Спрыяе такому перараджэнню і красуня-вясна, якая рашуча ў гэты тыдзень ўступае ў свае правы – радуе нас шчодрым цяплом, лагодным сонейкам, першацветамі і пяшчотнай зелянінай дрэў. Ёсць яшчэ адна яркая прыкмета гэтага тыдня – беларускія могілкі, больш падобныя на светлыя бярозавыя гаі ці велічныя шапатлівыя лясныя гушчары – ажываюць.
І памерлых дзядоў, і жывых нашчадкаў
Ці не ля кожнай агароджы стаяць чарады машын самых розных мадэляў – ад новамодных іншамарак да старых, прабачце, яшчэ савецкіх “драндулетаў”, паўсюдна завіхаюцца людзі, гучаць галасы, часам, калі добра прыслухацца, нават ціхі плач. І нічога дзіўнага ў гэтым няма: мы ў каторы раз рыхтуемся адзначаць Радаўніцу, у шчымлівым чаканні яе мы спяшаемся на могілкі “пахрыстосавацца з продкамі”, прыбраць месца іх апошняга спачыну, расказаць ім пра новую вясну і пра сямейныя навіны, пагаварыць па душах, пазнаёміць з прашчурамі, якіх не ведалі пры жыцці яны і якія не ведалі іх...
У кожным рэгіёне і сям’і сваё стаўленне да Радаўніцы, свае традыцыі радаснай сустрэчы з памерлымі. Так, нехта спяшаецца на могілкі ў “наўскі” чацвер – першы чацвер пасля Вялікадня, хтосьці – у Праводную нядзелю, праз тыдзень пасля свята, аднак пераважная большасць – на Радаўніцу, на дзявяты дзень.
Дарэчы, гэта зусім не прынцыпова, ды і сэнс не мяняецца: тым, хто сышоў у нябыт, хто зверху апякае наш спакой, мы павінны прынесці радасную вестку пра вясну, пра ажыўленне прыроды, пра Вялікдзень, каб і яны парадаваліся, пацешыліся за нас, за тых, для каго яны хацелі лепшай долі, дзеля каго яны жылі, пакутвалі і ў каго верылі.
Таму і не выпадкова слова “радаўніца” спалучаецца са словам “радасць”. А яно і праўда, гэты дзень мы нязменна лічым святам, святам светлага і ціхага суму, заімглёнага слязьмі, асветленага ўсмешкамі, свята ціхага ўспаміну і яднання людзей – і памерлых дзядоў, і жывых нашчадкаў.
Радаўніца, Род і Радзіма
Памерлым ужо нічога не трэба: яны зрабілі ўсё, што маглі, і пакінулі ў сэрцы светлы ўспамін. А вось найперш гэта неабходна нам, жывым. Таму не абавязак, не трывіяльнае “што людзі скажуць” адрывае нас на пачатку вясны ад усіх спраў і важных клопатаў і прымушае ехаць часам за сотні кіламетраў да родных магіл. Мы едзем шукаць саміх сябе, прыслухацца да свайго сэрца і да сваёй памяці, напоўніць іх новай сілай і надзеяй. Не памятаеце калі вы адчулі сябе сваім на сваёй зямлі? Адказ вядомы – на могілках. Памятаеце калі большасць з нас упершыню прачыталі і рэальна ўсвядомілі, што пад гэтым крыжам ляжыць бацька твайго бацькі, а побач – яго бацька, а крыху воддаль, пад старым замшэлым камяніскам, дзе і не захаваўся ад часу надпіс, – яго дзед. І ва ўсіх у іх тваё прозвішча, і табе наканавана ў свой час легчы побач з імі ў гэту зямлю, якую яны дзеля цябе шчодра палілі потам і крывёю, і праз гады надпіс на тваім помніку будзе чытаць твой унук і адчуваць прыкладна тое ж самае. Вось тады надыходзіць разуменне, што нікуды не трэба з’язджаць далёка і надоўга, што трэба трымацца за іх, за гэтыя магілы, як дрэва трымаецца за карэнні, бо інакш цябе змятуць жыццёвыя буры і паламаюць цябе.
Ёсць яшчэ адно адчуванне, якое нязменна прыходзіць на могілках. Тут, сярод бацькоўскіх магіл, нам надзвычай спакойна і камфортна, тут думаецца і адчуваецца па-іншаму, няма самоты і расчаравання ад адзіноты і непаразумення. Магчыма таму, што словы Радаўніца, Род і Радзіма маюць адзін корань, адзін сэнс, адно значэнне.
З павагай да продкаў
Прынцып народнай культуры “Перш, чым сабе – продкам” раней не парушаўся ніколі. Гэта таму зямлю нельга было кратаць на агародзе, пакуль не прыбярэшся на могілках. Ды і сёння сярод старых жыве традыцыя першую кроплю з чаркі, якую пускалі па крузе на Радаўніцу, адліваць на магілу. Ды і перад тым, як прыбраць магілу, з памерлымі сваякамі “хрыстосаваліся” – клалі прынесенае нябожчыку чырвонае яйка, “малявалі” ім на магіле крыж. Разам з гэтымі старадаўнімі традыцыямі прыходзяць і новыя. Вясковыя могілкі практычна заўсёды хаваюцца ля гаспадарчых палеткаў. Таму механізатары ў гаспадарках перад ворывам і перад сяўбой нязменна наведваюць магілы памерлых механізатараў. Яны ж гэтыя палеткі да іх аралі, сеялі, палівалі сваім потам. Няхай цяпер і яны ім дапамогуць мець важкі ўраджай!
Гэтыя простыя, спрадвечныя рытуалы, нескладаныя, напоўненыя ўрачыстасцю, падштурхоўваюць нас да таго, што міжволі пачынаеш разумець, чаму Радаўніца – гэта не дзень памяці, а іменна Свята Памяці. Так будзе і праз дзесяць вёснаў, і праз дваццаць, і праз пяцьдзясят. І іншага не дадзена пакуль на гэтай зямлі будуць жыць людзі, якія імкнуцца шанаваць сваіх продкаў, думаюць пра нашчадкаў і лёс сваёй Радзімы…