Да бяды вядуць мноства акалічнасцей: ужыванне спіртных напояў падчас адпачынку ля вады, і катанне на надзіманых мартасах, і ныранне ў незнаёмых месцах, падплыванне да лодак і гідрацыклаў, пакіданне дзяцей ля вады без нагляду і іншае. Што датычыцца малых дзяцей, то яны тонуць нават у надзіманых басейнах, штучных вадаемах ля дома.
Штогод намаганнямі раённых пажарных праводзіцца работа па прафілактыцы няшчасных выпадкаў на вадзе. Адно з мерапрыемстваў – штодзенныя рэйды да абсталяваных і стыхійных месцаў адпачынку. Работнікі службы ратавання задзейнічаны і ў выхадныя дні. Так, сёння прайшлі рэйды па месцах адпачынку людзей ля вады ў Беразіно, весках Гурэшчына, Брадзец, Сяліба, Міраслаўка. У адным з рэйдаў прыняў удзел работнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Раман Крукаў. Як і чакалася, з-за спякоты людзей ля вады шмат, многія адпачываюць з дзецьмі. Многа дзе арганізаваныя кемпінгі, людзі тут застаюцца начаваць. З усімі мы праводзілі гутаркі, нагадвалі пра неабходнасць пільна сачыць за дзецьмі, не плаваць у стане алкагольнага ап’янення.
Нагадваем, что на тэрыторыі раёна маюцца толькі 4 месцы, спецыяльна абсталяваныя для купання: 2 – у Беразіно, па адным – у весках Мачаск і Паплавы. Тут добра даследавана і пачышчана дно, маюцца ўмовы для пераапранання і адпачынку. Астатнія месцы лічацца забароненымі для купання, бо пры купанні тут рызыка траўмірання ці гібелі значна большыя.
Беражыце сябе, бо вада не даруе неасцярожнасці. Пры любой надзвычайнай сітуацыі неадкладна тэлефануйце па нумарах 101 ці 112.