– Я нарадзілася ў вёсцы Бабінка, – распавядае Ядзвіга Паўлаўна. – Мой бацька працаваў у калгасе не толькі на сельскагаспадарчых, але і лясных работах. Мама адказвала за нарыхтоўку і апрацоўку грыбоў і ягад. А зімой шыла і прала адзенне на продаж. У нашай сям'і было пяцёра дзяцей. Дарэчы, адной з маіх сясцёр сёння 86, другой – 93 гады.
Памятаю і вайну. Як мы ўцякалі з мамай ад немцаў праз жытняе поле. Жахі бамбёжак. Жорсткасць паліцаяў, якія ледзь не спалілі вёску. Бацька дапамагаў партызанам, мама пякла для іх хлеб. Шмат нашых суседзяў не вярнулася з вайны.
– Пасля 5 класаў я пачала працаваць поварам, – узгадвае Ядзвіга Багрыцэвіч. – Гатавала і для работнікаў «Чэрвеньскага леспрамгаса», і для механізатараў калгаса «Першамайскі».
Неўзабаве выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок. Але муж Генадзь, з якім мы жылі ў вёсцы Сасновае Балота, рана памёр. Прыйшлося пераехаць да бацькоў, якія ў той час жылі ў Дубраўцы.
Вядома, за жыццё даводзілася шмат працаваць. Нароўні з мужчынамі я складала ў стагі сена. Секла салому. Завіхалася на свінаферме.
Акрамя таго, трымала сваю гаспадарку. Амаль усе справы мы рабілі з песнямі. Разам святкавалі вяселлі, нараджэнні дзяцей.
Тут, у Дубраўцы, выйшла замуж зноў. Нарадзіла яшчэ трох сыноў. Хлопцы таксама прывыкалі да працы. Я сачыла, каб яны былі паслухмяныя, не рабілі шкоды. Цешуся, што ім у свой час выдавалі ганаровыя граматы за вучобу ў школе.
– Сёння ў мяне чатырнаццаць унукаў, дваццаць праўнукаў і нават ёсць прапраўнук, – усміхаецца юбілярка. – Усёй вялікай сям’ёй адзначылі маё дзевяностагоддзе. Але і ў будні да мяне часта хтосьці прыязджае, каб дапамагчы. Ведаеце, мусіць ад таго, што я ўсё жыццё цяжка працавала ды ставілася да жыцця з аптымізмам, нягледзячы на ўзрост, адчуваю сябе добра.
Цяпер у нашай вёсцы зімой, калі дачнікі ад’язджаюць, застаецца толькі тры чалавекі. Не засумаваць мне дапамагае «Бярэзінская панарама», якую я выпісваю з 1959 года. Падабаюцца і афіцыйныя навіны, і артыкулы пра землякоў, і рэпартажы пра разнастайныя падзеі. Наша раённая газета для мяне – самая лепшая крыніца інфармацыі.
Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.