Наталля па адукацыі эканаміст, закончыла спачатку Мінскі фінансава-эканамічны каледж, а затым і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Як сцвярджае дзяўчына, на выбар будучай прафесіі паўплывала тое, што маці доўгі час працавала загадчыцай магазіна. Была, праўда, спроба паступіць і ў Акадэмію МУС (марыла быць міліцыянерам і насіць форму, як яе бацька-выратавальнік), але стан здароўя аказаўся не адпавядаючым высокай планцы патрабаванняў.
Першыя гады работы былі мала звязаны з фінансамі: адзін год з’яўлялася аператарам сувязі ў Бярэзінскім РУПСе, а потым больш за тры гады працавала прадаўцом на рынку “Трыа”, сумяшчаючы гэты час з завочнай вучобай ва ўніверсітэце.
Сёння Наталля – спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў аддзела рознічных прадаж, займаецца адкрыццём плацежных картак, афармленнем крэдытаў, падключэннем тэрміналаў юрыдычным асобам, пастаянна працуе з кліентамі, дае ім слушныя парады, раіцца з імі, знаходзіць найбольш спрыяльныя для іх варыянты ўкладання сродкаў і атрымання даходу.
Кліенты банка заўсёды толькі станоўча адзываюцца пра гэтага спецыяліста, задаволены яе работай. Як адзначае сама Наталля, у гэтым ёй вельмі дапамагае той вопыт, які яна набыла за час работы з людзьмі ў мінулым, ды і цяперашнія навыкі таксама бярэ на ўзбраенне.
– Мой агульны стаж работы з людзьмі складае ўжо дзесць гадоў. І хоць іншы раз у зносінах з імі бывае не ўсё проста, імкнуся ніколі не даць волю свайму абурэнню або кепскаму настрою. Ні ў кім разе!
За час работы ў банку я стала “ўніверсальным байцом” і магу працаваць як у аддзеле, так і на касе пры абслугоўванні кліентаў – фізічных асоб. Усё спасцігала самастойна, вучылася на спецыяльных курсах, потым пацвярджала сваю кваліфікацыю.
Я зыходжу з такой пазіцыі: калі бачу, што па сваіх схільнасцях і магчымасцях магу асвоіць для сябе штосьці новае, абавязкова бяруся за гэта. Веды і практыка ніколі лішнімі не бываюць, прыносяць толькі карысць і ўмацоўваюць аўтарытэт.
Па меры таго, як я працую ў банку, усё больш пераконваюся, што гэта – маё. І мне хочацца даведацца аб рабоце як мага больш, ісці ў сваім развіцці далей.
Асаблівая ўдзячнасць – маім калегам, усяму калектыву. Менавіта дзякуючы той аўры, што пануе тут, мне кожную раніцу хочацца ісці на работу, выкладвацца і прыносіць карысць. Вабяць у рабоце як яе стабільнасць, так і непаўторнасць кожнага дня, бо не бывае двух аднолькавых кліентаў, напісаных пад капірку сюжэтаў і сустрэч.
Так, у Наталлі, сапраўды, толькі светлыя пачуцці, якія і перадаюцца яе кліентам, зараджаюць іх на станоўчы лад. Будзе дарэчы сказаць, што яшчэ ў 2021 годзе маладая супрацоўніца была адзначана падзячным пісьмом начальніка рэгіянальнай дырэкцыі па Мінскай вобласці за высокі ўзровень арганізацыі працы, дабрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў і адказнасці ў рашэнні пастаўленых задач.
Такая ж шчырая Наталля і ў астатнім, паслярабочым жыцці. Наведвае басейн, спецыялістаў-касметолагаў, з сябрамі ладзіць выхады ў кінатэатр, кафэ, пры жаданні больш разнастайна правесці вольны час - выпраўляюцца ў Мінск. Хаця па сваёй натуры яна стапрацэнтная жыхарка Бярэзіншчыны, закаханая ў сваю малую радзіму, якой і прысвечае сваю працу, веды, намаганні і талент.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота з асабістага альбома гераіні.