Як расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Павел Сугака, палявыя работы тут распачалі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка з падкормкі азімых. Акрамя “Расы” на той час іншая тэхніка на поле выехаць не магла. Па меры таго, як плошчы станавіліся менш вільготнымі, распачалі і падрыхтоўку глебы да сяўбы. Да памятнага “хаўера” управіліся выканаць гэтую работу прыкладна на 70 гектарах, астатнюю плошчу апрацоўвалі ўжо пасля непагадзі.
Дружна працавалі на гэтым відзе работ механізатары Сяргей Лютарэвіч і Сяргей Жукоўскі, які акрамя таго займаўся і закрыццём вільгаці. Так, зрабіць гэта таксама было неабходна, бо ўшанскія лёгкія глебы вельмі хутка губляюць неабходны запас вільгаці, а доўгая адсутнасць дажджоў (аптымальна было б, каб ішлі яны двойчы-тройчы на тыдзень) вельмі істотна адбіваецца на росце як зерневых, так і кукурузы і траў. Як падкрэсліў галоўны аграном гаспадаркі Анатоль Сырэц, важкасць атрыманага ўраджаю ў гаспадарцы на добрую трэцюю частку заежыць ад надвор’я і яго капрызаў, на што паўплываць нават пры поўным захаванні тэхналогіі, немагчыма. Таму і даводзіцца прапрымаць усе неабходныя захады, каб мінімізаваць гэты ўплыў.
На сяўбе яравых галоўнай фігурай быў знакаміты ў гаспадарцы механізатар Аляксандр Муха, які на трактары МТЗ-3235 з пасяўным агрэгатам АППМ лічы адзін справіўся з планам сяўбы. Працаваў акуратна, выбіраючы ўчасткі поля, дзе мог прайсці яго магутны трактар. Таму даводзілася іншы раз аб’язджаць вымакшыя ўчасткі, камбінаваць.
Гэтымі днямі механіатары заняты не менш адказнай справай раскідвання і ўнясення арганікі пад будучыя пасевы кукурузы. Угнаенняў на палетках прыкладна 25 тысяч тон, так што работы задзейнічанаму звяну хапае. На ўнясенні арганікі заняты механізатары Уладзімір Хомчанка, Браніслаў Ржэвуцкі і Сяргей Лютарэвіч, забяспечвае іх бесперабойнай працай пагрузчык “Амкадора” Еўген Сакалоўскі. За рабочы дзень яны паспяваюць раскідаць больш як па 900 тон угнаенняў. Гатовыя плошчы адразу ж заворваюцца.
Дарэчы, сёллета ў “Ушы” пад кукурузу выведзелена 800 гектараў, частка яе традыцыйна будзе ўбірацца на зерне. Да высадкі “царыцы палёў” гэтымі днямі ўжо прыступілі. Крыху пазней плануецца пасеяць па 25 гектараў грачыхі і проса. Неўзабаве прыступіць да работы і новая, сёлета набытая, сеялка СПУ-6. Яна прызначана для падсеву шматгадовых траў і залужэння.
Спецыялісты ААТ “Уша” аптымістычна глядзяць на вынікі сваёй працы: неабходныя меры для атрымання добрага ўраджаю тут прынялі ў поўнай меры. Да таго ж, не падвялі і азімыя культуры. У параўнанні з мінулым годам захаваліся яны больш папяхова. Адзінае, што азмрачае настрой, дык гэта той факт, што каля 12 гектараў рапса (са ста пасеяных) аказаліся пашкоджанымі дзікімі жывёламі, якія чамусьці аблюбавалі ўшанскія палеткі і перыядычна выходзяць на патраву пасеваў. А вось 680 гектараў збожжавых перазімавалі добра. Так што спадзяванні на добры ўраджай ёсць, і яны небезпадстаўныя. Толькі б надвор’е пасадзейнічала вырасціць яго без страт.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.