І працягвае: – Я люблю раёнку. Люб-лю шмат за што. І за тое, што дакладна адлюстроўвае жыццё Бярэзіншчыны. І за тое, што змяшчае шмат матэрыялаў аб жыхарах раёна – цудоўных працаўніках самых розных сфер дзейнасці, цікавых таленавітых асобах і проста добрых людзях. А яшчэ за тое, што дакладна інфармуе аб эканамічных і грамадска-палітычных навінах. Падабаюцца многія рубрыкі і тэматычныя старонкі. Аднак, шкадую, што з іх ліку прапала «Літаратурная старонка». Я, можна сказаць, крыху маю дачыненне да паэзіі. Раней больш пісалася вершаў, бібліятэчныя работнікі нават сабралі і выдалі кніжку маіх вершаў пад назвай «Утренняя роса». Памятаю цудоўнага чалавека і таленавітага журналіста Гертруду Шчур. Як яна рэдагавала мае вершы, дапамагала знайсці больш удалае, трапнае слова. Тактычна ўказвала на недахопы і магла падказаць, як зрабіць лепш, якую рыфму падабраць, каб верш загучаў ямчэй… Вельмі ёй ўдзячная я і па сённяшні дзень.
Раней, памятаю, друкаваліся старонкамі розныя рэцэпты кулінарныя і рэцэпты касметычныя, розныя практычныя парады на розныя тэмы. Цяпер рэцэпты друкуюцца пад рубрыкай «Гаспадыням на заметку». Мне падабаецца, бо ў мяне зараз, як пайшла на пенсію, стала больш часу на тое, каб пазавіхацца на кухні і прыгатаваць цікавыя і смачныя стравы. Было б добра, каб друкавалі штосьці і пра сад-агарод, якія-небудзь практычныя парады на гэтыя тэмы. У мяне ёсць садовыя дрэвы і градкі, я цікаўлюся такой інфармацыяй.
А яшчэ сачу за аб’явамі, віншаваннямі, за «прамымі лініямі», якія даюць магчымасць людзям знайсці адказы на шматлікія пытанні, што часам з’яўляюцца ў нашым жыцці.
Шмат цікавага можна даведацца і з гістарычных звестак пра Бярэзіншчыну. Падабаецца экалагічная старонка «Журавінка». Хіба знойдуцца зараз людзі, якіх бы не хвалявалі экалагічныя пытанні?!.
Наогул, раёнка для мяне – сродак сувязі з чалавецтвам, з маімі землякамі. Я шмат гадоў жыву на Бярэзіншчыне, хаця сама родам з вёскі Какоўчына, што ў Віцебскай вобласці. У 1980 годзе прыехала сюды па размеркаванні і адпрацавала педагогам 15 гадоў, потым 5 гадоў была інспектарам па справах непаўналетніх і гадоў 8 праслужыла ў Дэпартаменце аховы. Таму колькасць знаёмых у мяне немалая.
Вельмі ўдзячная, што раёнка пісала шмат пра самага роднага для мяне чалавека – майго татку – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сцяпана Аляксеевіча Буракова. Шмат фотаздымкаў яго друкавалі – успаміны самыя цёплыя і незабыўныя. На жаль, нядаўна ён пайшоў з жыцця, але ў мяне ёсць задумка – сабраць пра яго ўсе тыя звесткі, што маю, і выдаюць пра яго кніжку.
Што яшчэ хацела сказаць – пра мову. Я па спецыяльнасці – педагог рускай і беларускай мовы і літаратуры і для мяне вельмі прыемна, што раёнка друкуе матэрыялы на абедзвюх мовах. Нас у бацькоў было пяцёра – два сыны і тры дачкі. Мая маці Людміла Фёдараўна вельмі хацела, каб яе дочкі сталі педагогамі, а бацька хацеў, каб сыны сталі ваеннымі. Так і атрымалася – дочкі сталі педагогамі, а сыны ваеннымі. Так мае бацькі ўвасобілі свае мары ў сваіх дзецях. З маіх трох сыноў толькі старэйшы Васілій атрымаў педагагічную адукацыю. Я не выбірала ім прафесіі, а вось любоў да роднай мовы прывівала з дзяцінства.
Падрыхтавала Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.