Культура пачынаецца з нас

Date 20.07.2023 Man
Comment 1274
Культура пачынаецца з нас

Жаданне жыць прыгожа і ўтульна - для кожнага з нас нармальная з‘ява. Яно, да таго ж, з‘яўляецца і паказчыкам нашай чалавечай культуры. Толькі вось чамусьці для многіх бярэзінцаў гэтыя паняцці так і не сталі сінонімамі. У сваім доме і на падворку наводзяць яны адмысловы парадак, дэманструючы ўсім, якімі гаспадарамі яны з’яўляюцца. А смецце, адходы, ды непатрэбныя рэчы выносяць прэч. Дзякаваць богу, ёсць куды: вунь колькі ўстаноўлена на вуліцах кантэйнераў – не пуставаць жа ім! Ну і што з таго, што прызначаны яны толькі для асобных відаў адходаў? Работнікі ЖКГ прыбяруць, не дадуць гораду зарасці смеццем. А калі што – дык і паскардзіцца на іх кепскую работу можна, ведаем куды, пісьменныя.

Так, сапраўды даводзіцца чуць нараканні на кепскую работу жыллёва-камунальнай службы: то нясвоечасова прыбралі кантэйнерную пляцоўку, то з парушэннем графіка на дзень-другі вывезлі смецце. Прычын звярнуцца ў адпаведныя інстанцыі знаходзіцца заўсёды шмат. Бываюць яны і абгрунтаванымі, ніхто не спрачаецца. Але ж не ў адносінах навядзення парадку на кантэйнерных пляцоўках, размешчаных у прыватным сектары горада. Гавару гэта з усёй адказнасцю, праехаўшы ў адзін з дзён па такіх “урадлівых мясцінах”, ад могілак па вуліцы Мультана і да вуліц Юбілейнай і Меліяратараў. Пабачыць вынікаў пладоў нашай культуры ў імкненні навесці належны парадак на сваім падворку мне давялося столькі, што хопіць надоўга. Людзі, няўжо мы здатныя на падобнае і працягваем паважаць сябе за свае паводзіны?

Шчыра скажу, мне стала вельмі шкада работнікаў ЖКГ. Не толькі ім, нікому не будзе па сілах прыбіраць, прыбіраць і прыбіраць горы смецця, якія ўтвараюцца штодень і растуць ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі: прыбраў тону – назаўтра на гэтым жа месцы вырастае ўжо дзве. Шакіруе той набор адходаў, якімі завалены кантэйнеры і прылягаючыя да іх пляцоўкі: чаго там толькі няма! Іншы раз убачыць іх за гарамі наваленых побач ветак, сучча і травы проста немагчыма. Ды і акрамя адходаў расліннгага паходжання, тут пабачыш старую мэблю, паламаны шыфер, цюкі полікарбанада ад старой цяпліцы, адпрацаваныя аўташыны, дошкі, будматэрыялы… Не будзем працягваць гэты бясконцы і бессэнсоўны пералік, тым больш што ўсё добра адлюстроўваюць прыведзеныя фотаздымкі.

Самымі праблемнымі і пастаянна забруджанымі для работнікаў ЖКГ з‘яўляюцца кантэйнерныя пляцоўкі побач з гарадскімі могілкамі (ну не бывае на месцах пахавання адходаў ад жыццядзейнасці чалавека!), па завулку Кастрычніцкім побач з ДТСААФ (там наогул створана стыхійная звалка), на вуліцах Кірава, Ульянава, Юбілейнай і Меліяратараў. Колькі б ні даводзілася ўшчуваць тамашніх жыхароў, вынікаў гэта не дае.

Яшчэ на адну акалічнасць хочацца звярнуць увагу. На тое, як запаўняюцца кантэйнеры. Яны могуць быць напалову пустыя, але побач з імі бачыш столькі выкінутых пакетаў або асобных рэчаў. Ну няцяжка ж закінуць прынесенае прама ў кантэйнер з адпаведным надпісам. Толькі ў некаторых з іх убачыш усё што хочаш, аднак не тое, для чаго яны прыначаны.

Канечне, кантэйнеры рэгулярна вызваляюцца ад смецця. І калі ў ідэале для гэтай справы дастаткова адправіць толькі адзін смеццявоз, то адбываецца падобнае вельмі рэдка. Часцей за ўсё для выканання гэтай справы даводзіцца адпраўляць цэлы мехатрад, у які ўваходзяць яшчэ трактар з прычэпам і пагрузчык, які сваім каўшом пры загрузцы смецця кожны раз стварае ўсё большую яміну побач з кантэйнернай пляцоўкай. Такім чынам, у колькі разоў узрастаюць выдаткі ЖКГ на вываз адходаў пры той  жа нязменнай аплаце, якую ўносяць грамадзяне за гэтую паслугу. Лічыце гэта правільным і справядлівым? А гэтыя сродкі маглі б быць накіраваны на набыццё або рамонт кантэйнераў, добраўпарадкаванне нашых вуліц, на іншыя мэты.

Культура, патрабавальнасць, адказнасць могуць існаваць толькі тады, калі яны ўзаемныя.    

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30