 30 тысяч тон. І штодзень па 600-700 тон іх раскідвае на сваім энерганасычаным трактары малады механізатар Уладзіслаў Корык, які дзейнічае ў пары з Міхаілам Лапіцкім – «Амкадор» напарніка таксама пастаянна знаходзіцца ў рабоце.
Сярод тых, хто штодзень выязджае на поле і, нягледзячы на пакуль што пераўвільготненасць глебы, знаходзіць участкі для магчымага прыкладання сіл і вядзення работ, Сяргей Аўсянскі і Віталь Філіповіч, якія заняты сяўбой і паспелі ўжо засеяць частку палеткаў аўсом. На ворыве шчыруе Аляксандр Собаль, на падрыхтоўцы глебы – не менш адказны спецыяліст Уладзімір Смольскі.
– Асноўны пасяўны клін яравых культур у гаспадарцы складае 340 гектараў, – працягвае Мікалай Крук. – Нам належыць пасеяць 190 гектараў аўса і 150 – зернебабовых. Пры спрыяльным раскладзе ўкласціся з такім аб’ёмам работ можна менш чым за тыдзень. Толькі ж дзе тыя ідэальныя ўмовы?
Працаваць даводзіцца выбарачна, з-за чаго страчваюцца найбольш аптымальныя тэрміны правядзення кампаніі і парушаюцца ўсе графікі. Таго і глядзі, не паспеем збожжавыя пасеяць, як давядзецца паралельна з імі і кукурузу садзіць. А яе ў нас тысяча гектараў. Тут будуць рупіцца Анатоль Лапіцкі і Віталь Аўсянскі.
Тым не менш, у гаспадарцы не губляюць аптымізму, веры ва ўласныя сілы і высокі сёлетні ўраджай. Па папярэдніх прагнозах галоўнага спецыяліста, якія грунтуюцца на ступені захаванасці азімых культур, іх росту, тут мяркуюць атрымаць не менш як па 40 цэнтнераў з гектара збожжавых культур і не страціць сваіх лідзіруючых пазіцый, якія «Брадзец» надзейна ўтрымлівае на працягу апошніх гадоў. А цвёрдая ўпэўненасць у сваім поспеху –гэта добрая гарантыя ў яго дасягненні.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.