Яшчэ адна асаблівая рыса гэтага чалавека: Мікалай Кароль (а менавіта пра яго ідзе гаворка) з’яўляецца старэйшым старшынёй раённага суда рэспублікі і бездакорна займае свой адказны пост з 6 лютага 1995 года. Такім чынам, Мікалай Вячаслававіч крыху больш як праз год адзначыць 30-годдзе служэння закону на Бярэзіншчыне.
Родам ён з Чэрвеня, хаця мае і нашы бярэзінскія карані: яго маці паходзіць з вёскі Стары Будкаў, дзе і да гэтага часу жывуць сваякі. У школе Мікалай вучыўся добра, больш цягнуўся да дакладных навук, неаднаразова прымаў удзел у алімпіядах па фізіцы. Ды і першапачаткова паступаў на факультэт радыёфізікі і электронікі. Але па збегу абставін ажыццявіць мару не ўдалося.
Затым была служба ў арміі, пасля чаго юнак карэнным чынам мяняе светапогляд і ідзе вучыцца на юрыста: спачатку ў тэхнікуме савецкага гандлю (закончыў яго з адзнакай), а затым – у Белдзяржуніверсітэце.
Размеркаваўся малады спецыяліст у 1990-м годзе ў родны Чэрвень стажорам суддзі, стаў народным засядацелем з правам ажыццяўляць правасуддзе, праз два гады сесіяй абласнога Савета быў абраны (менавіта так у той час адбывалася прызначэнне на гэтую пасаду) суддзёй.
Далейшы кар’ерны рост прывёў Мікалая Караля на Бярэзіншчыну, дзе ён стаў старшынёй раённага суда. Спачатку на сем гадоў, а потым праз кожныя пяць гадоў Кіраўнік дзяржавы падпісваў указ аб працягненні яго службы на гэтым няпростым участку. Мікалай Вячаслававіч у нашым раёне паспеў вызначыцца не толькі як граматны спецыяліст і справядлівы суддзя. У свой час ён меў прамое дачыненне да будаўніцтва новага Дома правасуддзя, які адкрылі ў жніўні 2008 года.
Па яго задумцы, і яна была ажыццёўлена, пад адным дахам былі сабраны прадстаўнікі ўсіх асноўных юрыдычных службаў – юрыдычнай кансультацыі, натарыяльнай канторы, судовыя выканаўцы (зараз яны перабраліся на новы адрас), што дазваляе грамадзянам адным заходам вырашыць цэлы комплекс пытанняў.
Сёння пад кіраўніцтвам Мікалая Караля знаходзіцца 17 работнікаў раённага суда. Так, яму даводзіцца адначасова з абавязкамі суддзі выконваць і ролю адміністратара, вырашаць нямала гаспадарчых праблем.
У штаце калектыву – яшчэ адзін суддзя (пасада трэцяга пакуль што вакантная), сакратары судовага пасяджэння, загадчык канцылярыі, работнік архіва, вядучыя спецыялісты, вадзіцель, праграміст, прыбіральшчыца, дворнік і загадчык гаспадаркі: не толькі людзі, якія ажыццяўляюць правасуддзе, а і забяспечваюць работу суда ў цэлым.
- Наш калектыў стабільны і дружны, - сцвярджае Мікалай Вячаслававіч. – Многія яго члены маюць вялікі стаж работы і пачыналі сваю дзейнасць яшчэ ў старым будынку.
Гэта, напрыклад, сакратар суда Таццяна Канавалава, наша нязменная прыбіральшчыца Галіна Станчык, старанна выконваюць свае абавязкі суддзя Дзмітрый Каплій і сакратар судовага пасяджэння Ала Мазоль. Кампетэнтнымі спецыялістамі праяўляюць сябе і прадстаўнікі маладога пакалення – загадчыца канцылярыі Алена Ходас і вядучы спецыяліст Алеся Бурая. Наогул, мы адна надзейная каманда.
Судовыя пасяджэнні (аб даце іх правядзення грамадзян інфармуюць за два тыдні) тут адбываюцца штодзённа.
Пік злачыннасці адзначаўся прыкладна ў 2007-2008 гадах. Тады за год разглядалася прыкладна па 400 адных крымінальных спраў (у тым ліку па 4-5 бытавых забойстваў), больш за тысячу грамадзянскіх спраў, звыш 2000 – адміністрацыйных і г.д.
Зараз крайне рэдка адбываюцца злачынствы сярод непаўналетніх, практычна не стала забойстваў, разбояў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, хуліганстваў, крымінальныя справы ў асноўным уяўляюць сабой крадзяжы, ухіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне дзяцей, адміністрацыйныя справы – гэта сямейныя скандалы, ухіленне ад прывінтыўнага нагляду, дробныя крадзяжы, дробнае хуліганства.
Масавы характар носіць і скасаванне шлюбаў, маёмасныя спрэчкі паміж людзьмі (гэта грамадзянскія справы). Таму рабочы дзень суддзі доўжыцца намнога больш, чым адведзеныя 8 гадзін, і з работы даводзіцца вяртацца ў той час, калі многія ўжо адпачываюць.
Тым не менш, Мікалай Вячаслававіч і ў такім шчыльным графіку знаходзіць вольны час для захапленняў. Наогул, чалавек ён вельмі рознабаковы і цікавіцца многімі сферамі жыцця. Збіраць калекцыю – гэта не для яго, тут патрэбна пастаянства, што не ўласціва нашаму герою. У яго характар зусім іншы. Спачатку ён вывучае тую ці іншую тэму па кніжках або даведніках, потым пераходзіць на практычны бок справы і метадам спроб і памылак даходзіць да ісціны – як што ўстроена, працуе і дзейнічае. Праз які час, калі сфера дзейнасці адолена, ідуць пошукі новага напрамку прыкладання намаганняў.
Так, у свой час Мікалай Кароль займаўся акварыумістыкай, затым разбіў на дачы цэлы дэндрарыум, дзе расце не адна сотня разнастайных раслін, яшчэ адным захапленнем было агародніцтва.
Асобнай тэмай з’яўляецца кулінарыя: штогод, калі гэта было магчыма, ён рабіў вандроўкі па замежжы: праехаў усю Еўропу, вывучыў паўночную Афрыку, і ў кожнай паездцы цікавіўся традыцыямі і звычаямі мясцовых жыхароў, іх стравамі і прывозіў дамоў новыя рэцэпты.
- Я ўстроены так, што цікаўлюся тым, што мне трэба менавіта зараз, імкнуся разабрацца ў прадмеце даследавання і пераканацца ў сваіх вывадах, - расказвае Мікалай Кароль. - Парады іншых людзей успрымаю як бездоказныя. Атрымліваю вялікае інтэлектуальнае задавальненне, калі атрымліваецца поўнасцю разабрацца ў прадмеце і прычынна-следчых сувязях. А тое, што я амаль 30 гадоў працую на адным месцы, дык гэта пастаянства пасады і ні ў ніякім выпадку непастаянства ў рабоце, бо кожны адпрацаваны дзень не бывае падобны на іншы, ніколі не зможаш дасягнуць той мяжы, калі можаш самазаспакоіцца і сказаць, што усё ведаеш. І ў гэтым вялікая прыцягальнасць справы, якой я займаюся.
Вось такі ён – старшыня Бярэзінскага раённага суда, чалавек зусім не публічны, стапрацэнтны працаўнік, чалавек з суровым тварам і рамантычнай душой - Мікалай Кароль.
Яшчэ адным істотным дадаткам да яго партрэта з’яўляецца той факт, што Мікалай Вячаслававіч адным з першых бярэзінцаў быў удастоены дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь – медаля “За працоўныя заслугі”, які атрымаў у 2013 годзе.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.