Наталля Сакава – паштальён 5 разраду гарадскога аддзялення паштовай сувязі Барысаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Мінскага філіяла РУП “Белпошта”.
– Нават не верыцца, што мінула ўжо больш за 23 гады, як я ўладкавалася на працу паштальёнам, – гаворыць Наталля. – Некалі шчыравала швачкай у камбі-наце “Бярозка”, але ніколькі не шкадую, што змяніла тую “сідзячую” работу на цяперашнюю. Спачатку абслугоўвала жыхароў вёсак Красны Бераг, Святліца, Гута і дачны пасёлак садаводчага таварыства.
А калі вясковае насельніцтва перавялі на мотадастаўку (у 2015 годзе), мне прапанавалі перайсці абслугоўваць гарадскіх падпісчыкаў.
Так, штодзень працоўны маршрут Наталлі Мікалаеўны пралягае па вуліцах Максіма Горкага, Перамогі, Мінскай, Камуністычнай, Кастрычніцкай, Першамайскай, Аляшкевіча і завулку Якуба Коласа.
– Каму газету раздаю, каму – заказныя паштоўкі, каму – “кітайскія пасылкі” дастаўляю (зараз шмат такіх дасылаюць з інтэрнэт-магазіна “АliExspress”). Таксама ў сваёй працы выкарыстоўваю АПК – апаратна-праграмны комплекс “Мабільны паштальён”. Гэта дазваляе нашым кліентам, не выходзячы з дому, пакласці грашовыя сродкі на карту ці зняць іх, заплаціць за тэлефон ці пакласці грошы на мабільны тэлефон... Пасля вяртаюся ў аддзяленне, каб здаць справаздачу, – дадае Наталля, – а потым накіроўваюся дадому. Жыву я ў вёсцы Красны Бераг. Калі сын падвязе, а калі зноўку пешшу – да сырзавода, а адтуль яшчэ кіламетры чатыры. Я прывычная.
Па словах Наталлі Мікалаеўны, вялікую папулярнасць сярод бярэзінцаў маюць такія газеты, як “Советская Белоруссия” і раённая “Бярэзінская панарама”, а самай чытаючай катэгорыяй з’яўляюцца пенсіянеры. Яны, у адрозненне ад пакалення маладых, якія аддаюць перавагу даведвацца пра навіны з інтэрнэту, прывыклі атрымліваць інфармацыю ў «папяровай» форме і заўсёды з нецярпеннем чакаюць газеты і часопісы.
За сваю добрасумленную шматгадовую працу да свайго 55-гадовага юбілею Наталля Сакава была адзначана Граматай гарадскога аддзялення паштовай сувязі, а сёлета будзе адзначана Граматай Мінскага філіяла РУП “Белпошта”.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.