Юначыя мары збыліся. Але ажыццявіць іх давялося не адразу. Спачатку юнака чакала жорсткае выпрабаванне вайной. Ці ж магло падумацца тады, у 80-ыя, калі ў вялікім і магутным Савецкім Саюзе не было ніякіх нават намёкаў на міжнацыянальныя канфлікты або баявыя дзеянні, што дзесьці ідзе сапраўдная вайна і менавіта табе, савецкаму воіну, давядзецца ўдзельнічаць у ёй. І такой гарачай кропкай стаў Афганістан.
Ніхто не выбіраў месца службы ў арміі (а ў яе Сяргей быў прызваны ў 1986 годзе). Існаваў загад, у адпаведнасці з якім і размяркоўваўся далейшы лёс салдата: хтосьці абараняў Айчыну на радзіме, а некаторым выпаў лёс адстойваць яе інтарэсы за мяжой.
Сяргей – дужы і рослы юнак – пасля медкамісіі прызначаецца ў паветрана-дэсантныя войскі і трапляе ў далёкую ўзбекскую Фергану. Праз тры месяцы вучэбкі разам з іншымі неабстрэлянымі юнакамі яго закідваюць у Афганістан.
Новым месцам службы становіцца 66-ая дэсантна-штурмавая брыгада. Ужо сама назва сведчыць аб тым, якія функцыі даводзілася выконваць і наколькі складанай была служба. Тым больш у няпростых і непрывычных для беларуса ўмовах гор і клімату.
Размяшчалася брыгада на адным з перавалаў у правінцыі Пактыя, што недалёка ад граніцы з Пакістанам. У тых месцах праходзілі дарогі на Кабул, Джэлалабад, Газі, Гардэн… Задача дэсантнікаў заключалася ў ахове гэтых важных шляхоў, у суправаджэнні караванаў і калон тэхнікі, якую пастаянна імкнуліся знішчыць ворагі і часта ўступалі ў баявыя дзеянні.
Пораху панюхаць байцу Несцяровічу давялося не раз. Як і неаднойчы прымаць удзел у баях, выконваць сваю галоўную задачу стралка – страляць. Не ў паветра, а на паражэнне і знішчэнне праціўніка. Пра гэтыя эпізоды Сяргей Іванавіч не любіць узгадваць і сёння. Адно толькі дадае: “Іначай было нельга: вайна”.
Не раз і сам аказваўся пад шалёным агнём праціўніка і цудам заставаўся жывым. Як сведчанне гераізму і адвагі патрыёта, служыць атрыманы за тыя баі самы галоўны салдацкі, яшчэ з часоў Вялікай Айчыннай вайны, медаль “За адвагу”.
За сціплымі расказамі-успамінамі былога воіна-інтэрнацыяналіста адлюстроўваецца шмат падзей цэлай эпохі, да якой і яму давялося дакрануцца. Гэта і баявыя дзеянні ў далёкай краіне, і перыяд пачатку вываду савецкіх войск з Афганістана, і боль страты сяброў, і незвычайнае прывыканне да мірнага жыцця. Колькі ўсяго мінула, перш чым ужо ўзмужнеламу хлопцу нарэшце ўдалося вярнуцца да стваральнай працы.
Вярнуўся дамоў. Нейкі час працаваў у Васілеўшчыне, калі там размяшчалася падсобная гаспадарка Мінскага аўтазавода. Затым, больш за 30 гадоў таму назад, стаў механізатарам райсельгасхіміі.
Сёння, пасля рэфармавання арганізацыі, яна ўвайшла ў склад ААТ “Бярэ-зінскі райаграсэрвіс”. Сяргей Іванавіч з’яўляецца адзіным членам сельгаспрадпрыемства з ліку былых воінаў-інтэрнацыяналістаў і карыстаецца вялікім аўтарытэтам у калег па працы.
І не толькі за колішнія баявыя заслугі, а за таварыскі характар, веданне сваёй справы механізатара і слесара, чалавечнасць і адданасць справе – сельскай гаспадарцы – самай мірнай на зямлі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.