Праўда, не ўсе сельгаспрадпрыемствы ўнеслі ў гэтую справу свой важкі ўклад, аб чым сведчыць стракатасць дасягнутых вынікаў. Так, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе БРЖ вагаюцца ад 487 (у ААТ «Пагосцкі») да 805 грамаў (у ААТ «Здравушка-агра»), а сярэдні надой на карову – адпаведна ад 272 (зноў жа ў ААТ «Пагосцкі») да 707 кілаграмаў (у СУП «АграМАЗ»). Ёсць на чым засяродзіць увагу і да чаго імкнуцца.
За студзень гаспадаркі рэалізавалі 41154 цэнтнеры малака, што склала 116,4 працэнта да аналагічнага леташняга перыяду. Рэалізацыя сыравіны склала 90,9 працэнта ад атрыманага за гэты час і ўзрасла да мінулагодняга на 0,7 пункта. Таксама рэалізавана і 8599 цэнтнераў жывёлы (з іх 4749 цэнтнераў склала прадукцыя ЗАТ «Клявіца»), а гэта 119,2 працэнта. Дарэчы, пра «Клявіцу». Тут сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе выраслі на 81 грам і склалі 611 грамаў. А таксама выкананы і іншыя паказчыкі, у тым ліку па вытворчасці мяса і атрыманні прыплоду.
З плюсам па атрыманні прыплоду папрацавалі і іншыя сельгаспрадпрыемствы. Аднак прырост гэты аказаўся мізэрным і склаў толькі 9 галоў. І гэта пры тым, што колькасць пагалоўя БРЖ скарацілася аж на 1153 галавы (у тым ліку менш на 132 галавы стала кароў). Колькасць пагалоўя скарацілі больш як палова гаспадарак: ААТ «Уша», ААТ «Пагосцкі», ААТ «Багушэвічы», ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс», УП «Здравушка-агра» і сельгасфіліял «Арэшкавічы». У трох з іх – ААТ «Пагосцкі», ААТ «Уша» і ААТ «Багушэвічы» – зменшылася і колькасць дойнага пагалоўя.
Як бачым, за агульным станоўчым малюнкам крыюцца і істотныя недапрацоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў асобных сельгаспрадпрыемстваў, якія не дазваляюць у поўнай меры нарасціць патэнцыял жывёлагадоўчай галіны. А яна патрабуе не толькі планавай работы і строгага захавання тэхналогіі, а і дзейнасці на перспектыву, аснова якой закладваецца ўжо сёння. Хочацца, каб узяты тэмп росту паказчыкаў не абмежаваўся толькі студзенем.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.