Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Фёдараў служыць на Бярэзіншчыне ўжо дзясяты год, юбілейная дата, каб падвесці пэўныя вынікі.
– Самае галоўнае наша агульнае дасягненне – гэта завяршэнне будаўніцтва касцёла, – гаворыць ксёндз Андрэй. – Дзякаваць Богу, справа здзейснена, дзякуючы намаганням і дапамозе многіх парафіянаў, шчырых вернікаў Хрыстовых, і проста добрых людзей. Бог жыве на зямлі беларускай, Ён – у нашых сэрцах і нашых добрых справах, і завяршэнне будаўніцтва касцёла дакладнае таму пацвярджэнне!
Падумаць пра вечнае
Так, будаўніцтва касцёла распачалося ў 2018 годзе. Зараз гэта сапраўднае архітэктурнае ўпрыгожванне горада. Унутры ўтульна і пануе спакой. Сцены ўпрыгожаны малюнкамі-відары-самі з евангельскай гісторыі, якія паказваюць крыжовы ход Хрыста: «Укрыжаванне Езуса», «З Езуса здзіраюць аддзенне» і іншае. Гэта Велікодная тэма, якая разам з тэмай Нараджэння Пана з’яўляецца самай важнай у хрысціянскім календары. Таксама маецца выява святой Тэрэзы. У цэнтры касцёльнай кампазіцыі размешчана самая вялікая ікона – Маці Божай Вастрабрамскай – адной з галоўных святынь каталікоў Беларусі. І яшчэ ў касцёле ўражвае выдатная акустыка, ацаніць якую можна падчас набажэнстваў, калі грае царкоўны арган.
Наогул рымска-каталіцкая парафія касцёла Маці Божай Міласэрнасці існуе ў нас паводле гістарычных крыніц з 1641 года, калі быў пабудаваны касцёл. Дарэчы, ён быў адноўлены і адрамантаваны ў 1844-м, потым у выніку драматычных падзей у 1914-м быў знішчаны… Адрадзілася парафія ў 1992-м годзе, і да сёлетняга часу службы праводзіліся ў часовай капліцы па вуліцы Піянерскай.
– Даўней у дадзенай частцы горада былі танцы, дыскатэкі, забавы розныя, а зараз – святое месца, – падводзіць вынік ксёндз Андрэй. – Самая нагода бярэзінцам сабрацца і падумаць пра вечнае: любоў Божую, сэнс Нараджэння Хрыста, памаліцца і падумаць пра клопат за бліжняга, уласныя сем’і, сяброў, суседзяў.
Пра святара
Дарэчы, пра ксяндза Андрэя мы ўжо пісалі, уласна сам з сям’і вернікаў. Святасцю імшы прасякнуўся з дзяцінства, калі на набажэнства вадзіла прабабуля. З дзесяцігадовага ўзросту наведваўся ў касцёл усвядомлена. У Беразіно ж пробашч прыехаў у жніўні 2014 года.
– Гэта не першая мая парафія, – успамінае ён. – Атрымаўшы святарскае пасведчанне 10 лютага 2007 года, пасля пасвячэння ў сан, я амаль 6 гадоў быў дапаможным святаром у Маладзечне ў парафіі святога Юзафа. Мой родны горад Ліда і Маладзечна маюць больш насельніцтва, і людзі ў тых мясцінах больш набожныя, там распаўсюджаны каталіцкія традыцыі значна шырэй. Але ж Беразіно таксама ўражвае, парафія ў нас вялікая. Прыемна, калі людзі імкнуцца да Бога, да веры, і вучаць гэтаму дзяцей.
Пра веру і ўласнае пакліканне ксёндз Андрэй можа распавядаць змястоўна і цікава. Калі ў Лідзе, горадзе, дзе ён нарадзіўся, напрыканцы 80-х пачалі адчыняцца касцёлы, на набажэнствы пачало хадзіць шмат людзей, сярод іх вялікая колькасць моладзі і дзяцей.
– Мы, дзеці, дапамагалі святару пры касцёле і падчас набажэнстваў таксама. Дапа-магалі рыхтавацца да свят. Можна нават сказаць, што на святую імшу я наведваўся амаль кожны дзень, а па нядзелях і святах – дакладна ніколі не прапускаў набажэнстваў. Там яшчэ існавалі розныя гурткі па інтарэсах. Пазней летам збіраліся гуляць у футбол. У Лідзе былі вялікія тэнісныя корты, мы з задавальненнем гулялі ў тэніс. Прычым, збіралася на гульні разам як каталіцкая моладзь, так і праваслаўная. Калі скончыў 11 клас у 1998 годзе вырашыў паступіць у духоўную семінарыю ў Гродна. І не адзін: разам з сябрам, які цяпер служыць святаром у вёсачцы на Лідшчыне. Пакліканне гэта не голас з неба, гэта тое, што чалавек доўга ўзважвае і абдумвае. Вось Папа Ян Павел ІІ напісаў кнігу «Дар і таямніца», у якой закранаецца дадзеная тэма. Пакліканне шмат у чым з’яўляецца ўласным выбарам.
– Сям’я, у якой я нарадзіўся, была не святарская, вядомая справа, бо каталіцкім святарам нельга жаніцца і мець сям’ю, дзяцей. Маці мая працавала ў дзіцячым садку нянечкай. Бацька быў слесарам на лідскім заводзе электравырабаў (памёр ужо). Яны кожную нядзелю і па святах хадзілі ў касцёл. Бабулі і прабабулі мае таксама былі надта веруючыя. У сукупнасці ўсё гэта паўплывала на маё рашэнне паступіць у семінарыю. Бацькі ўспрынялі гэта як добрую звестку. Толькі сказалі так: падумай добра, сын, каб нам пазней не было сорамна, бо гэта на ўсё жыццё. Калі хочаш – мы не супраць. Ніякіх адгавораў не было, сорамна, бо гэта на ўсё жыццё. Калі хочаш – мы не супраць. Ніякіх адгавораў не было, толькі падтрымка.
– Ці хацелася стаць кім іншым? Зразумела, думкі былі розныя. Дзед мой працаваў вадзіцелем. Гледзячы на яго, таксама меркаваў пайсці гэтай сцежкай. А вось муж маёй хроснай матулі – лётчык у Расіі, шмат распавядаў пра сваю прафесію, таксама вабіла. Падобныя рэчы заўсёды прыцягваюць, асабліва хлопчыка ў школе. Але ў школе мяне вабілі гуманітарныя дысцыпліны, вучыўся ў класе з паглыбленым вывучэннем моў. Гэта ўсё дало добры досвед, аднак у выніку я – менавіта той, кім стаў. І дзякаваць Богу, я цалкам задаволены ўласным выбарам і шчаслі-вы, што апынуўся ў Беразіно.
– Што на думку святара з’яўляецца галоўным у чалавечым жыцці, асабліва сёння?
– Напэўна, каб людзі былі добрымі адзін да аднаго. Каб стараліся дапамагаць адзін аднаму. Каб стараліся дапамагаць іншым людзям, не былі эгаістамі, не думалі толькі пра сябе, былі чулымі да патрэб іншых.
Калі ласка, прыходзьце
Жыццё парафіі насычанае ўсякімі падзеямі. Адна з іх – нядаўні візіт арцыбіскупа мітрапаліта Юзафа Станеўскага, які 16 лістапада адслужыў урачыстую імшу з нагоды свята Маці Божай Міласэрнасці. У той жа дзень сумесна з ім вернікі прынялі рашэнне правесці ўрачыстае адкрыццё касцёла 25 мая 2024 года а 11 гадзіне. Можна сказаць, што гэта стане знамянальнай датай у гісторыі Бярэзінскай парафіі.
– Застаецца толькі пажадаць усім бярэзінцам шчасця і міру, і запрасіць на святочную імшу з нагоды Нараджэння Хрыстова, якая адбудзецца 24 снежня ў 22.00.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.