Істотны след пакідаюць нашы меліяратары і па выніках адыходзячага года. На жаль, ён не вельмі прыкметны для бярэзінцаў, бо ўсе аб’екты ПМС знаходзіліся па-за межамі нашага раёна. Так, за гэты час была праведзена рэканструкцыя аб’екта “Волма-Запольскае” ў Чэрвеньскім раёне, “Божы Дар” – у Барысаўскім, “Касенічы” – у Крупскім, яшчэ адзін аб’ект размяшчаўся на Лагойшчыне, а ў Пухавіцкім раёне нашы спецыялісты прымалі ўдзел у торфараспрацоўцы новага вялікага, прыкладна ў тысячу гектараў, масіву, работы на якім да здачы ў эксплуатацыю разлічаны на пяцігодку, участка для мясцовага прадпрыемства.
Для таго, каб уявіць, наколькі істотным аказаўся ўклад меліяратараў у паляпшэнне зямель вобласці, адзначым, што плошча кожнага з аб’ектаў складала ад 115 да 160 гектараў.
Вяліся работы, дарэчы, і на Бярэзіншчыне. Яны былі не такімі відавочнымі, насілі планавы характар і датычыліся ўтрымання існуючай меліярацыйнай сеткі. А гэта таксама значны аб’ём, бо іх працягласць перавышае тысячу кіламетраў, плюс больш як 200 гідратэхнічных збудаванняў (масты, шлюзы, дамбы, пераезды). І яны павінны быць абкошаны, дагледжаны і адрэгуляваны.
- Адыходзячы год мы сустракаем з добрым настроем, - расказвае дырэктар ПМС Мікалай Куксёнак. – Перш за ўсё па той прычыне, што даведзеныя бізнес-планам фізічныя і эканамічныя паказчыкі мы паспяхова выканалі і, як і летась, папрацавалі з прыбыткам.
Немалаважны і той факт, што мы нарэшце змаглі поўнасцю выйсці з існаваўшых раней запазычанасцей па падатках, з-за якіх не мелі магчымасці напрамую ўдзельнічаць у тэндарах па выбары таго ці іншага аб’екта, а карысталіся паслугамі іншых плацежаздольных ПМС вобласці. Зараз такая неабходнасць адпала і мы маем магчымасць напрамую, без трэціх асоб, заключаць дагаворы на аказанне сваіх паслуг.
А прадастаўляцца яны ў 2025 годзе будуць большай часткай на бярэзінскіх угоддзях. Так літаральны двума тыднямі раней распачаты культуртэхнічныя работы на тэрыторыі ААТ “Першамайскі”, вядзецца рамонт меліярацыйнага канала непадалёк ад Месціна. З іншых планаў на наступны год – ажыццяўленне рэканструкцыі двух аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (непадаёк ад горада) і СУП ”Здравушка-агра” (у раёне вёскі Дамашкі) і аднаго новага асушэння (ДУП “Мацевічы-агра”) на тэрыторыі нашага раёна, і аналагічная работа ў суседняй Крупшчыне.
Праектна-каштарысная дакументацыя па іх яшчэ не складзена, будзе гатова прыкладна ў сакавіку, тады ж меліяратары і прыступяць да работы, каб да канца года паспяхова завяршыць яе.
Такім чынам, план на наступны год сфарміраваны ўжо зараз. А тое, што большасць аб’ектаў знаходзіцца іменна на Бярэзіншчыне, прынясе карысць не толькі нашаму раёну і прыбавіць аграрыям нямала новых зямель сельскагаспадарчага прызначэння, а і выгадна работнікам ПМС: будуць эканоміцца значныя сродкі на раз’язны характар работы, павысіцца прадукцыйнасць працы. А яна і без таго высокая: для большай загружанасці асноўных відаў тэхнікі і яе аддачы ў прадпрыемстве арганізавалі дзвюхзменную работу на пракладцы дрэнажу, у такім жа рытме працуюць экскаватаршчыкі, паўтаразменны графік работы ў бульдазерыстаў.
Працаваць у такім шчыльным рэжыме зацікаўлены самі людзі, што датычыцца тэхнікі, то яна ў пераважнай большасці нядаўна была абноўлена амаль на 80 працэнтаў і пры граматнай эксплуатацыі рэдка калі выходзіць са строю. Тым не менш, аўтатрактарны парк працягвае папаўняцца новай тэхнікай. Толькі сёлета ПМС набыло некалькі легкавых аўтамабіляў для дастаўкі механізатараў на аб’екты, сучасны “Белдозер”, два трактары МТЗ-82, новыя касілкі, дыскі балотныя цяжкія, 5,4 метра даўжынёй. Налета надыдзе чарга купіць новыя прычэпы і некалькі трактароў тыпу МТЗ-1221.
Дарэчы, дзвюхзменны графік работы, калі на адным агрэгаце працуюць пачаргова два чалавекі, дазволіў прадпрыемству павялічыць свой штат прыкладна на дзесяць чалавек. Тым не менш, тут усё ж існуе дэфіцыт кадраў. Работа ў спецыфічных умовах (нават пры годным заробку) не вельмі прыцягвае ў галіну людзей, хаця некаторае абнаўленне штату моладдзю ўсё ж назіраецца.
Але па-ранейшаму асноўны касцяк калектыву складаюць спецыялісты, якія справе меліярацыі аддалі не адзін дзясятак гадоў. Тым не менш, у ПМС дбаюць пра дзень заўтрашні і новую змену і… пайшлі ў школу, у трэцюю гарадскую, дзе актыўна працуе клас з сельскагаспадарчым ухілам.
Старшакласнікаў меліяратары знаёмяць з работай сістэмы, праводзяць сустрэчы і гутаркі, арганізоўваюць паездкі на меліярацыйна-будаўнічы факультэт Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, у планах – звазіць вучняў на адзін са сваіх аб’ектаў, дзе можна будзе ўжывую ўбачыць, як адбываецца пракладка дрэнажу або ачыстка канала, якая там магутная і разумная тэхніка задзейнічана, наведаць Смілавіцкі каледж і адзін з брэсцкіх спецыялізаваных меліярацыйных тэхнікумаў. Дзеці знаёмяцца і з такімі прафесіямі, як, напрыклад, юрыст або эканаміст, бо прадпрыемства заўсёды гатова прыняць і спецыялістаў іншага кшталту.чччччччччччч
ПМС – з ліку тых нямногіх, хто ў сваім распараджэнні мае ўласны інтэрнат. Зараз у ім вядзецца касметычны рамонт, а неўзабаве там памяняюць вокны, абсталяванне санвузлоў, зробяць больш утульнымі пакоі і калідоры.
Будзе прыемна трапіць у абноўлены інтэрнат маладым спецыялістам, якія налета павінны прыбыць у Беразіно. Іх чакае тут не толькі дружны калектыў, а і перспектыва росту, як гэта адбылося з Андрэем Даўгучыцам. Пасля размеркавання быў спачатку майстрам, потым стаў начальнікам участка, а сёння ён – галоўны інжынер прадпрыемства. Яго здольнасці ўнікаць у змест прапануемай праектнай дакументацыі і ўносіць у яе слушныя карэктывы не раз дазвалялі прадпрыемству эканоміць істотныя сродкі і ўносіць у каштарыс дадатковыя, не ўлічаныя праектантамі, віды работ.
З нядаўняга часу пры садзейнічанні Бярэзінскага ПМС было створана даччынае ўнітарнае прадпрыемства “Мацевічы-агра”. Не вельмі проста было напачатку меліяратарам займацца выключна сельскагаспадарчымі пытаннямі.
Аднак сёння тут справы ідуць паспяхова і ДУП выйшла на работу з “плюсам”. Асноўны від дзейнасці – атрыманне прадукцыі раслінаводства. Сёлета на палетках, а іх плошча складае без малога тысячу гектараў, вырошчвалі пшаніцу і рапс, зернебабовыя і насенне канюшыны. На наступны год тут заклалі насеннікі шматгадовых траў – фістулолеума, райграса шматгадовага, аўсяніцы чырвонай, аўсяніцы лугавой.
Не забываюць і пра седэраты - рэдзьку маслінавую, проса. Атрыманае насенне будзе рэалізоўвацца меліярацыйным арганізацыям вобласці для высеву траў уздоўж каналаў. Пры патрэбе і своечасовай аплаце будуць пастаўляць і гаспадаркам раёна.
У “Мацевічы-агра” ёсць уся неабходная глебаапрацоўчая тэхніка, зернеўборачныя і корманарыхтоўчыя камбайны, агрэгаты для ўнясення ўгнаенняў.
На наступны год гэтае прадпрыемства трапіла ў лік аб’ектаў новага асушэння (па мінулых гадах на палетках назіраліся вымачкі, што адмоўна адбівалася на атрыманні ўраджаю), пасля чаго вытворчыя і эканамічныя паказчыкі павінны стаць яшчэ больш адчувальнымі.
Больш адчувальнымі будуць яны і ў саміх меліяратараў, бо тут навучыліся эфектыўна працаваць, не пасаваць перад цяжкасцямі і дасягаць пастаўленых мэт.
Шаноўныя сябры! Набліжаецца цудоўнае і чароўнае свята сустрэчы Новага года!
Яно заўсёды нясе з сабой новыя спадзяванні і мары. У гэтую святочную ноч мы загадваем жаданні і затым імкнёмся да таго, каб ажыццявіць іх. Рабіце толькі самыя смелыя планы і прыкладайце намаганні для іх ажыццяўлення – у асабістым жыцці, у каханні, у перспектывах прафесійнага роста, у паляпшэнні дабрабыту. Верым, што яны абавязкова збудуцца. Асабліва ў рабоце, дзе вы кожны дзень дасягаеце высокіх паказчыкаў, мацуеце эканоміку прадпрыемства, з’яўляецеся нашай надзейнай апорай, тымі адказнымі і незаменнымі людзьмі, якім заўсёды можна даверыцца.
Шчасця вам усім, моцнага здароўя, радаснага настрою. Няхай вам ва ўсім спадарожнічаюць поспех і ўдача.
А нашым ветэранам у дадатак да пажаданняў хочам сказаць вялікі дзякуй за той задзел, які яны зрабілі ў свой час. Мы памятаем вас, шануем і жадаем актыўнага даўгалецця.
Адміністрацыя і прафкам ДУП “Бярэзінскае ПМС”.
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.