Аб дынаміцы статуса Беразіно сведчылі агучаныя гістарычныя факты, успаміны карэнных жыхароў і актывістаў камуністычнага руху, рэдкія архіўныя фотаздымкі. Жыццёвы тонус уносіў музычна-паэтычны вернісаж прысвячэнняў роднаму гораду. У святле цікавых падзей і відавочных перамен бярэзінцы ўзгадвалі розныя бакі гарадскога жыцця: ад побыту – да культурнай спадчыны і мясцовых брэндаў.
Мястэчка на залатой сярэдзіне паміж Мінскам і Магілёвам, назву якому дала рака Бярэзіна, упершыню ў гістарычных крыніцах узгадваецца ў 1501 г, з ліпеня 1924 года становіцца цэнтрам аднаго з раёнаў Міншчыны, з 27.09.1938 г. значыцца як гарадскі пасёлак Магілёўскай вобласці, а з 7 сакавіка 1968-га набывае статус горада, маючы 6 тысяч жыхароў - абсалютнай большасцю рабочых і служачых, з’яднаных тэрытарыяльна месцам жыхарства, а таксама градаўтваральнай прамысловасцю.
Адміністрацыйнай адзінкай гарадскога ўпраўлення стаў гарадскі Савет дэпутатаў працоўных. Першым яго старшынёй стала легендарная ўдзельніца вайны Вера Шрэйн, яе пераемнікамі былі Іван Казачонак, Сяргей Яськевіч, Мікалай Буры. Кожнае прадпрыемства горада мела свой “таварны” твар, свой каэфіцыент карыснага дзеяння: маслазавод, спіртзавод, райпрамкамбінат з харчовым цэхам і цэхам бытавога абслугоўвання, торфабрыкетны і плодаагароднінны заводы. З цікавасцю ўспрымалі сучасныя гараджане дасведчаныя ўспаміны Маі Ладуцька – члена бярэзінскай арцелі імя Тэльмана прамысловай кааперацыі БССР, дзе напрыканцы 60-ых займаліся вытворчасцю хлеба і каўбас, рамонтам абутку і адзення, выкананнем фота- і цырульніцкіх паслуг.
На той час у вобліку Беразіно было больш сялянска-пасялковага. Сучасных забудоў - адзінкі, вуліцы без асфальту і асвятлення... 4 лютага 1969 года гарсавет зацвердзіў генеральны план забудовы горада на 30 гадоў – да 2000 года. Прагназавалася пашырыць яго плошчу да 470 га, мяркуемая колькасць жыхароў павінна была скласці 20-25 тысяч чалавек! (зараз у горадзе пражывае 11,4 тысячы).
Прагнозны доўгатэрміновы план прадугледжваў стварэнне на беразе Бярэзіны “зялёнай зоны” з культурна-паркавым комплексам і адміністрацыйна-гандлёвым цэнтрам з жыллёвым фондам і прадпрыемствамі мясцовай вытворчасці.
І вось у бліжэйшыя 20 гадоў за шашой Мінск-Магілёў на паўднёвым ускрайку горада вырастае новы мікрараён. Пра тыя гады актыўнага будаўніцтва ў Беразіно паведалі землякам агучаныя ўспаміны “галоўнага прараба” той новабудоўлі – начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, намесніка старшыні райвыканкама па будаўніцтве, зараз жыхара г. Чэрвень Мікалая Хаткевіча.
На той час Беразіно мела ўсяго тры шматкватэрныя двухпавярховыя цагляныя дамы: два па вуліцы Мінскай і адзін - на Кастрычніцкай, у раёне былога вакзала. Вуліца да кінатэатра была вымашчана каменнем, мела пясчаныя ўзбочыны, 85% забудоў былі прыватнымі.
Калі 1968-1969 гады былі стартам для будаўніцтва, то 70-ыя і пачатак 80-ых – сапраўдным будаўнічым рэнесансам у Беразіно. 1971 год адзначаны ўвядзеннем у эксплуатацыю бальніцы на 125 ложкаў, гасцініцы з рэстаранам, ільно-завода, хлебазавода з хлебапякарным і кандытарскім цэхамі, 1974 г. – будынка філіяла “Аграпрамбанка” і СШ №2. У 1977 годзе адчыніў дзверы РДК, у 1978-м – “Універсам”, у 1980-м – буйнейшы ў вобласці сырзвод, у 1982-м – гарадская лазня. Візітоўкай горада стаў з 1987 года новы аўтавакзал. Дарэчы, дзённыя перавозкі аўтабазы №22 на той час складалі 8 тыс. пасажыраў, уключалі 75 міжгародніх рэйсаў, 4 маршруты па горадзе.
На вечарыне прагучалі цікавыя звесткі, звязаныя з вуліцамі горада: у 30-ыя гады Беразіно мела ажно тры вуліцы імя Калініна, 14 вуліц і завулкаў названы ў гонар удзельнікаў вайны. Шматпакутны лёс вызначае вуліцу Інтэрнацыянальную са страшнай меткай яўрэйскага гета ў гады акупацыі. Вуліца Камсамольская ў час вайны была дашчэнту спалена фашыстамі, бачыла расправу над героямі Бярэзінскага падполля.
Шмат цікавага пра колішні быт Беразіно ўзгадалі адзначаныя на вечарыне ў намінацыі “За вернасць роднаму гораду” жыхары горада Браніслаў Трусевіч і Лілія Казырка. Яны распавялі пра першы гарадскі аўтобус з кандуктарам, гарадскія кінасеансы, школьныя будні ў сядзібе графа Патоцкага, пра школу-інтэрнат і вячэрнюю школу. Арганічным дапаўненнем з гісторыі дашкольных устаноў горада прагучалі ўспаміны загадчыцы дзіцячых садкоў № 1 і №3 Надзеі Ермаловіч.
У 60-90 гады ў Беразіно адзначаўся і сапраўдны спартыўны бум. Ладзіліся турніры па класічнай барацьбе на прыз першага камсамольца раёна Мікалая Рыбачонка, гарадская лыжня на прыз ганаровай піянеркі Усесаюзнай піянерскай арганізацыі Галіны Вішнеўскай, спартыўныя святы з заплывамі па Бярэзіне да Дня ваенна-марскога флоту, дзейнічаў гарадскі каток…
Быў Беразіно ў 70-90-ыя гады і культурнай сталіцай вобласці. РДК двойчы выходзіў пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва сярод клубных устаноў краіны, двойчы ўзнагароджаны Пераходным сцягам “Лепшаму Дому культуры вобласці”, меў рэкордную колькасць калектываў мастацкай самадзейнасці.
Фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Лявоніха” (з 1970 г. - народны) гастраляваў у Пецярбурзе і Грузіі. Вакальна-інструментальны ансамбль “Сябры” двойчы станавіўся лаўрэатам конкурсу “Палескі крышталь”, лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу эстраднай музыкі ў Маскве, пераможцам агляду маладзёжных музычных ансамбляў і агітацыйна-мастацкіх брыгад на ВДНГ СССР. А між тым, як засведчыў удзельнік першага склада ВІА Міхаіл Лескавец, у складзе ансамбля з 20 чалавек толькі трое мелі музычную адукацыю.
У правінцыі – не значыць на задворках! У 70-80 гады прайшлі сустрэчы са стваральнікамі фільма “Людзі на балоце”, з народным артыстам СССР і БССР Мікалаем Яроменкам, пісьменнікам Мікалаем Чаргінцом, лётчыкам-касманаўтам СССР Георгіем Грэчкам, народным артыстам СССР Анатолем Папанавым – выканаўцам галоўнай ролі ў фільме “Іван”, які ў 1982 годзе здымаўся ў Беразіно.
У горадзе на той час атрымалі прапіску новыя святы і абрады: пасвячэнне ў рабочыя, урачыстыя рэгістрацыі ў РДК шлюбу і нованароджаных, выдача пашпартоў, прыём у піянеры ў гарадскім скверы, свята Нептуна, урачыстыя провады навабранцаў у армію, мотаэстафеты дружбы ў суседнія гарады Бялынічы і Чэрвень…
Рамантыкай веяла ад успамінаў аб рачным параходстве па Бярэзіне з курсіраваннем пасажырскіх параходаў “Урал”, “Янка Купала”, “Бойкі” з Барысава ў Бабруйск праз Беразіно.
А лодачнай пераправай з Беразіно да Слабады карысталіся яшчэ ў сярэдзіне 70-ых. Праславілі раку Бярэзіну ў водных відах спорту ўраджэнцы Бярэзіншчыны – трохразовы чэмпіён свету па плаванні на байдарках і каноэ Міхаіл Хахол і чэмпіён БССР па водным пола Георгій Жукоўскі. Свае канцэрты запісвала на рацэ заслужаная артыстка Беларусі Тамара Раеўская. Гімнам любімай рацэ прагучала на вечарыне песня ў выкананні “бярэзінскай Сенчынай” Людмілы Камісаравай.
Сучасны твар Беразіно вызначаюць праграма “Камфортнае жыллё” і праект “Беразіно – здаровы горад”. Апошнія гады жыцця горада адзначаны ўвядзеннем ачышчальных збудаванняў (2019г.), новага маста праз Бярэзіну (2012г)., пускам прыроднага газу з удзелам Прэзідэнтам Беларусі (2008г.), адкрыццём ФАЦ “Лазурный” (2011 г.), комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву і басейна (2014г.), многімі іншымі аб’ектамі і будынкамі.
У Беларусі 104 гарады, і кожны непаўторны па-свойму. У Беразіно свая адмеціна. Сярод бярэзінскіх брэндаў помнік архітэктуры XIX стагоддзя - будынак былога вінакуранага завода Патоцкіх, адзіны ў краіне музей і помнік пад адкрытым небам драўлянай лыжцы памерам звыш 23 метраў, абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”, арт-аб’екты “Ліс”, “Тры мядзведзі”…
Гарады - як людзі. У кожнага свая гісторыя і свой лёс – з маладосцю і сталасцю, з мінулым і сённяшнім. Гісторыя роднага горада цікавіць не толькі таму, што яна была, а і таму, што працягваецца сёння і ўплывае на нас. Тое, што ёсць, мы разумеем толькі тады, калі пераасэнсоўваем тое, што было.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ДУК “Бярэзінская цэнтральная
раённая бібліятэка”.