Аднойчы, калі таго паганага чалавека не было дома недзе з месяц, бусел звіў гняздо на хаце. Прыехаў гаспадар, убачыў ды скалупнуў віламі гняздзечка. Буслы ж птахі крыўдлівыя. Паляцеў бусел, знайшоў гарачую галавешку, сцягнуў дзюбай недзе з непагаслага вогнішча, прынёс да разбуранага гнязда і кінуў на страху. Ухапілася полымя неўзабаве, агонь пагражаў распаўсюдзіцца на ўсю хату, а потым і на гаспадарчыя пабудовы. Карацей, пажарная пагроза ў трыдзясятым царстве. Дзе паратунку шукаць?
Была ж у таго дзядзькі ўнучка Маша, якая жыла ў горадзе – вялікім і сучасным. Прыехала яна ў вясковае царства ды ўбачыла бяду. Кінулася шукаць дапамогу. Дабегла да мора, якое папраўдзе было возерам, а на беразе стары дзед закідвае невад, залатую рыбінку выцягвае. Просіць Маша дапамогі, ды позна, залатая рыбка тры жаданні ўжо выканала, ліміт вычарпаны. Дабегла Маша да месца, дзе хвалі вынеслі на бераг бутэльку з джынам. Джыны ж таксама жаданні здзяйсняюць. Але і тут нічога не атрымалася. Джын па завядзёнцы прапанаваў узвесці палац, новае царства збудаваць, а старое – знішчыць. Але ж з такім варыянтам Маша не згодная. Навошта ёй новае царства, калі старое яшчэ не бяды было, каб не пажар. Дабегла Маша да дуба, высокага, галінастага. Веццямі дуб наваколле ахінае, верхавінай у неба ўпінаецца, аблокі падпірае. Па дубе ж па залатым ланцугу кот вучоны ходзіць. Той самы, які, калі рушыць налева, песні спявае на манер сіплага “ўяў”, а калі направа – казкі баіць. Параіў кот вучоны ў бусла прабачэння прасіць. Маўляў, а раптам бусел субожыцца, ды даруе.
Пабегла Маша ў поле, на якім бусел паважна хадзіў зад-уперад, ды пры выпадку жаб каўтаў. Папрасіла Маша прабачэння за родзіча свайго недарэчнага, маўляў, стары – што малы, сам не ведае, што робіць, даруй яму ўжо, га? Бусел жа настолькі крыўдлівым быў, наколькі і адыходлівым. Эмацыянальная істота. Злітаваўся птах, скок у паветра, ды паляцеў да сябровак-хмарак, расказаў ім пра здарэнне ды пра бяду ў тры-дзясятым царстве. Хмаркі ж у сваю чаргу так расчуліліся, што не вытрымалі і сталі плакаць літаральна наўзрыд. І выплакаліся моцным дажджом, які абрынуўся ўніз на палаючую хату.
Праўда, да таго моманту ўжо выратавальнікі паспелі, развярнулі свае сістэмы, лакалізавалі ўзгаранне, аблілі добра дах і сцены.
Вось што ў выніку можа здарыцца, калі ты сквапны, за бяспеку не рупішся, прыроду не шануеш і птушак не любіш.
А Маша ж потым сябравала з буслікам і нават аднойчы вылечыла яму пашкоджаную нагу.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.