І працягвае: – Крытыкаваць нікога не буду, бо мне ўсё падабаецца ў мясцовай газеце: і змест, і насычанасць.
Матэрыялы ў сваёй большасці грунтоўныя і своечасовыя, што сведчыць аб аператыўнасці журналістаў “раёнкі”. Аднак няштатнікаў цяпер амаль няма. Памятаю, калі газета выходзіла пад назвай “Сцяг Леніна”, і артыкулаў няштатнікаў друкавалася значна больш, і вершаў розных мясцовых “рыфмаплётаў” таксама, а зараз амаль няма.
Цудоўна, што ў газету нярэдка “трапляюць” знаёмыя вяскоўцы, а калі друкуюць артыкулы пра родных і блізкіх – то такія нумары абавязкова захоўваюцца ў сямейных фотаальбомах.
Бывае, праўда, не заўсёды прачытаеш усё ад першай да апошняй старонкі.
Але заўважаеш як, бясспрэчна, “раёнка” крочыць у нагу з часам, бо ў кожным нумары асвятляюцца актуальныя тэмы, навіны пра жыццё горада і раёна, пра лепшых працаўнікоў розных сфер дзейнасці, сярод якіх прыемна заўважаць сваіх знаёмых і суседзяў.
– Амаль усё жыццё маё звязана з вёскай, – дадае Іван Мікалаевіч. – Толькі служыць давялося ў Маскве (Я быў камандзірам аддзялення будбата) ды раз з’ездзіў у санаторый “Парэчча”, што ў Гродзенскай вобласці. А адтуль вазілі ў Друскінінкай, тады добра суставы падлячылі... Калі адслужыў, вярнуўся ў родныя мясціны. Іншага для сябе не ўяўляў. Працаваў трактарыстам, шафёрам на машыне “Хуткай дапамогі”, слесарам на ферме...
Вось тут, на гэтай развілцы, што непадалёк ад хаты, я і сустрэў сваю каханую Валечку. Сустрэліся і больш не расставаліся. З ёй пражылі разам – душа ў душу – 55 гадоў. Яна родам з суседняй вёскі Воступ, працавала на камутатары спачатку, потым была загадчыцай фермы. Няма ўжо маёй Валечкі...
З Валянцінай Ігнатаўнай Іван Мікалаевіч выгадаваў і “вывеў у людзі” чатырох дзяцей – двух сыноў і дзвюх дачок.
Падлічылі з ім унукаў: у сына Андрэя – 1, у Віцькі – 2, у Галі – 2, у Тані – 2. Сямёра ўнукаў і столькі ж – сямёра – праўнукаў!..
Застаецца толькі жыць ды радавацца, насуперак усім цяжкасцям і хваробам.
– У жыцці чалавека абавязкова павінна быць сям’я - згуртаваная, моцная, надзейная, - гаворыць Іван Мікалаевіч. – І дзяцей трэба гадаваць правільна – з любоўю да сваёй радзімы, да сваіх абавязкаў, да сваіх бацькоў, родных і блізкіх. Пра гэта і ў раёнцы пішуць.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.