Працягваць гэты спіс уменняў і дасягненняў можна доўга. Мне падаецца, што на яго пералік і газетнага аркушу не хопіць. А належаць усе гэтыя трапныя характарыстыкі дырэктару раённага цэнтра рамёстваў, сапраўднаму прафесіяналу, прывабнай жанчыне Іне Хвашчэўскай.
Дзякуючы Іне Валянцінаўне, цэнтр рамёстваў стаў упадабаным месцам адпачынку бярэзінцаў і гасцей раёна, месцам рэалізацыі цікавых творчых праектаў, розных майстар-класаў і выдатным працоўным месцам для пачынаючых майстроў дэкарытыўна-прыкладной творчасці.
Праўда, сама Іна сябе ніколі не лічыла творчым чалавекам. Ды і прафесію абрала самую звычайную – эканамічную, набыла пэўны вопыт у прадпрымальніцтве.
– Ды свой лёс не падманіш. Сэрца падказвала мае гэта прызванне, калі пагадзілася ўзначаліць установу культуры, – гаворыць жанчына.
Яно і не падманула: пачынаючы ўжо з першых мерапрыемстваў у пакоі-музеі драўлянай лыжкі ўсё спрыяла раскрыццю арганізатарскіх здольнасцей жанчыны.
Гэта дзякуючы ёй класічны выраз “Я павяду цябе ў музей” стаў у нашым раёне нормай. Чаго была варта прэзентацыя выставы сучаснай керамікі “Погляд” маладога спецыяліста, выпускніцы аддзялення керамікі Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча імя Крупскай Разаліны Бусел. Нягледзячы на малады ўзрост, яна паспяхова дэманстравала свае керамічныя творы амаль на 30 самых розных пленэрах, выставах і сімпозіумах у нашай краіне і за мяжой, знайшла вялікую армію творчых аднадумцаў і сяброў. Яны пагадзіліся дапамагчы Разаліне ў наладжванні першай у нашым раёне выставы сучаснай керамікі.
Аднак не толькі кераміка абудзіла ў бярэзінцаў цікавасць да раённага цэнтра рамёстваў. Былі яшчэ наладжаныя ночы музеяў, конкурсы вязальшчыц і шматлікія выставы. Здавалася, гэтым усім нас ужо не адцягнеш ад канап, але кожнае мерапрыемства тут валодала пэўнай энергетыкай, мела свой адметны почырк і надоўга адбівалася ў памяці. Асабіста мне запомнілася ноч музеяў з кітайскімі ліхтарыкамі, а яшчэ выстава работ самадзейных бярэзінскіх мастакоў. Была яшчэ выстава ёлачных цацак. А сёння сваіх наведвальнікаў Іна Хвашчэўская запрашае ў імправізаваны краязнаўчы музей. Створаны ён толькі дзякуючы намаганням работнікаў цэнтра.
А зараз у цэнтры дзейнічае выстава “Немеркнувший свет икон”. Увогуле, здаецца, цэнтр рамёстваў ніколі не пустуе. Сюды спяшаюцца дзеці і дарослыя. На экскурсію прыязджаюць розныя дэлегацыі.
– Амаль кожную суботу ў нас наведвальнікі з Расіі, якія адпачываюць у санаторыі “Бярэзіна”, – дадае Іна Валянцінаўна. – Асабліва ім цікава разглядаць нашы драўляныя лыжкі, якія вырабляе вядомы майстар Яўген Восіпаў.
У скарбонцы ў Інны Валянцінаўны мноства ўзнагарод за шматлікія конкурсы, фестывалі, праекты. Адна з апошняй – Ганаровая грамата Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.
– У чым сакрэт поспеху? Здаецца, ён просты: патрэбна ў працу ўкладваць кавалачак душы, рабіць усё з любоўю. Тады і атрымаецца. Маё шчырае меркаванне – у сэрцы кожнага чалавека жыве прага да творчасці, – гаворыць Іна, – галоўнае толькі абудзіць яе. У мяне гэта атрымліваецца, бо сабраны ў калектыве атрад аднадумцаў. З імі у нас кожнае мерапрыемства – як сапраўдная падзея. Мы кожнаму госцю рады і да кожнага мерапрыемства рыхтуемся з усёй аддачай.
З гэтым не паспрачаешся, бо ў раённы цэнтр рамёстваў мы нязменна ідзём як на свята, за радасцю і надзеяй. А яшчэ нам вельмі прыемна дзівіцца творчым знаходкам калектыву і яе кіраўніка. Дарэчы, у суботу Іна Леанідаўна будзе адзначаць свой юбілей. Узрост мы выдаваць не будзем, бо сапраўдная творчасць і гарэнне цураюцца любых лічбаў у пашпарце. Затое зычым Іне Валянцінаўне новых ідэй, цікавых задумак і крэатыўных знаходак. А яшчэ чакаем запрашэння на новае мерапрыемства, каб асабіста пажадаць ёй моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту!
Мілана ТРАПЯНОК.