Наканаваны адзін аднаму
Вяселле Валянціна згуляла пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
– Сяргей быў наканаваны мне лёсам, – лічыць жанчына, – мы ж нарадзіліся з ім у адзін год і адзін месяц! Маю матулю выпісвалі з радзільнага дома, а яго – прымалі.
Праўда, Сяргей і тады, і дагэтуль не вельмі верыць у супадзенні і звышсілы. Валянціну запрыкмеціў выпадкова. Неяк яна яшчэ у 8-ым класе, гуляючы па вясковай вуліцы з цёткай, сустрэлася з юнаком. І гэты момант нібыта перавярнуў яго лёс. Першыя чатыры гады Валянціна вучылася ў пачатковай Высакагорскай школе, а пасля пешшу хадзіла ў Багушэвіцкую дзесяцігодку. Ды і што зробіш, калі ім давялося сядзець нават за адной партай.
– Аднойчы нашы позіркі сустрэліся і маё сэрца забілася часцей. Колькі гадоў ужо прай-шло, але я дагэтуль памятаю свае дзіцячыя шчымлівыя пачуцці, – гаворыць яна.
Неяк вясной прама на рукі дзяўчыне сеў белы голуб. Яна перапалохалася, але бацькі супакоілі – гэта добры знак. І як у яго не паверыць, калі наступны дзень да Валянціны зайшоў Сяргей. Аднак прызнацца ў сваіх пачуццях юнак не змог. Слоў кахання давялося чакаць доўгіх два гады яго службы ў арміі.
Чарнобыльскі боль
Сваё сямейнае жыццё Валянціна і Сяргей пачалі будаваць у бацькоўскай хаце жанчыны. І праз сорак гадоў ніколькі не шкадуюць аб гэтым рашэнні. За гэты час яны тут усе змянілі на свой лад, але нязменнымі засталіся вялізныя ліпы. Яны памятаюць, як Валянціна вярнулася ў родную школу выкладаць рускую мову і літаратуру, не забыцца ім як упершыню ўносілі ў дом нованароджаных сыноў. А вось Сяргея ў першыя гады сямейнага жыцця велічныя дрэвы бачылі нячаста. Пасля тэрміновай службы ён застаўся вучыцца на прапаршчыка. Валянціна мужу не пярэчыла. Рабіць гэта ёй не дазваляла сялянскае выхаванне і яшчэ вялікае жаданне дапамагчы мужу набыць прафесію. Але хто ведаў, што ў 1986 годзе выбухне Чарнобыль і зменіць лёсы тысячы людзей?
Прапаршчык Сяргей Мацкевіч на той час служыў у Мар’інагорскай вайсковай часці, а 1 студзеня 1987 года апынуўся адразу ў трыццацікіламетровай зоне.
– Мы жылі ў вёсцы Рудакова Брагінскага раёна, – расказвае ён, – а займаліся праверкай тэхнікі на ўзровень радыяцыі, якая ішла з Прыпяці, то з іншых забруджаных мясцін, то на ЧАЭС. Пра радыяцыю тады ведалі нямнога, але стараліся не грэбаваць рэкамендацыямі па санітарыі. Раз на тыдзень вазілі ўсіх у лазню ў Брагін.
Валянціне было яшчэ цяжэй: сэрца балела за мужа, ды і на руках маладой жанчыны быў ужо малы сынок і бясконцыя хатнія клопаты. Куды было яшчэ і думаць пра невядомую нікому радыяцыю?
У саставе ваеннай аўтаінспекцыі Сяргей Мацкевіч праслужыў у Брагінскім раёне тры месяцы. Такі тэрмін падаецца недасведчаным вельмі малым. Але яго аказалася дастаткова, каб за ўдзел у ліквідацыі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС ён быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Афганістан
Вясной 1987 года Сяргей вяртаецца ў родную часць. Але пабыць з сям’ёй удосталь у яго ніяк не атрымліваецца. На гэты раз віноўнікам разлукі стаў Афганістан.
– Гэта сёння модна адмаўляцца ад загадаў і публічна іх абмяркоўваць, – разважае Сяргей, – а тады час і людзі былі іншымі, больш адказнымі і свядомымі, патрыятычнымі ў самым прамым сэнсе слова. Таму адмовіцца ад загаду ніяк не мог. Ды і рашэнне мае было верным. Я б не змог жыць, кахаць і гадаваць дзяцей з такім цяжкім грузам!
Валянціна на гэты раз ужо не вытрымала – плакала, пагражала. Няўжо ізноў быць адной і перажываць за мужа?
Але нядоўга – на наступны дзень яна з сынам без адзінай слязінкі праважала мужа.
– Спачатку наш самалет ляцеў у Кабул, дзе размяшчаўся перасыльны пункт, а потым мы ўжо дабіраліся ў Кандагар, – успамінае мужчына. – Тое, што там убачыў, назаўсёды ўрэзалася ў памяць. Я ж ніколі не быў за мяжой. Я там упершыню ўдосталь да болю ў жываце наеўся вінаграду і персікаў.
Служба ў Афганістане доўжылася дзесяць месяцаў. Але для Валянціны яны сталі самымі чорнымі і балючымі ў жыцці. Сяргей паехаў з дому ў жніўні, але амаль да кастрычніка ад яго лістоў не было. Мужчына захварэў на тыф і доўга не мог пісаць, таму кожную раніцу жанчына бегла з усіх сіл да паштальёна.
– І па сённяшні дзень памятаю радасць ад кожнага ліста ад мужа, – прызнаецца жанчына. – сэрца да болю сціскалася, калі бачыла родны роўны почырк. Прачытаеш яго – нібыта з мужам па душах пагаварыш, падтрымаеш яго ў цяжкі момант, зберажэш ад бяды. Пройдзе нейкая гадзіна і слёзы наварочваюцца: як ён там? Ці жывы? Ізноў чакаеш ліста, не спіш начамі, бяжыш да паштальена. Няма на свеце нічога цяжэй чым, чаканне!
“Ад каго гэта ты так завязалася?”
Сяргей вярнуўся летам 1988 года.
– Мы сачылі за падзеямі ў Афганістане і спадзяваліся, што дзень на дзень наш муж і тата вернецца, – расказвае жанчына. – Дзеці гулялі ў двары, а каб яны не выбеглі на вуліцу, я завязала веснічкі вяроўкай, а сама корпалася ў градах. Раптам пачула гул машыны каля нашага двара. Вырашыла падбегчы і ўбачыла легкавушку сястры, якая гасціла днямі ў мяне. Няўжо нешта забылася? А бачу – мужа! Ад хвалявання веснічкі доўга развязаць не магла, а ён стаў такі спакойны ў чаканні і жартаваў “Ад каго гэта ты так завязалася?”.
Дзеці бацьку пазналі не адразу і яшчэ доўга клікалі дзядзем. Больш Сяргей і Валянціна ніколі не разлучаліся. Сяргей уладкаваўся ў Багушэвіцкае лясніцтва, а Валянціна вучыла дзяцей у школе. Па першым часе жанчына імкнулася, каб муж як мага хутчэй забыўся пра службу ў Афганістане, але потым, як педагог, стала далучаць яго да школьных патрыятычных мерапрыемстваў. Аднак Сяргей рабіць гэта не стаў.
– Крый Божа, людзям зведаць пакуты вайны, – гаворыць ён, – на свае вочы пабачыць гвалт і смерць! Дагэтуль не забыцца мне пра адзін трагічны выпадак. На аэрадроме прызямліўся савецкі самалет з савецкімі апазнавальнымі знакамі, але пры прызямленні і развароце машыну вынесла на замініраванае поле. Самалёт загарэўся. Усе, хто быў у ачапленні, кінуліся ратаваць летчыкаў і тэхніку. Хтосьці крыкнуў “Бомбы”. Раздаўся выбух. Тады загінулі 28 чалавек, 14 атрымалі раненні. Лётчыкі і пілоты здолелі выскачыць і адбегчы. Яны выратаваліся ад смерці, але трапілі за краты.
Гэту гісторыю мужчына ўспамінае не часта, затое насуперак сваім хваробам і ўзросту імкнецца атуліць сваю любую жонку, сыноў і ўнукаў любоўю і клопатам. Сваю адзіную выбранніцу ён песціць кветкамі, дзеля яе наводзіць з сынамі ўтульнасць ў доме і нават змайстраваў арэлі. Разам яны любяць як у маладосці паблукаць па прыгожых вясковых мясцінах. Любоў да жанчыны і радзімы для Сяргея непадзельная, а зразумець гэта дапамог Чарнобыль і Афганістан.
– Гэтыя нягоды падкасілі здароўе майго Сяргея, – гаворыць Валянціна, – аднак ён ніяк не хоча паверыць у Бога.
Боскай літасці за яго мужу прашу я.
У будучую экспазіцыю сям’я Валянціны і Сяргея Мацкевічаў перадае свае пісьмы і ўзнагароды. Лісты аказаліся непадуладнымі часу, напэўна, таму, што наскрозь пранізаны сапраўдным каханнем, якое толькі мацнела ў нягодах.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фото Івана ЖУКОЎСКАГА.