Паляўнічы комплекс размясціўся ў адным з прыгажэйшых жывапісных куткоў Бярэзінскай лесапаляўнічай гаспадаркі, на беразе ракі, і прадугледжвае не толькі адпачынак на ўлонні прыроды, але і паляванне, і збор грыбоў і ягад. У распараджэнні адпачывальнікаў - пяць паляўнічых домікаў.
Комплекс знаходзіцца ў 15 км ад Беразіно, ад Барысава - 40 км, ад Мінска - 105 км. Тут можна адпачыць сем’ямі, вялікай ці невялікай кампаніяй, ёсць домік для маладажонаў. Таксама можна адзначыць тут карпаратыўныя святы, вяселлі, юбілеі, дні нараджэння, выпускныя.
- Асабліва запатрабаваныя для сямейных пастаяльцаў летнія месяцы – ліпень і жнівень, - гаворыць адміністратар комплексу Лілія Дзявочка. – Менавіта ў гэты перыяд бацькі могуць прыехаць на адпачынак з дзецьмі. А едуць да нас з розных куткоў Беларусі – з Рагачова, з Мар’інай Горкі, з Магілёва, з Дзяржынска, Жодзіна, Барысава, Мінска. З Расіі наведваюцца звычайна аматары паляўнічыя. Да паслуг нашых пастаяльцаў – і гасцініца, і баня, і саўна, кухня. Тут можна і проста пераначаваць - пастаяльцам на адну ноч абыходзіцца начлег зусім нядорага.
На тэрыторыі “Вязычына” ёсць пяць домікаў: два вялікія, умяшчальнасцю да 15 чалавек, і 3 маленькія (аднапакаёвыя, двухмесныя). Усе домікі драўляныя, усярэдзіне кожнага ёсць туалет і душ з гарачай вадой, неабходныя кухонныя прылады і тэхніка. Гатаваць можна самастойна, ёсць для гэтага ўсё неабходнае, а можна заказаць гарачае харчаванне і ў сталовай лясгаса.
У наяўнасці таксама бясплатны WiFi і 44 каналы тэлебачання, веласіпеды і лыжы, лодкі і катамараны, більярд. Можна наведаць вальер з аленямі ці паглядзець на пастаянную жыхарку комплекса - мядзведзіцу Дану. А таксама прагуляцца па добраўпарадкаванай экалагічнай сцяжынцы.
- Для гасцей вялікіх домікаў дзейнічаюць скідкі, што немалаважна, - дадае Лілія Уладзіміраўна, - чым больш людзей, тым ніжэй кошт арэнды. Акрамя таго, у нас можна ціха і спакойна адпачыць сям’ёй ці кампаніяй і без актыўнага баўлення часу. А для вялікіх застолляў госці могуць арандаваць альтанку на востраве, якая адначасова змяшчае 90 чалавек. Апроч вялікай альтанкі на тэрыторыі “Вязычына” маецца яшчэ пяць маленькіх, абсталяваных мангаламі, там жа – у кожнай зоне адпачынку - ёсць і арэлі.
Дарэчы, баня з верандай размешчана на самым беразе ракі са спускам да вады. За адзін сеанс яе могуць наведаць шэсць чалавек. Што датычыцца паляўнічых, яны могуць пры жаданні патрэніравацца ў ціры, арганізаваць як індывідуальнае паляванне, так і загоннае - для трох і больш чалавек.
Застаецца дадаць, што ў калектыве паляўнічага комплексу “Вязычын”, акрамя адміністратара Ліліі Дзявочка, працуюць таксама загадчык гаспадаркі Ірына Савіч, дзве пакаёўкі – Іна Зуёнак і Вольга Бандзік, два вартаўнікі - Юрый Мароз і Сяргей Шукан, егер Віктар Зелянкевіч.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.