На трубы насыпалі гравію, паабяцалі, што праз год-два пакладуць асфальт. Гаспадары абрадаваліся такой рэканструкцыі і чакалі вясну.
Вада з лесу, што віднеўся на ўзгорку, за агародамі, з заснежанага поля неслася з ранейшымі, леташнімі хуткасцямі. А перад агародам Пархомчыкаў крышачку сцішвалася, уваходзіла ў шырокую канаву, якую загадзя пракапалі гаспадары. А потым трапляла ў бетонную трубу.
І ўжо з яе, праз дарогу, вырывалася на волю з ранейшай сілай. Сама прабівала ўласную дарогу на выган, на луг, да ракі. Пасля сляды ад такой работы былі відаць не адзін месяц.
Міхаська ведаў, што са Свіслачы вада бяжыць ў Беразіну. Гэта ўжо – на суседняй Асіповіччыне, куды яны неаднойчы з бацькам ездзілі па баравікі. А пасля вада ляціць стрымгалоў у Днепр, які ўпадае ў Чорнае мора. І раку, і мора хлопчык бачыў толькі на геаграфічнай карце, якая вісела ў адным са школьных кабінетаў. Настаўнік геаграфіі часам называў Днепр глыбокай ракой. Казаў, што так тлумачыцца паходжанне назвы гэтай магутнай воднай артэрыі.
Хлопчык прыгледзеўся і ўбачыў праз плот вялікую трэску. Відаць, недзе ў ручай яшчэ ў лесе патрапіў кавалак сасны разам з карою. Мо дрывасекі не кінулі яго ў вогнішча альбо не забралі разам з нарыхтаванымі ўзімку дрывамі. Не паспеў Міхаська за іншымі развагамі нешта яшчэ падумаць, як з вадою, што ляцела з-пад плоту, трэска патрапіла ў трубу. Хлопчык кінуў партфель на край дарогі і пабег на другі бок. Ледзьве не крыкнуў узрадавана, што паспеў, ухапіўшы з ручая сасновую трэску. Мокрая, набрынялая ад вады, яна ўразіла падлетка моцнай, жывой карою, што прыляпілася да кавалачка дрэва. Хлопчык адразу скеміў, што з такой кары можна будзе выразаць добры караблік. Успомніў, што ў малодшых класах, калі яшчэ вучыліся ў пачатковай школе ў роднай Слабадзе, запускалі штодня па некалькі караблікаў. Узбоч і гэтага, Пархомчыкавага, ручая і каля іншых вясенніх водных шляхоў, малышня бегла да ракі. Калі ўжо ногі правальваліся ў снег і ў боты лілася халодная вада, журботным позіркам праважалі свае караблікі. Жадалі ім вялікага плавання. І марылі, што ўсе дружна пойдуць служыць на флот, стануць маракамі.
Перайшоўшы ў сярэднюю школу, ранейшыя забавы Міхаська пакінуў для малод шых сваіх сяброў. Хаця мара стаць мараком, капітанам ваеннага карабля, яго не пакідала і ў наступныя гады. Нават выразаў з часопіса “Техника – молодежи” выявы і планы розных крэйсераў. Усяго за год іх назбіралася з дзясятак. “Адмірал Ушакоў”, “Міхаіл Кутузаў”, “Аляксандр Сувораў”…
Калі заканчваў рабіць урокі, пераглядаў гэтыя малюнкі, стараўся ў іншых кнігах знайсці нешта новае пра старыя гераічныя караблі Ваенна-Марскога Флоту. І ў вёсцы сваёй ведаў усіх, хто на флоце служыў, і ў Вялікую Айчынную вайну, і ў іншыя гады…
Дома Міхаська паклаў сасновую трэску на ляжанку каля печы. І калі яна падсохла, дастаў сцізорык, акуратна аддзяліў кару. Выразаў канфігурацыю маленькага карабліка. Зверху зрабіў адтуліну. Вычасаў з кавалачка трэскі танюткую палачку. Знайшоў сярод розных матуліных запасаў маленькі шматок чырвонай тканіны. Прычапіў яе на палачку і ўсталяваў на караблік. Атрымаўся сапраўдны парус. Можна было зрабіць яго з белай тканіны, але ж чырвоная будзе відаць здалёку. І нават тады, як з ручая карабель патрапіць у шырокую Свіслач.
З прыўзнятым настроем хлопчык пабег на вуліцу. Сонца сваімі праменьчыкамі захліснула ўсю яшчэ поўную снега прастору. То ў адным, то ў другім баку журчалі, звінелі ручаі. Вясна ўваходзіла ў сваю сілу, набірала моцы. Міхаська пабег на луг, схаваны пад снежным дываном. Месцамі яго прарывалі магутныя, поўныя чысцюткай вады ручаіны. Падабраўшыся да аднаго з іх, хлопчык асцярожна апусціў на ваду свой карабель.
Сасновая трэска закруцілася на хвалі, падскочыла і праз некалькі секунд выраўняла свой кірунак па цячэнні. Наперадзе карабель чакала шырокая і магутная Свіслач. Міхаська спярша подбегам, пасля болей марудна і асцярожна ішоў следам, уздоўж ручая. Пакуль перашкодай не стаў рыхлы снег, пад якім стаілася вада. Карабель з чырвонай мачтай зрабіўся ледзьве не кропачкай і разам з хвалямі ручая паляцеў у рачную прастору. Міхаська, чыё дарослае, а можа быць, і марское жыццё яшчэ было наперадзе, некаторы час узіраўся ў рачны разгон. Свіслач несла свае воды да мора-акіяна. І разам з імі ляцеў у невядомае жыццё Міхасёў караблік.
Алесь Карлюкевіч.
Прапануем нашым юным чытачам пазнаёміцца ў сённяшнім выпуску газеты з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў. Добрая звычка чытаць, калі яна пачынаецца з дзяцінства, раскрые ў далейшым перад чалавекам цэлы сусвет. Віншуем нашых дарагіх дзетак з надыходзячымі святамі і жадаем прыемнага падарожжа ў свет казкі.