На парадку дня – уборка рапсу

Date 12.07.2024 Man
Comment 863
На парадку дня – уборка рапсу

Без умяшання і ўплыву надвор’я апошнія гады не праходзіць ніводнае жніво. Вось і сёлета яго намаганнямі самая галоўная кампанія аграрыяў стартавала ажно з пачаткам ліпеня. Дзякаваць богу, дзесьці там на гэты раз выдзелілі больш-менш дастаткова ападкаў на нашы землі, таму і ўраджай вырас больш важкі, чым у мінулым засушлівым годзе. Гэта пацвярджаюць і першыя (пакуль што прамежкавыя) вынікі жніва, а дакладней уборкі азімага ячменю, якая ўжо завяршылася ў раёне.

Больш урадлівым паказвае сябе і рапс – наступная культура, да ўборкі якой масава прыступілі гаспадаркі Бярэзіншчыны на мінулым тыдні. Не стаў выключэннем тут і ААТ “Першамайскі”, дзе таксама абмалачваюць гэтую каштоўную культуру. Работы ў мінулы чацвер вяліся на палетку непадалёк ад вёскі Вялікія Лагі. У жніве пакуль што задзейнічана тры камбайны і два магутных МАЗа на адвозцы насення.

У саставе аднаго з уборачных экіпажаў уваходзіць два чалавекі, на астатніх двух камбайнах па аднаму. Найбольшым вопытам і колькасцю праведзеных уборачных вызначаецца, безумоўна, Віталь Абмётка. Ён – не толькі ветэран вытворчасці і старанны спецыяліст, а і добры настаўнік моладзі. У свой час падрыхтаваў ні аднаго камбайнера. У іх ліку быў і ўласны сын Ігар, які паспеў ужо заваяваць сабе гучнае імя і шмат гадоў запар узначальваў спіс пераможцаў маладых лідараў жніва Бярэзіншчыны.

Зараз Ігар ужо пераадолеў маладзёжны ўзрост. З гадамі да яго прыйшлі і вопыт, і веды. А значыць, настала пара падобна бацьку запісвацца ў настаўнікі. Вось і сёлета ў яго малады напарнік, 21-гадовы Валерый Шукан. Пра яго хочацца расказаць крыху асобна. Сам юнак тутэйшы, з Мікуліч. Пасля заканчэння школы паступіў па накіраванні гаспадаркі ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і сёлета вось ужо маладым спецыяляістам вярнуўся на сваю малую радзіму.

– Мне заўсёды падабалася  тэхніка, – расказвае ён. – Таму і выбраў для сябе прафесію інжынера. Толькі-толькі прысттупіў да выканання сваіх абавязкаў у гаспадарцы, як дырэктар прапанаваў на час жніва стаць камбайнерам. Адразу з радасцю пагадзіўся. Па-першае, назапашаны вопыт работы ў якасці звычайнага механизатара будзе вельмі карысным у будучай рабоце. А, па-другое, удзельнічаць ва ўборцы для мяне – справа не новая. Яшчэ раней два сезоны адпрацаваў у адным экпіажы разам з бацькам, а летась ужо самастойна адзін на камбайне правёў жніво. Канечне, удваіх працуецца весялей і лягчэй. Таму і тэмпы работы ў нашага маладзёжнага экіпажа жаволі высокія, што дазхваляе пакуль што трымаць у гаспадарцы першынство.

А вось для Уладзіміра Рафаловіча жніво ў “Першамайскім” – толькі першае, бо і ў гаспадарцы ён працуе першы год. Узначальвае мехмайстэрні. Вопыт работы за штурвалам камбайна таксама мае, бо і раней выпадала магчымасць паспрабаваць сябе ў гэтай адказнай ролі. Летась, напрыклад, добра праявіў сябе на палетках СУП “АграМАЗ”. Таму і на гэты раз не ўтрымаўся, каб не далучыца да ўдзельнікаў жніва.

На адвозцы, раз-пораз мяняючы адзін аднаго пад пагрузкай, заняты два вадзіцелі МАЗаў – Анатоль Зелянкевіч і Іван Сахончык. З-за недалёкай адлегласці ад поля да збожжатока і добра наладжанаму працэсу, перабояў, а тым больш прастояў камбайнаў не бывае. Ды і ў цэлым, сама ўборачная ў гаспадарцы арганізавана на добрым узроўні. Тут дбаюць не толькі аб высокіх тэмпах работ, але і клапоцяцца пра ўдзельнікаў жніва: сочаць, каб тэхніка не ведала паломак ім рамантавалася ў самыця сціслыя тэрміны, своечасова падводзяць вынікі работы і спаборніцтва, забяспечваюць гарачым харчаваннем і г.д.

Кінулася ў вочы і такая дэталь: на полі, дзе ішоў абмалот, дзяжурылі два чалавекі, якія сачылі за якасцю работ, каб зменшыць выпадковыя страты ўраджаю, які заўсёды на вагу золата.

Наперадзе аграрыяў Бярэзіншчыны чакае больш адказны этап жніва, калі камбайнёры прыступяць да ўборкі самага важкага збожжавага кліна. Вось дзе спатрэбяцца максімальная пільнасць, аддача і ўвага кожнага і чалавека, і задзейнічанага агрэгата. І хоць справа гэтая для многіх не новая і звычайная, успрымаецца яна заўсёды з непаўторным пачуццём адказнасці за вырашчаны ўраджай і яго паўнаважкасць.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30