А па-другое, да дасканаласці вывучыць аб’ект прыкладання сваіх намаганняў, стаць прафесіяналам і аўтарытэтам. У такім выпадку перад табой будуць адчынены многія дзверы, у тым ліку і тыя, што выводзяць да кар’ернай лесвіцы. А на ёй вельмі важна не паслізнуцца, устаяць, не страціць чалавечае аблічча, годна спраўляцца з ускладзенымі на цябе абавязкамі.
Для Генадзя Кузняцова ўласцівы ўсе пералічаныя вышэй пункты. У яго за плячыма вучоба ў ПТВ металістаў, служба ў арміі, дыплом Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта і атрыманне спецыяльнасці “электрыфікацыя сельскай гаспадаркі”, работа энергетыкам у родным калгасе імя Мічурына, што размяшчаўся ў в. Новіны. А затым, з 1999 года ў біяграфіі Генадзя Леанідавіча наступае новы этап жыцця. Ён паступае на службу ў Бярэзінскую раённую інспекцыю Барысаўскага міжраённага аддзялення філіяла “Энерганагляд” РУП “Мінскэнерга” г. Беразіно. Тут ён праходзіць некалькі прыступак, перш чым стаць кіраўніком названай інспекцыі (адбылося гэта роўна 10 гадоў таму назад), а пасля рэарганізацыі структуры РУП “Мінскэнерга” ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, становіцца начальнікам раённай энергагазінспекцыі.
У памяці Генадзя Кузняцова яшчэ захаваўся стары, сціплы, драўляны, абкладзены цэглай будынак інспекцыі, які раней знаходзіўся на вуліцы К. Маркса, вандроўкі па прыватных домаўладаннях і арганізацыях раёна, праверка своечасовасці аплаты за спажытую электраэнергію, шматлікія рэйды і кантрольныя мерапрыемствы… Хапае іх і зараз, праўда цяпер функцыі энерганагляду выконвае іншая служба.
- Тым не менш, аб’ём работы, якую даводзіцца выконваць нашаму невялікаму калектыву, у якім пяць чалавек (з улікам вадзіцеля), даволі вялікі, - расказвае Генадзь Кузняцоў.
– Мы не толькі ажыццяўляем дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд у адносінах да юрыдычных і фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў – спажыўцоў электрычнай і цеплавой энергіі; удзельнічаем у рэйдах па праверцы домаўладанняў сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, мнагадзетных сямей, адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту і іншых сацыяльна-уразлівых катэгорый грамадзян; штомесяц праводзім абследаванні разам з членамі мабільнай групы арганізацый, размешчаных на тэрыторыі раёна; працуем па зваротах грамадзян па такіх пытаннях кампетэнцыі органаў “Энеграгазнагляду”, як увод у эксплуатацыю незавершаных пабудоў, увод награвальнага абсталявання, замена праводкі і перанос разліковага прыбора ўліку і г.д.
Да паўнаты малюнка дададзім, што на ўліку ў інспекцыі знаходзіцца 267 аб’ектаў выторчага прызначэння (з улікам прыватных прадпрыемстваў) і каля 16 тысяч фізічных асоб, а таксама 58 цеплакрыніц і сто прадпрыемстваў – спажыўцоў цеплавой энергіі, якія штогод абследуюцца напярэдадні чарговага ацяпляльнага сезона.
Вялікую ўвагу работнікі інспекцыі надаюць правядзенню гутарак з людзьмі па прафілактыцы электратраўматызму, раздачы адпаведных памятак і рэкамендацый. Калі ж у ходзе абследаванняў выяўляюцца факты парушэнняў тэхнічанага стану электраўстановак домаўладанняў, выдаюцца прадпісанні і рэкамендацыі па іх ухіленні.
Як крайні выпадак, работнікі дзяржэнерганагляду прыбягаюць і да такой выключнай меры, як адключэнне спажыўца ад лініі сілкавання, а таксама ўнясенне забароны на вытворчасць таго ці іншага прадпрыемства, удзел у адміністрацыйных працэсах да нерадзівых гаспадароў. Адзначаны такія выпадкі і сёлета. І хоць успрымаюцца яны вінаватымі не лепшым чынам, а падчас у штыкі, выконваюцца ў поўным аб’ёме. А як жа іначай: на кону стаіць жыццё чалавека і бяспека яго працы або знаходжання ва ўласным жыллі.
Не сядзіць без работы начальнік інспекцыі, разам са сваімі падначаленымі выязджае на аб’екты, удзельнічае ў рабоце аглядавых камісій і ўжо зараз распрацоўвае план работы на наступнае паўгоддзе. Ды і пасля работы вірыраванне жыцця працягваецца. Уласны дом (Генадзь Кузняцоў па-ранейшаму жыве ў Новінах), гаспадарка, работа на прысядзібным участку (а ён складае 35 сотак і вырошчваюць там не толькі гародніну, а і бульбу са збожжам), размінка з рыдлёўкай па ўборцы снегу… Асобная ўцеха дзядулі Гены – шасцігадовая гарэзлівая любіміца ўнучка-першакласніца.
Не абмяжоўвае Генадзь Леанідавіч сваё жыццё толькі ўласнымі клопатамі. Непакояць яго і турботы вяскоўцаў. І не толькі як дэпутата сельскага Савета. Да яго, як паважанага чалавека, многія ідуць для выра шэння спрэчкі або праблемы, за парадай: ведаюць – не адмовіць.
І сапраўды яно так. Генадзь Кузняцоў з’яўляецца адным з арганізатараў і актыўным удзельнікам правядзення вясковага свята “на пяньку”. На працягу доўгага часу ён апекаваў жыхара суседняй Марціянаўкі, які застаўся без дакументаў і без работы. Дапамог яму атрымаць пашпарт, займаецца афармленнем домаўладання. Зараз мужчына навёў у доме належны парадак, у яго дагледжаны электраправодка і печы, вось ужо чацвёрты месяц, як перастаў ужываць алкаголь, у хуткім часе пачне атрымліваць пенсію. Быць чалавекам на сваім месцы зусім няпроста. Генадзь Кузняцоў сваё месца займае годна.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.