Галоўная тэма размовы – студатрады, дзейнасць якіх традыцыйна запланавана на лета. Гэта выдатная магчымасць падзарабіць грошай, заняць вольны час і адчуць смак дарослага жыцця.
Студатрады існуюць ужо не першы год, падрыхтоўка да іх і набор жадаючых папрацаваць пачаліся ўжо зараз. Важны момант – унікальная магчымасць пашчыраваць у іх летам маецца толькі ў членаў БРСМ.
Для інфармацыі
Як паведаміла Кацярына Аўрамчык, традыцыйна студатрадаўцаў з задавальненнем прымаюць у РКУВП «Бярэзінская ЖКГ», Бярэзінскім філіяле Мінскага абласнога спажыўтаварыства, ТАА ВКК «Истоке», лясгасе, ААТ «Пагосцкі», ААТ «Брадзец», СУП «АграМАЗ», СУП «Здравушка-Агра», дзіцячым аздараўленчым лагеры «Папараць-кветка».
Сёлета ўпершыню часовыя працоўныя месцы моладзі прадаставяць ААТ «Першамайскі», ААТ «Багушэвічы», ААТ «Уша».
На сённяшні дзень ужо пададзена 50 заявак ад падлеткаў і студэнтаў. Стаць студатрадаўцамі могуць маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Удзел у студатрадзе зручны тым, што паўналетнія людзі могуць тут папрацаваць у час водпуску на асноўным месцы работы. Жадаючым трэба прыйсці ў райкам БРСМ і запоўніць анкету, яшчэ ёсць магчымасць падаць заяўку онлайн.
Паміж БРСМ і кожнай арганізацыяй падпісваецца дагавор, усё афіцыйна афармляецца. З удзельнікам студатрада таксама падпісваецца асабісты дагавор. Пры жаданні студатрадаўцу могуць выпісаць працоўную кніжку, а калі чалавек паўналетні, то ёсць шанц застацца ў той арганізацыі на пастаянную работу.
Перыяд працы студатрада абмежаваны 10 днямі, з якіх працоўных – 7. Гэта мінімальны тэрмін. Пасля яго заканчэння арганізацыя мае права прапанаваць прадоўжыць і заключыць дадатковае пагадненне яшчэ на 10 дзён. Кожнае прадпрыемства само вырашае працягласць тэрміну працы студатрада. Школьнікі ўзростам ад 14 да 16 гадоў працуюць з раніцы да абеда. Людзі узростам ад 16 і вышэй задзейнічаны на ўвесь працоўны дзень.
Што ж датычыцца заробкаў, самыя высокія летась былі ў «Истоке» і ААТ «Брадзец». Таксама вядомы высокімі заробкамі і лясгас, аднак у згаданай арганізацыі важным патрабаваннем з’яўляецца выкананне рабочага плана, не ўсе маладыя людзі летась з гэтым спраўляліся. Варта зазначыць, што ў «Исток» патрабуюцца фізічна моцныя маладыя людзі, а ў лясгасе наогул строгі адбор па медыцынскіх паказчыках. Напрыклад, студатрадаўца са скаліёзам на работу ў лясгас не возьмуць па зразумелых прычынах.
Звяртайцеся!
– Каб патрапіць у студатрад, трэба толькі адно – звярнуцца ў райкам БРСМ. Для непаўналетніх уладкавацца летам на працу праз нашу маладзёжную арганізацыю – гэта адзіная магчымасць, бо непаўналетніх на работу не бяруць, – зазначыла Кацярына Аўрамчык. – Мы гатовы 100-працэнтна працаўладкаваць маладых людзей на летні перыяд. Званіце 6-90-43.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.