Звароты грамадзян – на кантролі
Па дадзенай тэме выступіў кіраўнік спраў Міхаіл Бурцаў.
Мясцовай уладай рэгулярна праводзяцца выязныя і асабістыя прыёмы грамадзян, штотыднёвыя прамыя лініі. А гэта значыць, што бярэзінцы не застаюцца самнасам з цяжкасцямі. Сёння ў іх ёсць мноства магчымасцей данесці кампетэнтным органам інфармацыю пра наяўнасць праблемы ў рэгіёне, каб разам знайсці выйсце са складанай сітуацыі.
– За 2022 год іх паступіла 362 супраць 386 пазалеташніх– лічы, па аднаму звароту ў дзень, калі браць агульную колькасць дзён у годзе. Большая частка зваротаў былі пісьмовымі – 267. Па электроннай пошце атрымана іх 117, а вусных было толькі 95.
За 1 квартал бягучага года разгледжана 64 звароты, за аналагічны перыяд мінулага года – 57.
Нагадаем, з 2 студзеня 2023 года ўступілі ў сілу змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", якія закранулі парадак падачы электронных зваротаў. Цяпер накіраваць электронны зварот магчымы толькі з дапамогай дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб.
ЖКГ, дарогі і зямельныя пытанні
Аналіз зваротаў паказвае, што на першым месцы, як і раней, знаходзяцца звароты па жыллёва-камунальных пытаннях. Гэта пытанні водазабеспячэння і каналізацыі, добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, дваровых тэрыторый, вулічнага асвятлення, газазабеспячэння, ацяплення, аплаты жыллёва-камунальных паслуг, рамонту жыллёвага фонду, адлову безнаглядных жывёл.
На другім месцы знаходзяцца пытанні дарожнай гаспадаркі. У большасці дарогі Бярэзінскага раёна грунтавыя. Пажаданні грамадзян – гэта асфальтаванне дарог або іх падсыпка асфальтагранулятам або іншым цвёрдым матэрыялам.
На трэцім месцы знаходзяцца зямельныя пытанні.
Павялічылася колькасць зваротаў па рабоце грамадскага транспарту. Зрывы рэйсаў, альбо ўвогуле іх адсутнасць. Прычына? Зношанасць тэхнікі. Гэтае пытанне кіраўніцтва райвыканкама трымае на кантролі. І мы на старонках газеты неаднойчы падымалі гэтае вострае пытанне. Спадзяёмся, што ў хуткім часе аўтапарк набудзе новыя аўтобусы і праблема будзе вырашана.
– Зразумела, колькасць зваротаў штогод расце адпаведна з развіццём цывілізацыі. Але ўсе пытанні вырашыць у адзін момант немагчыма. Паступова, агульнымі намаганнямі, – заўважыў старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук. – І я неаднаразова паўтараў і паўтараю, калі даяце абяцанні людзям – іх патрэбна выконваць, а не даваць пустыя абяццані. Іначай даверу ўладам не будзе.
“Адно акно”
У райвыканкаме функцыянуе служба "адно акно", створаная ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2018 г. № 202 "Аб службе "адно акно".
За 2022 год зарэгістравана 2904 заяў па адміністрацыйных працэдурах, выдадзена 2812 адміністрацыйных рашэнняў, праведзена 6683 кансультацыі.
Аналізуючы работу службы «адно акно», трэба адзначыць, што сярод самых частых зваротаў у службу - гэта прызначэнне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, сямейнага капіталу, пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, рэгістрацыя дагавораў найму, пастаноўка на чаргу ў дзіцячы сад, жыллёвыя пытанні, пытанні будаўніцтва і архітэктуры.
Ідэалагічная работа
Яшчэ адно не менш важнае пытанне – формы і метады ідэалагічнай работы.
Аб гэтым падрабязна гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Лучанок.
– У кожным калектыве раёна праходзяць Адзіныя дні інфармавання, дзе агучваюцца актуальныя тэмы, – гаварыла Таццяна Міхайлаўна. – Праводзім і дыялогавыя пляцоўкі з моладдзю, у працоўных калектывах, дзе ўзнімаем пытанні, у тым ліку і праблемныя, якія хвалююць кожнага з нас. Нядаўна пачаў дзейнічаць тэлеграм-канал “Новости Березино. Чат”, дзе кожны жадаючы можа задаць хвалюючае пытанне. Адным словам, робім усё, каб кожны з жыхароў Бярэзіншчыны быў пачуты.
Юлія БУКЕЛЬ.