Першае пытанне, якое я задаў падчас сустрэчы, гучала так: што патрабуецца, каб вывучыць замежную мову на такім узроўні, каб на ёй размаўляць?
Мая суразмоўца заверыла, што галоў-нае – не баяцца прамаўляць словы, няхай і з памылкамі маўлення, няправільным націскам і з непазбежным акцэнтам.
– Адразу вучыце лексіку, адначасова граматычныя правілы – уседліва і настойліва, і заўсёды прамаўляйце словы, будуйце выразы. Ці ведаеце вы, што мы і па-руску часцяком размаўляем з памылкамі, няправільна расстаўляючы націскі? Напрыклад, гаворым «звОнят», а трэба «звонЯт», гаворым «кухОнный», а трэба «кУхонный».
– Трэба толькі пачаць, а потым самі падключацца ўсе вярбальныя і невярбальныя правілы, – запэўніла дасведчаная выкладчыца.
Цікавыя прыклады
Як прызнаецца Яўгенія Мікалаеўна, за дзесяць гадоў выкладання англійскай мовы вучням з 3 па 11 класы, ужо сама настолькі прасякнулася мовай, што не заўважае, як пачынае нават думаць па-англійску. Прафесійная дэфармацыя –
скажаце вы? А вось і не, гэта вынік мэтанакіраванай працы і шчырай любові да ўласнага прадмета, які выкладаеш дзеткам, бо ад раніцы да надвячорка даводзіцца ў школе разам з вучнямі быць з любімай дысцыплінай.
Дзецям даспадобы слухаць тлумачэнні настаўніцы і выконваць заданні. Вучыцца захапляльна, але цяжка. Як вынік, найбольшыя схільнасці і зацікаўленасць да вывучэння англійскай у тых школьнікаў, якія ездзяць разам з бацькамі адпачываць за мяжу, а таксама яшчэ і тых, каму веданне мовы патрабуецца для далейшага паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны.
Сама ж Яўгенія ў практыцы англій-скай не спыняецца – часам чытае мастацкія класічныя тэксты сусветна вядомых пісьменнікаў: Мэры Шэлі «Франкенштейн», Джордж Оруэл «Скотный двор», Уільям Голдынг «Повелитель мух». І слухае выканаўцаў англамоўнай музыкі, якую аўтаматычна зараз жа для сябе перакладае.
– Праслухоўванне англамоўных спевакоў дазваляе засвоіць шмат новай лексікі, структуру будавання выразаў. Аднак часам песні бываць такія, што слухаеш і міжволі ловіш сябе на думцы: лепей бы я не перакладала гэты тэкст, – тлумачыць Жэня. – Напрыклад, усе ведаюць вядомую песню шведскага калектыву «ABBA» – «Happy New Year», якая часцяком гучыць не толькі на Новы год, а і проста ў кіно ці на радыё, аднак далёка не ўсе разумеюць, пра што гэта песня. На самой справе гэта вельмі дэпрэсіўны енк людзей, якія дужа стаміліся адзін ад другога. Там так і спяваецца: мы ўсе надакучылі адзін другому і хутка памром, але можа Новы год нас уратуе, хаця не – не ўратуе… А музыка там файная, гэта ж сусветна вядомы хіт!
Прыадкрыем таямніцу і падзелімся сакрэтам: па тэкстах песень замежных выканаўцаў Яўгенія мяркуе аднойчы зрабіць навуковую распрацоўку.
Разнастайнасць
Дарэчы, у прафесію наша падпісчыца і чытачка прыйшла даволі нечакана для сябе. Пасля заканчэння Бярэзінскай гімназіі ў 2009 годзе вырашыла пасту-піць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Ніякіх планаў дагэтуль не мела, вырашыла паспрабаваць. Мэтанакіравана засела за падручнікі і да паслуг рэпетытараў не звярталася. Гэта пры тым, што ў знакамітую навучальную ўстанову рэспублікі, дзе рыхтуюць перакладчыкаў, яшчэ паспрабуй, паступі, некаторым абітурыентам і найлепшыя рэпетытары не могуць дапамагчы, а яна – паступіла з першага разу, змагла! У падобным выпадку гавораць: талент не схаваеш. Дапамаглі і школьныя веды, у гімназіі вывучала англійскую.
Не здолеў я абмінуць і пытанне такога кшталту: як Яўгенія Мікалаеўна ставіцца да прысутнасці ў нашай мове шматлікіх запазычанасцей і англіцызмаў?
– У адной рэкламе некалі паведамлялася пра тое, што «адкрыўся новы дыскаўнтар вядомага рытайлера». Тут не толькі вясковая бабуля галаву зломіць у спробах разгадаць таямніцу пачутага, але і гарадскі жыхар, дасведчаны ў модных навінках гандлю, рады не дасць, куды яго запрашаюць. Калі шчыра, навошта замяняць нашыя родныя словы чужымі? Сказаў, напрыклад, «вялікі магазін» замест рытайлера, і ўсё адразу зразумела!
Дарэчы, спецыялізуецца Яўгенія яшчэ і на беларускай мове. Ёй вельмі падабаецца беларуская літаратура, з пісьменнікаў – па сэрцу Уладзімір Караткевіч.
Актыўна ўдзельнічае маладая настаў-ніца і ў грамадскім жыцці. Таксама яна нязменная ўдзельніца ўсіх магчымых велапрабегаў, якія ладзяцца на Бярэзін-шчыне. Веласпорт – даўняе захапленне. Таксама захапляецца аэробікай, наведвае заняткі ў ФАЦ «Лазурный», прыхільніца плавання ў басейне. Зімою можа і на лыжах – калі ёсць снег, але зараз з гэтым складана.
З добрымі пажаданнямі
Вольнага часу з такімі захапленнямі і работай у жанчыны няма. Аднак, калі выпадае магчымасць, яна аматарка выпечкі, усё можа рабіць: тарты, печыва, прысмакі, нават сінабоны – гэткім загадкавым словам мянуюцца своеасаблівыя булачкі з карыцай.
На старонках «Бярэзінскай панарамы» чытае ўсё. Асаблівая ўвага аддаецца навінам адукацыйнай сферы, матэрыя-лам пра педагогаў, вучняў і пра жыццё роднай установы адукацыі. З цікавасцю праглядае раёнку ў інтэрнэт-сегменце: сацыяльных сетках і тэлеграм-канале.
Дарэчы, раённую газету выпісвала яшчэ мама, якая ў свой час працавала ў пашпартным стале.
– Усе мы чакаем ад Новага года чагосьці станоўчага і добрага, з аптымізмам сустракаем святы і глядзім у будучыню з надзеяй і прадчуваннем прыемных сюрпрызаў. З такой нагоды хочацца пажадаць раённай газеце прымнажаць падпісчыкаў ды заставацца актуальным і запатрабаваным выданнем. Калегам хочацца пажадаць добрых вучняў і шчаслівых дзён. Вучням – выдатных адзнак, добрых ведаў і каб кожны паступіў, куды хацеў, і набыў прафесію, пра якую марыць!
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.