Не трэба забываць, што гэта свята чалавека-стваральніка, чалавека-працаўніка, усіх, хто ўносіць важкі ўклад у працвітанне роднага краю. Таму самы час уславіць прафесійнае майстэрства і сумленнасць людзей, дзякуючы якім дасягаюцца поспехі ў сельскай гаспадарцы і ў самым прамым сэнсе слова забяспечваецца наша харчовая бяспека. Нам жа не ўявіць сёння шчаслівага і бесклапотнага жыцця без свежага духмянага бохана хлеба, смачнага малака і карысных арганізму малочных прадуктаў, багацця выбару каўбас і мясных дэлікатэсаў. Таму шчырая праца нашых карміцеляў заслугоўвае павагі ў грамадстве. Ды і як інакш, калі ім даводзіцца нават у святочны дзень шчыраваць у поле да сёмага поту.
На аднаго трактарыста звыш 300 гектараў
– На Першамай мы заўсёды працуем, – гаворыць дырэктар ААТ “Пагосцкі” Наталля Сокал. – Малочнатаварныя фермы прастояў не ведаюць, ды і сарака нашым механізатарам літаральна горача вясной. Трэба ж у аптымальныя тэрміны ўправіцца з сяўбой кукурузы, пасеяць аднагадовыя культуры, ды яшчэ дагледзець палеткі.
Наталля Уладзіміраўна вось ужо дзесяць гадоў узначальвае гаспадарку. За гэты час тэрыторыя яе істотна павялічылася. Да яе далучыліся былыя сельгаспрадпрыемствы ”Вяшэўскі” і “Бярэзінскі”, але нават гэта акалічнасць не змяніла традыцыю мясцовых земляробаў працаваць сумленна і быць у ліку першых у раённым спаборніцтве на жніве.
– Справа тут не толькі ў пэўнай урадлівасці глебы, але ў асаблівай пашане да зямлі-матухны, – заўважае Наталля Уладзіміраўна. – Яе мы надзейна даглядаем, добра апрацоўваем, уносім пэўныя тукі і арганіку, песцім добрым насеннем, кожны дзень аддаём часцінку сваёй душы. Механізатары ў нас – народ спраўны, зямлі верны і працы адданы.
Ды і жывуць яны па сялянскіх законах. А тут дзяржаўныя святы адыходзяць, прабачце, на другі план. У нас жа самая вялікая плошча палеткаў і пашаў у раёне. На аднаго трактарыста прыпадае каля 300 гектараў. Паспрабуй гэта належным чынам дагледзець і апрацаваць.
Яе вялікасць – кукуруза
Вяснавы яравы збожжавы клін ужо радуе мясцовых аграрыяў пяшчотнай аксамітнай рунню. Але сяўба яшчэ не завершана. Трэба пасеяць кукурузу. “Царыца палёў” зойме тут тысячу гектараў. Большасць палеткаў пойдзе на кармы, частка адведзена на зерне.
Летась ураджай “царыцы палёў” не падвёў надзей мясцовых работнікаў – забяспечыў важкі запас травяністых кармоў і зерня. Тут гэтаму ніколькі не здзіўляюцца, ды і сакрэту важкага ўраджаю не ўтойваюць.
Прыручыць каштоўную кармавую культуру змаглі захаваннем усіх тэхналагічных працэсаў ад выдатнай апрацоўкі глебы да выбару гатункаў беларускага насення. Яно тут сябе паказвае не горш за замежнае!
Спачатку арганіка
Так, пад поўную патрэбу ўносіцца арганіка. Не першы год за гэту справу адказвае звяно ў складзе Івана Захожага, Дзмітрыя Белага, Уладзіміра Гулевіча і Аляксандра Ермаловіча. Працуюць яны зладжана і за дзень раскідваюць да 1500 тон арганікі. Не патрабуюць гэтыя механізатары да сябе кантролю: самі ведаюць, што і як рабіць, да тэхнікі ставяцца ашчадна, а да сваіх абавязкаў – адказна.
– У нас за плячыма багаты працоўны стаж, – гаворыць Уладзімір Гулевіч, – я ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў працую, а хлоццы – па дзесяць. Палеткі ведаем як свае пяць пальцаў, ды і працай даражым. Яна нас добра корміць і прыносіць пашану.
Сяўбу давяраюць лепшым
Кіпіць работа і каля малочнатаварнага комплексу “Лешніца”. Тут шчыруе на сеялцы “Ферабокс” Аляксандр Ермаловіч. Нягледзячы на малады ўзрост, ён слыве ў гаспадарцы лепшым сейбітам кукурузы. За дзень засявае да 30 гектараў палеткаў. Вядома, хочацца болей і хутчэй, але навошта біць тэхніку, калі можна з душой і поўным стараннем правесці сяўбу.
– Сяўба кукурузы – справа адказная, – гаворыць механізатар, – яна расцягнецца амаль да 20 мая. Тут жа трэба, каб яшчэ нябесная канцылярыя не падвяла. Таму і на Першамай, і на дзень Перамогі будзе не да выхадных.
Ды я ўжо прывык. Не наракаю. Зімой, калі ўсё ўбяром і захаваем кукурузны сілас, – адпачну. А цяпер, прабачце, трэба працаваць!
А яшчэ – азімы рапс
Не да выхадных у майскія святы будзе і механізатарам, якія заняты на падкормцы тукамі азімага рапсу. Ён займае тут плошчу ў 300 гектараў і павінен забяспечыць гаспадарцы пэўны даход. Таму і бегаюць па палетках шпарка “Раса” і трактар з прычэпам пад кіраўніцтвам Канстанціна Булойчыка, Івана Ждановіча, а дапамагае ім бесперабойна працаваць Аляксандр Жукоўскі.
– Летась у нашай гаспадарцы была самая вялікая ўраджайнасць азімага рапсу, – гавораць механізатары. – Гібрыдны гатунак забеспечыў на круг па 40 цэнтнераў. І сёлета надвор’е гэтай культуры спрыяе. Няхай усё будзе добра, а мы пастараемся!
Зямля - яна карміцелька
Ды і не пазычаць зацікаўленасці і старання Сяргею Тарабонда і Віталію Цэдрыку. Яны ўносяць тукі пад будучы ўраджай зерневых.
– У мінулым годзе збожжавая ніва не падвяла нашых надзей, каласілася як залатая рака, – прызнаюцца яны. – Можа, і сёлета нам пашанцуе атрымаць важкі запас збожжа. Грошы патрэбны і нам, і гаспадарцы. Трэба ж яны каб папесціць зямлю тукамі, добрым насеннем, ды і земляробаў яшчэ парадаваць узнагародамі і прэміямі. У нас багата слаўных працаўнікоў.
Першамай – свята працы
Не гаруюць без выхадных дзён і механізатары Юрый Гоман і Сяргей Дадонаў. Вопыту сялянскага ім не пазычаць, стараннасці і сумленнасці – таксама. Таму іх палеткі, засеяныя аднагадовымі культурамі, літаральна цешаць вока акуратнасцю і дагледжанасцю.
Ды і чаго здзіўляцца. Яны памятаюць, як некалі “пагосцы” на Першамай ішлі ў святочных калонах з транспарантамі.
– Усё ў нашым жыцці мяняецца, – зазначаюць механізатары, – але нязменнай застаецца сялянская справа. Яна ж людзей корміць, дае ім працу і нясе дабрабыт.
Вось мы сёння дбаем пра будучыя зялёныя кармы, якія павінны забяспечыць нам рост надояў і сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе жывёлы. А значыць квітнець будуць наша гаспадарка, раён, вобласць, краіна. І селянін яшчэ болей упэўніцца ў неабходнасці сваёй працы. Таму Першамай мы адзначым сумленнай працай.
Вяснавое цяпло. Прыўзняты настрой і радасць, новыя сілы для чарговых здзяйсненняў, нязменнае жаданне народа жыць у міры і спакоі… Няхай надыходзячае свята працы стане зыходным пунктам для добрых спраў і цікавых праектаў, спрыяе матэрыяльнаму дастатку работнікаў ААТ “Пагосцкі”, застаецца сімвалам згуртаванасці і аптымізму.
*Мілана ТРАПЯНОК,
Фота Алены ГРОМАВАЙ.