Як расказаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства ААТ “Першамайскі” Аляксандр Салаўёў, работы ўжо ў асноўным завершаны. Уся прапашная тэхніка да работы падрыхтавана.
Гэта, у першую чаргу, культыватары і раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. Неабходна давесці да ладу толькі дзве кукурузныя сеялкі. І хоць іх рамонт на дадзены момант не актуальны (у тым ліку і па той прычыне, што не так даўно тут набылі адну новую сучасную кукурузную сеялку, а яшчэ адну плануюць набыць на працягу года), работы павінны быць праведзены на ўсе сто працэнтаў.
Паралельна з гэтым у гаспадарцы ідзе і падрыхтоўка да тэхагляду. Пройдзе ён ужо ў гэтым месяцы. Таму і работы хапае. Найбольшая ўвага надаецца стану машынна-трактарнага парка. Рамонт тэхнікі выконваецца ў асноўным уласнымі сіламі. Традыцыйна кожны механізатар завіхаецца каля свайго трактара, каб той ні ў якім разе не падвёў свайго гаспадара ў гарачую пару.
У дапамогу ім і члены рамонтнай брыгады з ліку слесара Арцёма Абмёткі, токара Рыгора Жаўняровіча і зваршчыка Аляксандра Свірыда. Работы вядуцца планава, праблем з набыццём запасных частак не ўзнікае. Прыкладна ў канцы лютага – пачатку сакавіка павінен вярнуцца з рамонту, які вядуць спецыялісты “Мінскаблаграсэрвіса”, энерганасычаны трактар.
Так, клопатаў у сельскіх працаўнікоў хапае. Ад якасці праведзеных работ і іх своечасовасці ў многім залежыць, наколькі прадукцыйным выдасца год і ці не будуць перашкаджаць працы вымушаныя прастоі з-за няспраўнасці і паломкі тэхнікі. У “Першамайскім”, дарэчы, сёлета плануюць істотна абнавіць яе парк.
У сакавіку, напрыклад, сюды прыбудзе новы “МАЗ”, затым гаспадарка папоўніцца новай кукурузнай сеялкай, пасяўной сеялкай і збожжаўборачным камбайнам. Пры садзейнічанні старшыні райвыканкама Андрэя Сакалоўскага ў гаспадарку сёлета павінны паступіць да таго ж корманарыхтоўчы і зернеўборачны камбайны, а таксама яшчэ адзін энерганасычаны трактар. Такім чынам, справа застаецца толькі за стараннасцю і ўвішнасцю саміх рабочых. А працаваць на сумленне і дасягаць добрых вынікаў тут умеюць.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара