Незламаны лёсам

Date 24.10.2023 Man
Comment 1206
Незламаны лёсам

Кажуць, што выпрабаванні чалавеку дае сам бог. Але насылае іх далёка не ўсім, а толькі людзям мужным і моцным духам – тым, каго гэтыя выпрабванні не знішчаць, а зробяць толькі мацнейшымі, Тым, хто здольны годна справіцца з імі.

Гэтая гісторыя пачыналася ў 2000-м годзе, калі паміж імі, Рыгорам і Таццянай, аднавяскоўцамі з вёскі Сяліба, звычайныя адносіны сталі перарастаць у пачуццё, якое з часам толькі ўзмацнялася і нарэшце завяршылася лагічным вынікам – вяселлем.

На той час маладыя ўжо мелі за плячыма вучобу ў прэстыжных навучальных установах і работу: ён – энергетыка ў мясцовай гаспадарцы, яна – бібліятэкара. Тут жа, у Сялібе, з’явіўся іх першынец – сын Захар.

Праз які час сям’я вырашае памяняць сваё месца жыхарства і пераязджае ў Беразіно. Рыгор становіцца інжынерам па рабоце са спажыўцамі раёна электрычных сетак, Таццяне ж таксама прапануюць работу па спецыяльнасці і запрашаюць у раённую бібліятэку. Каля года маладыя здымаюць жыллё, а затым, узяўшы крэдыт, карыстаючыся ўласнымі сродкамі і дапамогай бацькоў, набываюць уласны дом, рамантуюць яго і даводзяць да ладу, каб было тут усім утульна і светла. Неўзабаве з’яўляецца на свет і дачушка Яначка.

Шчаслівыя тата і мама аддаюць дзеткам усю сваю любоў і цеплыню, разам праводзяць вольны час і мараць пра заўтрашні дзень.

Але марам тым не было наканавана збыцца. Жыццё тлустай лініяй падзялілася на паняцці “да” і “пасля”. Меркай гэтага “пасля” стала хвароба Таццяны. Шматлікія намаганні выратаваць жыццё выніку не далі. Згарэла літаральна за тры месяцы…

Сёння кожны дзень у Рыгора Заікіна распісаны літаральна па хвілінах: пад’ём у шэсць гадзін раніцы, зборы на работу, прыгатаванне сняданка, пабудка дзяцей, дастаўка іх у школу, работа, увечары – ізноў хатнія клопаты, тая ж гатоўка, зашыванне-цыраванне, уборка, кантроль за падрыхтоўкай дамашніх заданняў, калі-нікалі сумесныя выезды ў Сялібу да бацькоў і сваякоў, паездкі ў Мінск або выхады на прыроду.

- Час распісаны ў мяне такім чынам, што калі паходы па магазінах зоймуць залішніх паўгадзіны або неабходна схадзіць у школу на бацькоўскі сход, то даводзіцца навёрстваць упушчанае і класціся спаць крыху пазней, - расказвае Рыгор Мікалаевіч.

– Але я не скарджуся на цяжкасці быту. Яны не такія страшныя і пераадоль-ваемыя. Намнога страшней было тады, калі на тваіх руках з кожным днём таяла жонка і ты нічым не мог ёй дапамагчы ў яе пакутах. Нікому не пажадаю перажыць падобнае.

Сёння, амаль праз два з паловай гады пасля трагедыі, Захару ўжо 12 гадоў, Яне – восем. Ходзяць яны ў другую гарадскую школу. Тое, што выключнымі выдатнікамі яны не з’яўляюцца, бацька вялікага грэху не бачыць. Найбольш важным ён лічыць, каб былі дзеці здаровыя і жвавыя, знайшлі сваё годнае месца ў жыцці, былі сумленнымі і працавітымі. Менавіта ў такім накірунку і гадуе сваё падрастаючае пакаленне.

Творчыя здольнасці Захара даволі разнастайныя. Хлопчык ён жвавы і энергічны, шмат дзе паспявае. Так, ужо з першага класа ходзіць у спартыўную школу, дзе займаецца грэка-рымскай барацьбой, перыядычна наведвае клуб выратавальнікаў “Сірэна”, часта з сябрамі бывае на стадыёне, дзе ў створанай імі дваровай камандзе адточвае майстэрства футбаліста. Асноўны яго дамашні абавязак – пыласосіць.

Яна ў меру свайго ўзросту істотна вызначыцца не паспела. З гэтага навучальнага года стала наведваць школу мастацтваў. Заняткі маляваннем прыйшліся даспадобы дзяўчынцы, ім яна прысвячае і шмат вольнага часу. І з-пад яе пэндзля, па словах бацькі, выходзяць даволі арыгінальныя творы.

Стаўленне да вучобы ў Яны крыху больш адказныя, чым у брата. Але некаторыя прадметы даюцца ёй няпроста. Таму адзін з пастаянных клопатаў Рыгора Мікалаевіча не толькі праверыць дамашнія заданні, а і дапамога дачушцы ў іх выкананні.

Так атрымалася, што Рыгору Заікіну з усімі праблемамі даводзіцца спраўляцца аднаму: яго сваякі і бацькі жывуць у Сялібе, жончын брат – мінчанін. А гэта – і адлегласці, і час на іх пераадольванне. Таму бывае на сваёй малой радзіме вельмі рэдка. Там, калі малыя застаюцца пад кантролем бабулі і дзядулі, бацька мае невялікі адпачынак і ў такія рэдкія моманты мае магчымасць заняцца любімай рыбалкай, выбрацца ў лес. Дарэчы, падобныя вылазкі на прыроду ён практыкуе наладжваць і разам з дзецьмі. Гэтым летам, напрыклад, калі Захар адпачываў у летніку, ён разам з Янай адправіўся ў лес паблізу рэчкі з начоўкай, там рыбачылі, купаліся, гатавалі на кастры розныя смачнасці.

- Праводзімыя разам мерапрыемствы ў вялікай ступені яднаюць нашу сям’ю, - дзеліцца Рыгор Мікалаевіч. – Таму стараюся, каб было іх па магчымасці больш: вандроўкі, паездкі, наведанне забаўляльных цэнтраў, сумесныя святы. Вось і днямі ў другой школе будуць праводзіцца сямейныя спаборніцтвы (наша размова адбывалася яшчэ на мінулым тыдні), да якіх вырашылі далучыцца і мы.

З хваляваннем у сям’і чакаюць наступлення канікулаў. Падчас іх Захар паедзе ў Барысаў, дзе на базе спецыялізаванай спартыўнай школы будзе праводзіцца першы этап адбору будучых навучэнцаў спартсменаў-барцоў.

Затым вясной адбудзецца і другі падобны этап. Па іх выніках ужо з наступнага навучальнага года будзе сфарміравана група навучэнцаў-васьмікласнікаў, якія стануць на больш паглыбленым узроўні займацца спортам і паралельна вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе. З боку бацькі Захар атрымаў поўную падтрымку. Няхай яму пашанцуе ў час выпрабаванняў і пачнецца для яго шлях у вялікі спорт.

Так, вельмі хочацца, каб бацькавы намаганні не былі марнымі, прыносілі толькі станоўчыя вынікі і дзеці, якім ён поўнасцю прысвячае сваё жыццё, сталі годнымі людзьмі і надзейнай апорай. Ён таго заслугоўвае.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва героя матэрыялу.

 

 

 

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31