Таццяна Каленік "Каб не спыніўся рух"

Date 05.10.2024 Man
Comment 437
Таццяна Каленік "Каб не спыніўся рух"
У фае другога паверха ДУК "Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка" адкрылася экспазіцыя работ таленавітай землячкі Таццяны Каленік "Каб не спыніўся рух".

Таленавітая мастачка тых тонкіх матэрый, з якіх складаецца чалавечая свядомасць. Фарбы яе вершаў даволі меланхалічныя, аднак прыгажосць вобразаў і метафар ахутваюць сэрца чытача шчымлівай тугой. Праз іх элегічную гаму прыадчыняецца таямніца бясконцасці часу.

Ён пачаўся, калі Бог аддзяліў святло ад цемры, а каб рухаць яго магутнае кола, заклікаў на дапамогу чалавека. Закруціўся, зацікаў складаны механізм часу і дагэтуль яшчэ ніхто і нішто не спыніла яго рух. Але, чаму зусім яшчэ новая, спраўная сістэма дала збой? Хто альбо што стала таму прычынай?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ‒ у маляўнічых радках кнігі «Каб не спыніўся рух». Гэта першы паэтычны зборнік пісьменніцы, у які ўвайшлі верлібры і графічныя замалёўкі аўтаркі, прадстаўленыя на аднайменнай выставе.

Каленік Таццяна Рыгораўна нарадзілася ў 1965 годзе ў горадзе Беразіно Мінскай вобласці. 

У школьныя і студэнцкія гады праявіла сябе ў розных творчых напрамках: мастацтва, вакал, музыка (баян). Займалася ў студыі бальнага танца, стварала тэатралізаваныя прадстаўленні. Аднак працоўны шлях пачала з пасады загадчыцы малочнатаварнай фермы – марыла стаць ветэрынарным урачом. Чарада трагедый, якая здарыліся ў сям’і Таццяны Рыгораўны, нібыта блакіравала яе магчымасці на доўгі час.

Абудзіла ж іх творчая натура малодшай дачкі Ганны. Неўзабаве ў мастацкіх галерэях «Славутыя майстры Беларусі», «Падземка», у Канцэртнай зале «Мінск» з’явіліся вырабы з ільну і бяросты, створаныя рукамі Таццяны Каленік.

Першыя вершы і эсэ ў аўтарскім выкананні прагучалі на творчых пляцоўках горада. З’яўляючыся адной з вядучых творчых праектаў «Сябрына» і «Рэзананс», стварала сцэнарыі і дэкарацыі да музычналітаратурных імпрэз, арганізоўвала мастацкія выставы. Новыя гарызонты адкрыла праца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, работа на пасадзе галоўнага спецыяліста Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (2020-2022 гг.), работа ў складах журы, удзел у літаратурных і культурных святах нашай краіны.

Зараз Таццяна Каленік з’яўляецца супрацоўніцай сталічнай бібліятэкі № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага, кіруе літаратурным аб’яднаннем «Слова». Яна ладзіць інтэрактыўныя сустрэчы са школьнікамі і наведвальнікамі бібліятэк, прэзентацыі кніг, літаратурна-музычныя вечарыны. Празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат VII Міжнароднага літаратурна-музычнага фестывалю «Інтэлігентны сезон» у двух намінацыях «Малая проза» і «Ілюстрацыя кніг», дыпламант літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая» ‒ сумеснага праекта Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і часопіса «Маладосць».

Яе творы друкуюцца ў калектыўных зборніках, у замежных перыядычных выданнях, на старонках часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Гаспадыня», «Вясёлка», «Друг пенсионера», у газеце «Літаратура і мастацтва», раённых газетах. Рознабаковая творчая дапытлівасць Таццяны Каленік не дазваляе ёй спыніцца на чымсьці адным з яе магчымасцяў. Апошнім часам яна рупіцца і на дызайнерскай ніве ‒ малюе і афармляе кніжныя вокладкі, ілюструе кнігі беларускіх і замежных пісьменнікаў, з’яўляецца аўтарам і дызайнерам паштовак і буклетаў мастацка-літаратурнага напрамку, стварае лялек да твораў беларускіх літаратараў. Усё, што адбылося з пісьменніцай за апошні, дастаткова кароткі перыяд, акрыляе і натхняе яе.

Абуджае і Слова продкаў, якое нясе Таццяна Рыгораўна да нашчадкаў. Гэта адчувальна ў яе кнізе «Бабуліны шпулькі» ‒ своеасаблівым помніку малой радзіме. Ілюстраваць кнігу аўтар запрасіла школьнікаў вясковых і гарадскіх адукацыйных устаноў Міншчыны і Магілёўшчыны, спадзеючыся, што хлопчыкі і дзяўчынкі ‒ удзельнікі праекта ‒ з яшчэ большай адказнасцю пачнуць ставіцца да культуры і традыцый роднага краю, да чалавека. Яна спрабуе дастукацца да сэрца кожнага чытача, вярнуць яго да сябе, да сваіх Вытокаў.

Гэта так важна сёння, калі губляецца сувязь чалавека з прыродай, з родам, з сапраўднымі духоўнымі каштоўнасцямі. Каб не спыніўся рух.

Березинская центральная районная библиотека

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Пазначыць пад

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Лістапада 2024 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30