Але ўсё ж мае іншае паходжанне: бацька родам з Расіі, а дакладней з Чувашыі, маці нарадзілася ў Кемерава, чым і тлумачыцца гэты факт. А вось радзімай бабулі была невялікая вёска Любач, што з часам і стала прычынай перасялення маладой сям’і ў наш рэгіён.
Дзмітрый – спецыяліст шырокага профілю. Садзейнічала набыццю розных прафесій цікавасць юнака да спасціжэння чагосьці новага, імкненне знайсці сябе і сваё годнае месца ў жыцці. Працоўны шлях пачынаў на роднай зямлі – у тагачасным саўгасе «Баравіно». Пасля службы ў арміі сарваўся з наседжанага месца і ў пошуках рамантыкі ўладкаваўся спачатку на бярэзінскі льнозавод. Затым была сталіца і работа на Мінскім маторным заводзе, пасля атрымання траўмы вока давялося ісці на будоўлю. У паслужным спісе мужчыны таксама значыцца і наш «Мадзікор». І ўсё ж, з цягам часу, сваё месца і прызначэнне мужчына знаходзіць у працы на ніве сельскай гаспадаркі. Ды і куды там бегаць? Тым больш, што гаспадарка выдзеліла дом, а ў сям’і падрастаюць трое дзетак – сын і дзве дачушкі.
Нягледзячы на тое, што Дзмітрый у ААТ «Першамайскі» не вельмі даўно, паспеў ужо паказаць сябе як чалавек адказны і працавіты. Сёння да яго трактара падчэплена бочка. Але выконвае механізатар і іншыя віды работ. Мінулым летам, напрыклад, і з прэсам упраўляўся, і кармы вазіў. Невялікі юркі МТЗ не стаіць без справы. І хаця трактару ўжо гадоў 10, ён рэдка калі падводзіць свайго гаспадара.
Аб службе ў арміі малодшы сяржант Шчарбанёў успамінае з цеплынёй. У радах Узброеных Сіл знаходзіўся паўтара года, у 2000-2001 гадах. Трапіў у бронетанкавыя войскі. Спачатку быў механікам-вадзіцелем БМП-2, а завяршаў службу ў якасці камандзіра аддзялення ў роце матэрыяльнага забеспячэння. Размяшчалася часць, можна сказаць, побач з домам – у Барысаве.
– Час службы прайшоў непрыкметна, бо заўсёды поўніўся справамі і кожны дзень быў насычаным, – узгадвае мужчына той час. – Не ведаю, як на каго, а асабіста на мяне армія паўплывала станоўча ў плане фарміравання асобы і характару. Канечне, ёсць тут і свае цяжкасці, перажыты стрэс, калі трапляеш у зусім нязвычныя для цябе ўмовы. Тым не менш, скажу адназначна: ісці ў армію варта. Дарэчы, усе тры мае браты ў свой час таксама праходзілі гэтую школу і ніводзін не скардзіўся на патрачаны час.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.