Галоўны стымул – цікавасць да прадмета

Date 30.09.2023 Man
Comment 656
Галоўны стымул – цікавасць да прадмета

Сваю славу як педагог выкладчык нямецкай мовы СШ №3 г. Беразіно Андрэй Сойка заслужыў намнога раней таго часу, як сёлета пасля правядзення раённага конкурсу педагагічнага майстэрства і ўпартай барацьбы яму было прысвоена званне настаўніка года Бярэзіншчыны.

Гэтая акалічнасць толькі пацвердзіла, што Андрэй Аляксандравіч, сапраўды, выдатны спецыяліст сваёй справы і за 20 гадоў педагагічнай дзейнасці здолеў стварыць належны імідж сярод і калег, і вучняў, якім аддае не толькі ўвесь свой вольны час, але і часцінку душы і сэрца.

– Работа для мяне заўсёды прыносіць толькі радасць, – дзеліцца сваімі меркаваннямі настаўнік. – Лічу, што ў мяне ўсё склалася самым найлепшым чынам. Добраму настрою садзейнічаюць любоў дзяцей і павага калег. Замежная мова – прадмет спецыфічны і апошнім часам для сучаснага чалавека з’яўляецца важным спадарожным момантам. У сваёй рабоце ніколі не стаю на месцы, пастаянна знаходжуся ў актыўным пошуку новых метадаў і падыходаў да выкладання мовы, імкнуся, каб не было двух аднолькавых урокаў.

Аўдыторыя вучняў у Андрэя Аляксандравіча самая шырокая – ад трэцяга да адзінаццатага класа. І да кожнага яму ўдаецца знайсці свой падыход. Асабліва падабаюцца яму школьнікі малодшых класаў, для якіх уласціва павышаная цікавасць да ўсяго нязведанага. А замежная мова якраз і ёсць такая таямніца. Таму галоўным на гэтым этапе навучання педагог лічыць развіць дзіцячую цікавасць да свайго прадмета, а потым замацаваць яе і даць трывалыя веды. І Андрэю Сойка гэта ўдаецца. Асабліва зацікаўленыя і здольныя школьнікі нават прымаюць удзел у прадметных алімпіядах, займаючы пры гэтым даволі важкія перамогі. Так, адзін з вучняў Андрэя Аляксандравіча вярнуўся з абласной прадметнай алімпіяды з дыпломам за трэцяе месца (дарэчы, у кабінеце замежных моў школы красуецца нямала дыпломаў, грамат і падзяк настаўніку за яго работу).

Шлях у педагогіку Андрэй Сойка пачынаў з вучобы ў Барысаўскім педагагічным каледжы, а затым працягваў вучобу ў лінгвістычным універсітэце і мэтанакіравана рыхтаваў сябе да працы з дзецьмі. Любоў да нямецкай мовы яму прывіла настаўніца Бярэзінскай гімназіі Паліна Лагун, дапамагалі ў яе вывучэнні і ўласныя здольнасці і цікавасць. Гэтыя якасці і імкнецца развіць у сваіх гадаванцаў настаўнік. І вельмі ганарыцца тым, што адна з яго вучаніц, Дар’я Казачонак, пайшла па яго шляху і зараз выкладае нямецкую мову ў другой гарадской школе.

Час не стаіць на месцы. У школе працягваюцца ўрокі, ідзе падрыхтоўка чарговых удзельнікаў прадметных алімпіяд, жадаючым школьнікам Андрэй Аляксандравіч дапамагае ў падрыхтоўцы да здачы цэнтралізаванага экзамену і паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову, вядзецца пошук новых цікавых форм падачы ўрока. Так, быць адным з лепшых у раёне няпроста, як і ўтрымліваць гэтае ганаровае званне.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2025 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
  1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30