Па-першае, пражывае яна тут амаль чвэрць стагоддзя. Па-другое, выйшла замуж за мясцовага хлопца. І, па-трэцяе, сама амаль што мясцовая – да таго, як стаць даяркай у ААТ “Багушэвічы”, працавала па-суседску ў “Здравушка-агра”. Яшчэ адной прычынай лічыць яе “сваёй” з’яўляюцца аўтарытэт і павага як да аднаго з лепшых прадстаўнікоў жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі.
Сапраўды, Ірына Уладзіміраўна з’яўляецца адным з вядучых аператараў машыннага даення МТФ “Багушэвічы” – цэнтральнай фермы сельгаспрадпрыемства. Утрымліваецца
тут 450 кароў, якіх штодзень трэба і дагледзець, і падаіць.
Цяжар адказнасці і істотны аб’ём работы Ірына Няхай дзеліць на дваіх з Таццянай Калеснікавай. Пры няхітрым падліку атрымліваецца, што на кожнага з аператараў прыпадае па 225 галоў. А падаіць жа іх трэба двойчы на дзень!
– Работы, вядома ж, хапае, – расказвае жанчына. – Добра, што ў нас ёсць падменная – Вольга Расолька. Так што выхадныя маем. За гэты час, а мінула больш як 20 гадоў, да справы прывыкла, вывучыла яе. Ды і на заробкі скардзіцца не даводзіцца. Таму і стараюся, каб мае кароўкі малака давалі паболей. Летась ад кожнай надойвалі па 17-18 літраў. Зараз гэты паказчык стаў крыху большым. А будзем з малаком, дык і гаспадарцы ў цэлым будзе лепш.
Асобная тэма размовы – дзеці. Іх у сям’і двое: сын, якому сёлета ў жніўні будзе 25 гадоў, і 20-гадовая дачка. Яны частныя госці ў бацькоўскай хаце. Але жывуць у Мінску – паклікаў вялікі горад.
– Усё, што было неабходна для ўступлення ў вялікае жыццё, мы з мужам далі сваім дзецям, – расказае Ірына Уладзіміраўна. Абое вывучыліся: дачка працуе педагогам з дзецьмі-інвалідамі, сын – станочнік дрэваапрацоўкі, умее працаваць і са шклом. За іх мне ніколі не было сорамна. А для маці – гэта самае галоўнае.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.