Двойчы ў дзень наведвала яна трэніроўкі і заяўляла аб сабе як здатная плыўчыха. Але спартыўнай кар’еры перашкодзіла хвароба: прыкладна ў дзявятым класе ў Аляксандры сталі ўзнікаць праблемы з сэрцам. Давялося на нейкі час збавіць тэмпы трэніровак і перайсці на ашчадны рэжым.
– Доўжыўся ён прыкладна два месяцы, – узгадвае дзяўчына. – А тут напярэдадні 8 Сакавіка набліжаліся чарговыя рэспубліканскія спаборніцтвы. Нягледзячы ні на што, вырашыла прымаць у іх удзел. Такога выніку і сама не чакала: атрыманая перамога прынесла мне ганаровае званне кандыдата ў майстры спорту. Вось такі арыгінальны падарунак я зрабіла сваёй маці і сабе напярэдадні Дня жанчын.
Тым не менш, са спартыўнай кар’ерай давялося развітацца. Паўстала праблема далейшага ўладкавання ў жыцці. Прынятае рашэнне падаецца Аляксандры спантанным. Яна, гараджанка, якая мае абстрактнае ўяўленне пра сельскую гаспадарку, паступае ў Смілавіцкі аграрны каледж, выбраўшы пры гэтым жывёлагадоўчую галіну. Тут, відаць, праявілася яе любоў да жывёлы, якую залажыла ў юнай душы бабуля. Не раз яны разам дапамагалі бадзячым коцікам ды сабачкам, падкармлівалі іх, нераўнадушна ставіліся да братоў нашых меншых.
Сёння Аляксандра Кухарава, ужо з дыпломам спецыяліста, працуе ветурачом на МТФ «Паплавы» СУП «Здравушка-агра». З’явілася яна тут у красавіку пасля таго, як пераразмеркавалася з Дзяржынскага раёна.
Зноў жа выбар Бярэзіншчыны ў якасці працоўнага месца аказаўся спантанным. Але і тут таксама ёсць свая падаплёка: менавіта наш раён з’яўляўся малой радзімай продкаў Аляксандры па матулінай лініі. Бывала яна тут і ў раннім дзяцінстве, толькі тыя ўспаміны ўжо крыху сцёрліся з гадамі, бо сваякі-бярэзінцы даўно перабраліся ў сталіцу і сталі мінчанамі. Можа таму наш родны куточак прыйшоўся даспадобы маладому спецыялісту і з першых дзён знаходжання тут палюбіўся.
– Сапраўды, – згаджаецца Аляксандра, – Бярэзіншчына – цудоўны край. Вабіць да сябе багацце яе прыроды. Горад – вельмі ўтульны, зялёны, тут ёсць дзе актыўна правесці вольны час, шмат магчымасцей для адпачынку, а размяшчэнне Беразіно на трасе Мінск-Магілёў дае магчымасць без праблем дабрацца да мегаполіса. Тым больш, што ў мяне ёсць сваё аўто. Што парадавала, дык гэта наяўнасць басейна. На жаль, наведвала яго толькі некалькі разоў, бо вольнага ад работы часу застаецца вельмі мала: жывёла – не станок, які можна адключыць, яна патрабуе штодзённага догляду. Асабліва кволыя, толькі што народжаныя цяляткі. Яны, нібы дзеткі, патрабуюць асаблівай увагі, ад чаго ў далейшым залежыць, наколькі паўнацэннай і прадуктыўнай будзе жывёліна.
Яшчэ адной акалічнасцю, якой вызначаецца наш раён, дзяўчына назвала людзей. Шчырыя, душэўныя, працавітыя, яны заўсёды адгукаюцца на дапамогу, ставяцца з разуменнем да некаторых праблем і цяжкасцей маладога спецыяліста, падтрымліваюць парадай і справай. А гэта вельмі важна ў час першых самастойных крокаў у прафесію. А яны будуць доўжыцца і далей, бо справе лячэння жывёлы Аляксандра вырашыла не здраджваць і зараз завочна займаецца ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
– Лёс кожнага чалавека залежыць не толькі ад яго самога, – лічыць Аляксандра Кухарава. – Таму загадваць на далёкую перспектыву не буду. Сённяшняя праца ў Паплавах, калектыў жывёлаводаў, прадастаўленыя жыллёвыя ўмовы (гаспадарка здымае кватэру ў Беразіно), садзейнічаюць таму, каб я змагла прайсці добрую школу, набыць вопыт і веды, як кажуць, “адбыцца” як спецыялісту. І за гэта я ўдзячна і лёсу, і Бярэзіншчыне.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.