Імёны бярэзінцаў у летапісе краіны

Date 09.02.2024 Man
Comment 1239
Імёны бярэзінцаў у летапісе краіны

Сёлета Бярэзінскі раён адзначыць свой 100-гадовы юбілей. А гэта добрая нагода ўважліва ўгледзецца ў сваю гісторыю, паглядзець праз рэтраспектыву сённяшняга дня на падзеі асаблівай гістарычнай значнасці.

Яшчэ адна важная дата на календары нашай дзяржавы – 1 студзеня 1919 года, калі была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і зараз мы святкуем 105-годдзе з дня нараджэння нашай беларускай дзяржавы.

Лагічна з думкай аб Беларусі ўзгадаць тых людзей, чые біяграфіі, памножаныя на лёсы, сталі нашым усенародным набыткам. Сярод бярэзінскай дзяржаўнай і партыйнай эліты было нямала сапраўдных патрыётаў, якія дбалі пра краіну і раён, у каго маральны кодэкс быў прапісаны не на паперы, а ў сэрцы. Асобы настолькі прыцягальныя, што не ўзгадаць іх – значыць, збядніць сябе, таму мы проста абавязаны памятаць тых, хто з’яўляецца гонарам нашага краю.

Эталон партыйнага кіраўніка ўяўляў сабой першы сакратар Бярэзінскага райкама партыі 70-80-ых Аляксандр Пятровіч Анціпенка – інтэлігент высокага статусу ў прамым і пераносным сэнсе: у росце і ў аўтарытэце, не кабінетны кіраўнік, які цураецца пахаў фермы і ўзаранай зямлі, а свой чалавек сярод простага люду. Ураджэнец Горацкага раёна Магілёўшчыны, выпускнік сельгасакадэміі сонцам добрых спраў засяваў сваё поле дзейнасці: галоўны аграном, затым дырэктар саўгаса на Валожыншчыне, у 37 гадоў узначаліў Валожынскі райвыканкам, а ў 40 быў прызначаны  першым сакратаром Бярэзінскага райкама партыі. Амаль 10 гадоў плённай дзейнасці на партыйнай ніве з неверагоднай працаздольнасцю. У 5-6 гадзін раніцы яго белая «Ніва» ўжо калясіла па раёне. У машыне – гумавыя боты. На досвітку ён аб’язджаў фермы і пашы, ведаў балючыя кропкі гаспадарак раёна лепш саміх старшынь калгасаў і дырэктараў саўгасаў. Строга патрабаваў за справу, адначасова быў тактычным з падначаленымі, ніколі не павышаў голасу, цаніў кадры. Умеў слухаць людзей і чуць іх. Аляксандр Пятровіч умеў бачыць перспектыву, даць самакрытычную ацэнку поспехаў, без чаго не можа быць далейшых правільных дзеянняў, з’яднаў каманду аднадумцаў, якія дбалі аб росквіце раёна. Пры ім Бярэзіншчына трымала лідарства па многіх паказчыках, была пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, малака, бульбаводстве. За сваю работу Аляксандр Анціпенка адзначаны трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Леніна. Далейшая перспектыва гэтага чалавека – сакратар Мінскага абкама партыі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. 1 сакавіка 2023 года Аляксандру Пятровічу споўнілася 90 гадоў. Да апошніх дзён жыцця не рваліся яго кантакты з бярэзінцамі, тэлефонныя стасункі з Мікалаем Макаранкам, Аляксандрам Хадаронкам, Нінай Бурко.

 

 

Рэут – прозвішча для Бярэзіншчыны не рэдкае, аднак Іван Уладзіміравіч нарадзіўся на Валожынскай зямлі. Прадстаўнік пакалення дзяцей вайны. Закончыў тэхнікум, працаваў інспектарам цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення, завочна атрымаў дыплом інстытута народнай гаспадаркі. Затым была вучоба ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Камуністам стаў у  22 гады і імкліва пайшоў па партыйнай лініі: другі сакратар Стаўбцоўскага райкама партыі, у 37 гадоў – старшыня Бярэзінскага райвыканкама (1977-1981 гг.), у 41 – першы сакратар Бярэзінскага райкама партыі на працягу шасці гадоў (1982-1988 гг.). Такая статыстычная раскладка працоўнай дзесяцігодкі кіраўніка, палітычна і эканамічна адукаванага, які вывеў Бярэзінскі раён на арбіту высокіх поспехаў. Далейшая прафесійная вяршыня Івана Рэута – кіраванне абласным аб’яднаннем «Сельгастэхніка».

 

У рэйтынгавай абойме кіраўнікоў і партыйных дзеячаў раёна годнае месца займаюць прозвішчы Мельнікаў, Яворскі, Баранаў. Ім удалося расшыфраваць цяжка даступны шыфр поспеху. Кузьма Мікалаевіч Мельнікаў, ураджэнец Кармянскага раёна, працоўны шлях пачынаў рабочым саўгаса. Пасля сельгасакадэміі быў заатэхнікам, старшынёй калгаса, а затым значны час узначальваў Бярэзінскі райвыканкам.

 

Яўгена Аляксандравіча Яворскага (ён паходзіць з в. Натальеўск Чэрвеньскага раёна) прымалі ў партыю ў 1972 годзе ў Бярэзінскай «Райсельгастэхніцы», дзе ён пасля заканчэння інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі працаваў інжынерам-электрыкам. У 44 гады ён становіцца другім сакратаром Бярэзінскага райкама партыі, затым – старшынёй раённага выканаўчага камітэта. Пасля павышэння ўзначаліў аддзел навукова-тэхнічнага прагрэсу па знешне-эканамічных сувязях Мінаблвыканкама. Быў запатрабаваны да 72 гадоў.

 

Просты хлопец з сельскагаспадарчай прафесіяй Мікалай Пятровіч Баранаў выйшаў у людзі і застаўся Чалавекам. Яго галоўнае крэда: чым вышэй пасада – тым большая адказнасць перад людзьмі. Маятнік лёсу пачаў свой адлік на Віцебшчыне ў сям’і вясковай інтэлігенцыі: маці – настаўніца, бацька – старшыня калгаса з 28-гадовым стажам. Мікалай Баранаў атрымаў чырвоны дыплом Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі і ў 1972 годзе па размерка ванні апынуўся на Бярэзіншчыне. Вось радкі з яго працоўнай кніжкі: 8 гадоў – галоўны інжынер калгаса «Бярэзіна», 8 гадоў – старшыня калгаса «Перамога», 8 гадоў – начальнік райсельгасхарчу, 5 гадоў – старшыня Бярэзінскага райвыканкама. Затым былі пасада дырэктара Бярэзінскага лясгаса, работа ў Чэрвеньскім леспрамгасе. У аснову сваёй работы Мікалай Пятровіч ставіў адкрытасць і разумную дэмакратыю, яго галоўны прынцып: не людзі для цябе, а ты – для людзей.

 

Яшчэ адно гучнае прозвішча з кагорты тых, хто меў дачыненне да кіравання Бярэзіншчынай, – Мікалай Мікалаевіч Нікалаеў. Мясцовы, родам з вёскі Мацевічы. У 10 гадоў застаўся без бацькі, быў старэйшым сярод братоў. Працаваў на аўтабазе токарам, пасля арміі ўладкаваўся на завод у Мінску, аднак цяга да роднага краю аказалася мацней. Вярнуўся ў Беразіно, быў інструктарам райкама камсамола, затым райкама партыі. Закончыў Вышэйшую партыйную школу, інстытут народнай гаспадаркі. Даслужыўся да пасады другога сакратара Бярэзінскага райкама партыі. Да яго ішлі за дапамогай, за парадай. Не мірыўся з недысцыплінаванасцю, расхлябанасцю, пасіўнасцю, абыякавасцю да справы, любіў і падтрымліваў ініцыятыўных. Перспектыўнага маладога чалавека з часам прызначылі інструктарам абкама партыі, затым старшынёй Слуцкага гарвыканкама, Дзяржаўным сакратаром Урада па рэгіянальных сувязях, намеснікам кіраўніка ААТ «Беларусбанк» па будаўніцтве… Смерць забрала Мікалая Нікалаева ў 48 гадоў, як і бацьку, на адной фатальнай жыццёвай мяжы. Яго лепшыя якасці ўвасобілі яго пераемнікі, каму ён у свой час даў старт у пачатку працоўнага шляху.

Безумоўна, на гэтым спіс асоб, якія ўнеслі свой дастойны ўклад у развіццё нашага рэгіёна, не завяршаецца. Такіх людзей – ардэнаносцаў-працаўнікоў, прадстаўнікоў навукі і культуры, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў – нямала на Бярэзіншчыне. І сёлета, у год юбілею раёна, мы расказваем пра многіх з іх, арганізаваўшы ў раённай бібліятэцы цыкл мерапрыемстваў пад назвай «З думкамі пра Беларусь мы ўзгадваем землякоў».

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,

загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Снежань 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31