Дзяцінства
Нарадзіўся і вырас Сяргей у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Быў звычайным, як усе падлеткі 70-80 гадоў мінулага стагоддзя, займаўся спортам, чытаў патрыятычныя кнігі, уважліва слухаў успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з цікавасцю ставіўся да подзвігаў юных герояў і з’яўляўся арганізатарам самых розных спраў. Не слыў ён хатнім і паслухмяным хлопчыкам. Памятаюць яго і задзірай. Праўда, ніхто за гэта строга не адчытваў, бо разумелі: у яго добрая душа і яна прагне яркага сапраўднага подзвігу.
А вось у школе Сяргей мяняўся на вачах. Вучэбныя дысцыпліны даваліся яму цяжка. Асабліва не ішла матэматыка. Цярпення на царыцу навук у юнака яўна не хапала, і нярэдка ён проста спісваў заданні. Куды больш па душы яму былі ўрокі роднай мовы і літаратуры, дзе ён дэкламаваў вершы, смела выказваўся наконт прачытанага і не прапускаў ніводнага слова настаўніцы Зінаіды Грэкавай.
У ёй юнаку падабалася ўсё – ад мілагучнага голасу да манеры выказвання, ды і валодала гэты педагог унікальным дарам прывіваць любоў да літаратуры, да роднага слова, да беларускіх краявідаў.
Гэта любоў і сёння жыве ў сэрцы Сяргея, бо дагэтуль упадабаным з’яўляецца раман Івана Мележа “Подых навальніцы”. Блізкімі аказаліся хлапчуку пачуцці Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі, іх барацьба за зямлю, пачуццё ўласнай сялянскай годнасці.
Служыць у арміі дастойна
Пасля заканчэння восьмага класа Сяргей паступае ў Пінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, дзе атрымаў прафесію механіка-вадзіцеля. Да арміі яшчэ паспеў за некалькі месяцаў набрацца вопыту на прадпрыемстве ў родным горадзе. Там жа і атрымаў позву.
- Аб тым, каб не служыць, у нашай сям’і размовы не было, - успамінае Сяргей Віктаравіч, - лічылася вялікай заганай для маладога мужчыны не мець ваеннага білета. Ды і чаго замоўчваць, дзяўчына магла адмовіць такому ў спатканні.
Як і належыць у тыя часы, провады гулялі шумна і весела. Але падрабязнасцей мерапрыемства Сяргей ужо не памятае. Не да таго яму было! Сэрца перапаўняла радасць: яму паабяцалі службу ў пагранічных войсках у далёкім Туркменістане і ён упершыню пабачыць невядомы свет. Аб Афганістане размовы ў ваенкамаце не было. Хаця Сяргей не па чутках ведаў, што хлопцы там служаць. Некалькі месяцаў ён перапісваўся з сябрам, які выконваў там інтэрнацыянальны абавязак. Сухі, стрыманы тон лістоў не насцярожваў, а, наадварот, рабіў вайсковую службу самай звычайнай.
Курс маладога байца Сяргей Гліннік асвойваў разам з двума вясковымі юнакамі з іх раёна ў пасёлку Тахта-Базар Туркменскай ССР. Тут яны ўпершыню спазналі ўсе цяжкасці спякотлівага клімату. Асабліва гэта адбівалася на спартыўных практыкаваннях. І ўжо тады, калі дзялілі адзін глыток вады, паміж салдатамі пачала усталёўвацца ўзаемавыручка і падтрымка адзін да аднаго.
Камандзіроўка ў Афганістан
Праз пэўны час намеснік камандзіра па палітычнай частцы гучна і манатонна аб’явіў, што падраздзяленне, у якім служыў Сяргей Гліннік, камандзіруецца ў Афганістан. Навіна не стала выбуховай, бо нішто не выклікала трывогі: усё ж проста, загад ёсць загад. І яго трэба выконваць!
У казарме ўсю ноч пасля гэтага не заціхалі размовы. Толькі Сяргей маўчаў. Ужо тады, у 18 гадоў, сэрца яму падказвала - наперадзе сапраўдныя выпрабаванні.
- Афганістан я ўпершыню пабачыў з вышыні птушынага палёту. - гаворыць Сяргей Віктаравіч. - Наша падраздзяленне ляцела на верталёце. Уражанне было нязвыклае. Уявіце сабе вялікія горы, шэрую камяністую зямлю, жабрачныя кішлакі і дрэнна апранутых людзей.
Затое цёпла віталі маладое папаўненне ў падраздзяленні. Ды і не прымусіла сябе доўга чакаць баявое хрышчэнне - хутка пачаўся абстрэл. Уся зямля дрыжэла і ўсюды свісцелі кулі.
Паступова мінаметчык ММГ-1 “Карэзі-Ільяс” набыў упэўненасць у рухах і дзеяннях. Навыкі гэтыя былі гарантам жыцця многіх людзей.
Падтрымлівалі, падбадзёрвалі маладых салдат камандзіры і прапаршчыкі. Дагэтуль Сяргей Віктаравіч успамінае пра іх з вялікай павагай і памятае іх жыццёвыя ўрокі. У іх размовах ніколі не было сумненняў, роспачы і расчаравання наконт свайго лёсу і службы.
Мой Афганістан
Радавы Сяргей Гліннік праехаў тысячы кіламетраў на баявой машыне са сваім падраздзяленнем. Перажыў не адзін абстрэл, пахаваў сябра, які стаў выпадковай ахвярай.
Юнак рэгулярна пісаў дамоў. Паведамляў, што служыць ён добра, у пашане ў ваеннага кіраўніцтва і з нецярпеннем чакае дэмбеля. Вось толькі аб тым, дзе яму даводзіцца служыць, ён расказаў толькі стрыечнай сястры.
Ужо тады ў Афганістане да Сяргея прыйшла бяссоніца. Жудасныя перажыванні адступалі толькі з заходам сонца на фоне вялізарных белых снежных вяршынь гор, і ўсё часцей у думках прабягалі родны дом, горад і школа.
Дамоў Сяргей Гліннік вярнуўся статным і прыгожым салдатам, на грудзях якога была дзяржаўная ўзнагарода, на галаве пабліскавала сівізна. А каля вачэй з’явіліся першыя зморшчыны.
– Адкуль жа ўзнагароды, сынок? – лагодна распытвала яго матуля.
– Я служыў у Афганістане, – ціха вымавіў ён. З вачэй жанчыны пакаціліся слёзы. А малодшыя брат і сваякі кінуліся паціскаць яму руку.
Мірнае жыццё
Паступова прывыкаў мужчына да мірнага жыцця. Вучыцца далей не стаў – не пажадаў сядзець на матчынай шыі. Пайшоў ізноў працаваць вадзіцелем. Яму адразу прапаноўвалі пайсці на службу ў міліцыю, але такое рашэнне ён прыняў не адразу - толькі калі пераехаў у Беразіно разам з жонкай. Дарэчы, сваю суджаную Сяргей доўга шукаў. Дзяўчаты заглядваліся на яго. Але мужчынскае сэрца ўпарта маўчала. Забілася яно мацней, калі ў час спартыўных мерапрыемстваў ён вачыма сустрэўся з будучай жонкай. “Вось яна - твая суджаная”, - падказала яму сэрца. А браў жанчыну ў палон Сяргей мужчынскай памяркоўнасцю, адказнасцю і развагай.
Пра тое, што служыў у Афганістане, гаварыць не стаў, - прагаварыўся малодшы брат. Ды і дагэтуль у яго сэрцы не заціхаюць пачуцці да любімай жанчыны, якую ён бязмежна паважае за ўласнае пачуццё годнасці.
Разам з жонкай яны вырасцілі сына, пабудавалі, выкарыстоўваючы льготу, кааператыўную кватэру. На рахунку Сяргея Віктаравіча за час яго службы ў міліцыі мноства падзяк і заахвочванняў, бо яго машына ніводнага разу не падвяла і вадзіцель дэманстраваў зайздросную вытрымку і ўвагу ў складаных сітуацыях, выкрываючы злодзеяў і парушальнікаў.
– Мяне заўсёды вучылі служыць сумленна, – гаворыць ён. – Інакш я не ўмею. Памятаеце, якая ўзаемавыручка была паміж салдатамі ў славутым фільме Фёдара Бандарчука “9 рота” на той злашчаснай вышыні? Гэты фільм мне блізкі, бо кожны раз нагадвае аб воінскай службе, мужчынскім абавязку і годнасці.
Нашым першым экспанатам выставы, прысвечанай 35-годдзю вывада савецкіх войск з Афганістана, стаў медаль “За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы СССР”. Ён дагэтуль беражліва захоўваецца ў сямейнай скарбонцы Алены і Сяргея Гліннікаў.
Мілана ТРАПЯНОК,
Фота Алены ГРОМАВАЙ.