Зіму сустракаем падрыхтаванымі

Date 18.10.2023 Man
Comment 665
Зіму сустракаем падрыхтаванымі

Месцам правядзення чарговага рэйду па захаванні мер супрацьпажарнай бяспекі напярэдадні ацяпляльнага сезона стала тэрыторыя Паплаўскага сельскага Савета.

Амаль два дзясяткі домаўладанняў наведалі ў той дзень прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі Дзяржэнергагазнагляду і мясцовага сельвыканкама. Асноўны ўпор пры гэтым рабіўся на грамадзян пажылога ўзросту, мнагадзетныя сем’і, схільных да злоўжывання спіртнымі асоб.

Выявілася, што, на жаль, далёка не ўсе грамадзяне аднолькава беражліва ставяцца да захавання свайго жыцця і маёмасці, нярэдка парушаюць правілы пажарнай бяспекі, прычым робяць гэта не ў меру сваёй недасведчанасці, а па прычыне асабістай ляноты ці абыякавасці.

І найбольш наглядным прыкладам у гэтым плане стала домаўладанне аднаго з жыхароў вёскі Малыя Лагі. Увайсці да гаспадара ў дом мы не рызыкнулі, бо там утрымліваюцца ажно чатыры сабакі. Ды і мужчына, які выйшаў нам насустрач, таксама не гарэў жаданнем, каб мы ўвайшлі, бо адчувалася, што ўнутры яго жытла праблем з захаваннем супрацьпажарнай бяспекі больш чым дастаткова. На гэта ўказваў і сам знешні выгляд будынка, на якім амаль поўнасцю адсутнічае дах. Абмежаваліся папераджальнай гутаркай ды ўручылі адпаведныя брашуры і буклеты.

А вось гаспадыня дома ў вёсцы Пагулянка дала магчымасць абследаваць свае пакоі. Заўвагі аказаліся даволі сур’ёзнымі: у лічыльніку электраэнергіі выявіліся аголеныя правады, сама ж праводка па доме пракладзена пад шпалерамі, асобныя заўвагі былі выказаны і па стане печы, і па непрацуючаму пажарнаму апавяшчальніку. Гаспадыня з заўвагамі згаджалася і разам з тым прасіла, каб у акце праверкі спецыялісты напісалі, што тут усё зроблена належным чынам. Маўляў, хто ж недапрацоўкі выправіць, калі жыве адна. А дзяцей турбаваць па розных дробязях (двое з іх жывуць у Беразіно) – дык у іх і сваіх клопатаў хапае. Тым не менш, работніца сельвыканкама вырашыла, што такі крок усё ж непазбежны і абавязкова нагадае ім пра састарэлую матулю і неабходнасць забяспечваць яе бяспечную старасць.

А ў доме наступнай жанчыны каля года назад адбыўся пажар. На шчасце, будынак пацярпеў часткова. І зараз у ім вядуцца аднаўленчыя работы. Адзін з пакояў ужо адрамантаваны. Светла, утульна, а майстарскі складзеная печ не павінна на гэты раз стаць прычынай узгарання. Ёсць тут і пажарны апавяшчальнік. Урок, відаць, пайшоў на карысць. Але лепш, каб падобных выпадкаў не было наогул.

У разгары восень, неўзабаве пачнецца і зіма, якая строга запытае аб тым, наколькі якасна вы падрыхтаваліся да яе, ці ўсё прадугледзелі для таго, каб прайшла яна без трагедый, пажараў і ахвяр. Ліквідуйце існуючыя праблемы і недапрацоўкі. А калі не ведаеце, як гэта зрабіць найлепшым чынам і правільна, парайцеся са спецыялістамі, яны заўсёды пойдуць насустрач кожнаму.

Утульнымі і дагледжанымі паўсталі перад намі домаўладанні гаспадынь з вёскі Новіны і аграгарадка Паплавы. Тут і цёпла, і ўтульна, і ўсе неабходныя супрацьпажарныя меры захаваны.

А вось на ўчастку завіхаецца сямейная пара. Яны так званыя дачнікі і прыязджаюць на бацькаўшчыну толькі ў летні перыяд. Тым не менш, і зімаваць тут таксама можна без рызыкі ўчыніць пажар, бо ў доме ўсё дагледжана, а праводка і печ знаходзяцца ў спраўным стане.


У час наведвання домаўладанняў члены рэйду не толькі знаходзілі тыя ці іншыя недахопы ў захаванні пажарнай бяспекі, а і давалі канкрэтныя парады наконт таго, як павінна быць у доме, каб мінімізаваць магчымасць узнікнення пажару. Думаю, нялішнім будзе нагадаць гэтыя правілы і нашым чытачам.

Па-першае, гэта спраўны стан печаў і комінаў. Яны павінны быць атынкованымі і пабеленымі, без шчылін, дзверцы ў абавязковым парадку павінны зачыняцца. Ды і прытопачны ліст каля печы – таксама рэч неабходная. А ці даўно вы чысцілі дымаход, які таксама з’яўляецца аб’ектам павышанай небяспекі?

Па-другое, праводка. Ні ў якім разе яна не павінна быць пад шпалерамі, а лепш за ўсё – знаходзіцца ў спецыяльным корабе. “Пераноскі”, самаробныя электрычныя тэны-абагравальнікі, няякасна зробленыя стыкі правадоў або аголеная праводка – першы крок да бяды. Сачыце за станам надворнай праводкі і асвятлення, а таксама праводкі ў хлявах, дрывотніках і іншых надворных пабудовах.

Па-трэцяе, старайцеся не курыць у доме. І ўжо ні ў якім выпадку – у ложку!

Па-чацвёртае, устанавіце ў пакоях пажарныя апавяшчальнікі і абавязкова сачыце за іх спраўнасцю і станам кроны (батарэйкі), бо непрацуючы АПА жыццё вам не выратуе.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31