«Блакітны агеньчык» Шумскіх

Date 04.10.2023 Man
Comment 881
«Блакітны агеньчык» Шумскіх

Адпрацаваўшы працоўную змену, Дзмітрый Шумскі адразу накіраваўся да бацькоў у Гурэшчыну. Тут, на дачы, Валянціна Леанідаўна і Яўгеній Фёдаравіч жывуць і шчыруюць з ранняй вясны да самых замаразкаў. І гэтак штогод, як пайшлі на заслужаны адпачынак.

На невялікім участачку вырошчваюць абсалютна ўсё, што можна – і садавіну, і агародніну (бульбу ажно на тры сям’і – сабе, дзецям, унукам), ды і кветкам месца хапае. Амарант, заўчаснік, ружы, лабелія... Як жа без іх прыгажосці?! А сын дапамагае.

Дзмітрый Яўгенавіч працуе ў Бярэзінскім раёне газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення “Барысаўгаз” слесарам аварыйнай службы. Тут жа працаваў яго бацька Яўгеній Фёдаравіч. Сёлета ён – ветэран працы з 40-гадовым працоўным стажам – да прафесійнага свята быў узнагароджаны нагрудным знакам “Ветэран нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці”.

Спачатку быў цэх

– У 1975 годзе, – гаворыць Яўгеній Фёдаравіч, – калі я ўладкоўваўся на працу, арганізацыя мела іншую назву – Бярэзінскі цэх звадкаванага газу. Спачатку працаваў слесарам па абслугоўванні газавых прыбораў, потым гадоў 7 кладаўшчыком, гадоў 17 – майстрам цэха... Нават слесарам на торфабрыкетным заводзе парабіў, калі аб’ядналі нас. А на заслужаны адпачынак пайшоў у 2014 годзе. На першым месцы заўжды была адна задача – забяспечыць газам нашых спажыўцоў, жыхароў Бярэзіншчыны, каб у іх дамах і кватэрах гарэў “блакітны агеньчык”, паляпшаўся дабрабыт.

Дарэчы, за сваю добрасумленную працу Яўгеній Фёдаравіч, акрамя шматлікіх грамат, быў адзначаны нагрудным знакам “Ударник коммунистического труда». З гонарам і хваляваннем расказвае і пра сёлетнюю ўзнагароду “Ветэран нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці”.

– Запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства ў горад Стоўбцы, – распавядае ён. – Акрамя мяне, адзначалі таксама Генадзія Калінку, Аксану Лапыцька, Аляксандра Марчанку... Вельмі запамінальная падзея, вялікая дастойная пашана для нас.

І жончына свята таксама

– З жонкай Валянцінай, – працягвае Яўгеній Фёдаравіч, – сустрэўся ў 1975 годзе. Праз год ажаніліся. Выгадавалі сына і дачку. Дачка з сям’ёй у Мінску жыве-працуе, а сын – побач.

Жонка родам з Віцебшчыны, прыехала сюды пасля заканчэння Аршанскага тэхналагічнага тэхнікума па накіраванні. Працавала спачатку на льнозаводзе загадчыцай лабараторыі. А потым далучылася да нас – работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.

Больш за 20 гадоў Валянціна Леанідаўна адпрацавала аператарам на аўтазаправачнай станцыі “Белнафтахім”. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак.

– Добра, што пакуль працавалі, – гаворыць яна, - паціху-памалу пабудавалі домік у дачным кааператыве “Сосны-89”, апрацавалі ўчастак. Цяпер збіраем ураджаі, дапамагаем гадаваць унукаў і асалоду атрымліваем...

Так, Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці стаў сумесным, сямейным святам Шумскіх.

Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31