– Добра памятаю той момант ушаноўвання, – расказвае Галіна Уладзіміраўна. – Але наш род значна большы, на свяце былі прадстаўлены толькі тыя, хто жыве і працуе ў Брадцы. А ёсць жа нямала тых, хто знаходзіцца ў іншых гарадах, плюс унукі ды праўнукі…
Але не толькі названай акалічнасцю адметная гэтая жанчына. Не менш важны фактар заключаецца ў тым, што яна ўсё сваё свядомае жыццё аддала працы ў жывёлагадоўлі. Калі больш дакладна, то 36 гадоў. Пачынала з даяркі, а потым вось ужо працяглы час займаецца даглядам цялят. Зараз яны разам з Ірынай Стасевіч гадуюць больш за двесце цялят ва ўзросце 3-6 месяцаў. Нагрузка немалая, але Галіна Уладзіміраўна прывыкла да падобнага рытму. А галоўнае тое, што такі занятак ёй па душы. Таму пакуль што пакідаць работу, нягледзячы на тое, што праз год наступае пенсійны ўзрост, жанчына не збіраецца.
Ды і сямейны прыклад мужа Аляксандра Мікалаевіча, аднаго са старэйшых і вопытнейшых механізатараў сельгаспрадпрыемства, які, ужо будучы на заслужаным адпачынку, не пакідае працоўнае месца, таксама натхняе і надалей уносіць свой пасільны ўклад у вытворчасць.
Хапае жанчыне і дамашніх клопатаў. Часта неабходную дапамогу аказваюць бацькам іх двое сыноў. Адзін з іх жыве тут жа, у Брадцы, працуе ў мясцовым лясніцтве, як і бацька, трактарыстам. Другі перабраўся ў Жодзіна і на рабоце зарэкамендаваў сябе як вопытны інжынер-механік. Радасцю поўніцца дом, калі прыязджаюць сюды разам з дзецьмі і трое ўнукаў. Двое з іх ужо самастойныя і атрымліваюць будаўнічыя спецыяльнасці, а вось самаму малодшаму толькі чатыры гады.
Акрамя спраў і дамашніх клопатаў, застаецца ў Галіны Уладзіміраўны час і для актыўнага адпачынку. Яна часта наведвае мясцовую ўстанову культуры, а калі там арганізоўвалі свята-конкурс “А ну, бабулі!”, была яго актыўнай удзельніцай. Вось каб існаваў вакальны калектыў, абавязкова стала б яго членам, бо вельмі любіць спяваць, а мілагучны голас і музычны слых ёй у спадчыну дасталіся ад маці.
Вось так жыве адна з лепшых даглядчыц жывёлы ААТ “Брадзец” Галіна Кніга – у клопатах, працы, радасці і руплівасці, надзейна працягваючы слаўныя традыцыі вялікай дынастыі шчырых, адкрытых і працавітых людзей.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.