Галоўны бухгалтар, прафсаюзны лідар

Date 06.03.2025 Man
Comment 764
Галоўны бухгалтар, прафсаюзны лідар

Менш года таму назад, дакладней у красавіку, у дружны калектыў ААТ «Брадзец» улілася Крысціна Паддубская. Першапачаткова ўладкавалася спецыялістам па ахове працы, а з лістапада была пераведзена на пасаду галоўнага бухгалтара.

Крысціну Васільеўну не назавеш маладым спецыялістам, пра яе дакладней будзе сказаць «пачынаючы», бо закончыла яна сельскагаспадарчую акадэмію не сёння. За яе плячыма ўжо істотны працоўны стаж і вопыт работы ў якасці эканаміста ў ААТ «Бярэзінскі», а пасля яго далучэння – у ААТ «Пагосцкі». Яно і зразумела: сама яна мясцовая, пражывае ў Косаўцы ў прыватызаваным доме, гадуючы з мужам дваіх сыночкаў. Усё дагледжана ў руплівай гаспадыні – і сям’я, і дзеткі, і падворак, на якім з ранняй вясны да позняй восені пераліваюцца колерамі вясёлкі шматлікія кветкі. Ды і ў хлеўчуку няпуста. Тут рохкаюць два кабанчыкі.

– Безумоўна, займаць такую адказную пасаду зусім няпроста, – дзеліцца думкамі жанчына. – І хаця я і раней працавала з лічбамі, у новай спецыяльнасці ёсць шмат адрозненняў ад абавязкаў эканаміста. Паступова спасцігаю новую ролю. Ды і наша Наталля Аляксандраўна заўсёды прыходзіць на выручку, дапамагае ўнікнуць у самыя таямніцы справы.

Але гэта – не адзіны фронт работы Крысціны Паддубскай. Яшчэ будучы на ранейшым месцы работы, яна ўзначальвала пярвічную прафсаюзную арганізацыю «Пагосцкага». Аўтаматычна перабраўся гэты пост за жанчынай і ў «Брадзец». І Крысціна Васільеўна ніколькі не наракае на такую грамадскую нагрузку. У меру свайго жвавага характару і ўмення сыходзіцца з людзьмі, яна даволі хутка змагла праявіць сябе і як прафсаюзны лідар. Арганізоўвала экскурсійныя паездкі, адной з першых у раёне правяла сёлета акцыю «Наш жывёлавод»,
шмат надае ўвагі захоўванню тэхнікі бяспекі і ўмоў працы рабочых, імкнецца заўсёды быць патрэбнай людзям і ісці ім на дапамогу, а пры неабходнасці – і адстойваць іх правы.

– Кажуць, што за жыццё сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына, – усміхаецца мая суразмоўца. – А вось у жанчын галоўнымі трыма фактарамі іх станаўлення з’яўляюцца, на мой погляд, надзейны муж, годныя дзеці і любімая работа. А яшчэ надзейны сямейны тыл, які грунтуецца на цеплыні дамашняга ачага, а таксама адчуванне матулі, без чаго сям’я не будзе паўнацэннай. Усе гэтыя складальнікі ў мяне ёсць. Такім чынам, я магу сябе лічыць шчаслівай. А жанчынам напярэдадні свята жадаю здароўя – асабістага, блізкім і дзецям. Няхай ажыццяўляюцца вашы смелыя жаданні, няхай заўсёды будзе ў вас светлы веснавы настрой і здзяйсняецца ўсё тое, чаго кожны сабе жадае.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Крыніца:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

« Красавік 2026 »
Панядзелак Аўторак Cерада Чацвер Пятніца Субота Нядзеля
    1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30